У пісьмовых крыніцах вёска Бобрык датуецца XVI стагоддзем. Некалі тут быў маёнтак Яленскіх. Нашчадкі шляхты дажылі і да сучасных часоў. Як аказалася, у вёсцы нават ёсць асобныя могілкі, дзе хавалі памерлых шляхцічаў.

Ужо ў савецкія часы тут быў свой сельскі Савет, вялікі свінагадоўчы комплекс, клуб, ФАП, магазін, школа. Цяпер на пустых вуліцах рэдка сустрэнеш чалавека, хіба што калі спяшаецца да аўтамагазіна. Праўда, забылася пра работнікаў мясцовага лясніцтва, але і яны большую частку сутак праводзяць у лесе.

Адзіным сведкам, які бачыў тут развіццё і заняпад вёскі, з’яўляецца дуб, які, са слоў жыхароў, пражыў не адно стагоддзе. Каля яго, дарэчы, і сёння збіраюцца вяскоўцы на шматлікія святы. Побач усталявалі сімвалічны крыж, а на дубе прымайстравалі таблічку, якая кране кожнага наведвальніка: “Памятайце! Мы тут нарадзіліся, раслі, жылі і кахалі!”.

IMG_2693

Сапраўды, колькі ўжо на Петрыкаўшчыне ды і ўвогуле па краіне такіх вёсак, ад якіх застаецца толькі гісторыя. Гатовы яшчэ падзяліцца ўспамінамі карэнныя жыхары, дзякуй ім за гэта. За гэтымі ўспамінамі мы і едзем да іх.

На  гэты раз пабывалі ў гасцях у цудоўнай жанчыны Валянціны Дудко. Яна адзіная засталася жыць на так званым хутары. І да яе сядзібы праводзіла нас стараста вёскі Таццяна Бакун.

Залівістым брэхам сустрэла ў двары гаспадыні лайка Дора, але тут жа замахала хвастом. У вялікай прасторнай драўлянай хаце мы і засталі Валянціну Тарасаўну. У свае 76 гадоў яна ўжо нікуды далёка не ходзіць. А тут яшчэ снегу намяло. Дзякуе сацыяльнаму работніку Лідзіі Грышынай, якая зранку наведалася, сцежку  прачысціла, дроў прынесла. Што датычыць прадуктаў харчавання, то іх у гаспадыні заўсёды ўдосталь: клапатлівыя дзеці наведваюцца кожныя выхадныя і прывозяць прысмакі, паўфабрыкаты.

Такі клопат жанчына заслужыла, бо на свет нарадзіла пяцёх дзяцей, мае ордэн Маці.

IMG_2654_1

– Гэта я сюды на хутар замуж пайшла за свайго прыгажуна Мішу, – распавяла Валянціна Тарасаўна. – Мы з бацькамі жылі бедна, нас, дзяцей, было шасцёра. Але бацькі мае пражылі ў каханні і згодзе, на іх можна было любому раўняцца.

Міша ж служыў у арміі, наведаўся ў вёску на пабыўку, так і пазнаёміліся. Служыў ён у Германіі і планаваў застацца на звыштэрміновую службу. Я ўжо марыла, што паеду да яго ў Германію, нават новы плашч купіла. Але ён не спатрэбіўся: Міша вярнуўся дадому.

Ён быў адзіным дзіцям у сям’і. Сюды заўсёды цягнула. Нават калі мы чатыры гады жылі ўжо сваёй сям’ёй у Крыме, ён імкнуўся ў родную вёску, сумаваў па паляванні.

У 1962 годзе нарадзіўся першынец Мікалай. Ён жыве ў сталіцы, ужо на заслужаным адпачынку. Працаваў на вытворчасці ў ліцейным цэху.

Дачка Наталля ў Жлобіне, працуе на мэблевай фабрыцы, хутка пойдзе на пенсію. У Жлобіне таксама Валодзя і самы малодшы Дзіма. Яны заняты на металургічным заводзе. Саша пражывае ў Стоўбцах.

У мяне ўжо дзесяць унукаў і сем праўнукаў. У гэтай хаце, дарэчы, яшчэ калыхала Наташынага сына, майго ўнука Толіка. А мне пашэнціла. Дзяцей маіх дапамагала выхоўваць свякруха, Марыля Дудко. Яна як раз была са шляхетнага роду.

Муж мой Міхаіл Аляксандравіч трагічна загінуў у 1994 годзе: вяртаўся з фермы, дзе працаваў вартаўніком, і яго моцна пабіў бык. У бальніцу яшчэ завезлі жывога, але я бачыла, што ён такія траўмы не вынясе. Моцна паламала рэбры жывёліна.

Малодшаму нашаму Дзіму было тады 14 гадоў. І ўсё ж добрыя сыны мае выраслі, усе адслужылі ў арміі. А да службы працавалі трактарыстамі ў саўгасе. Былі і да сёння застаюцца добрымі памочнікамі мне.

Свякруха пасля смерці Мішы неяк з рэўнасцю назірала за мной, хвалявалася, каб я не сышлася з кім. Але як муж памёр, то ніводны чорт у шыбку не пагрукаў. Марыля пражыла пасля смерці сына яшчэ чатыры гады.

Жыццё было ў мяне такое, што не было часу гуляць. Працавала свінаркай на комплексе. Маю працоўны стаж  33 гады і адзнаку “Ветэран працы”.

Прызнаюся, што мая работа дазволіла і хату пабудаваць, і дзяцей у свет вывесці. Прыплоду і прываг было столькі, што не злічыць. Адпаведна і заработак быў дастойны. Ды і людзі з душой адносіліся да сваёй працы.

Вось выпала свінні парасіцца зімовай ноччу. Гляджу, амаль нежывыя тыя парсючкі. Хапаю іх і цягну дадому, на печ кладу. Да раніцы ўжо ачунялі, пачалі рохкаць.

Мы з Надзеяй Лаворчык даглядалі маленькіх, выпойвалі іх малаком. А вось на дарошчванні вялікіх парсюкоў працавала Параска Лаворчык. Аляксандр Карнейчык варыў бульбу. Яе абвальвалі мукой і кармілі дарослых свіней.

Акрамя работы і выхавання дзяцей хапала і грамадскай работы. Я была дэпутатам сельскага і раённага саветаў дэпутатаў. Так вось жыццё і мінула: у клопатах і працы. Выпадала, праўда, што ў былы клуб на канцэрты хадзіла, любіла і патанчыць. Цяпер у вёсцы ніякіх радасцяў. Новы год адзначу дома, а раніцай пайду да дуба. Ён расце насупраць селішча маіх бацькоў. Там абавязкова аднавяскоўцы збяруцца, вып’ем традыцыйна па сто грамаў.

Здароўя Вам, паважаная Валянціна Тарасаўна, добрага святочнага настрою і доўгіх гадоў жыцця!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о