Вось і прыйшла тая залатая пара для Ганны Кахновіч, калі раніцай, не спяшаючыся, можна напячы смачных аладак ды пачаставаць любімых унукаў Максіма і Мікіту.

 Дарэчы, калі мы наведаліся да Ганны Уладзіміраўны, то Мікіта быў з ёю дома. Крыху прыхварэў, таму ў школу не пайшоў.

– Гэта мой памочнік, – пачала хваліць унука Ганна Уладзіміраўна. – Ён і посуд памые, і ў хаце прыбярэ. Разам бульбу капаем. І Мікіта, і старэйшы Максім нарадзіліся тут, у гэтай хаце. А калі дачка Вольга разышлася з мужам, то і перабраліся да мяне жыць.

Максім не вельмі ахвочы да вядзення гаспадаркі. А вось у школе ён добры спартсмен. Навучаецца ў сёмым класе. Заўсёды на шматлікіх спартакіядах Максім Санец прыносіць школе перамогі і ўзнагароды. Я ганаруся ім.

Вольга мая працуе ў Капцэвічах памочнікам выхавальніка ў садку.

1

У Надзі дачушкі яшчэ маленькія: Лізе – пяць гадкоў, Каці – тры. Яна жыве далёка, у Скідалі. Пайшла па нашых, бацькоўскіх, слядах – стала лесаводам. Працуе ў лясгасе на пасадзе інжынера-лесапатолага.

Мы з мужам Міхаілам (светлая яму памяць) родам з Піншчыны. Жылі за тры кіламетры ў суседніх вёсках, разам адну школу наведвалі.

Калі Мішу пасля заканчэння ляснога тэхнікума накіравалі на Петрыкаўшчыну, то я паехала за ім. Ён працаваў на мехустаноўцы. Каб на работу было бліжэй хадзіць, то і хату пабудаваў па другі бок дарогі. На гэтым участку зямлі раней векавыя сосны раслі, усё карыснае з зямлі выцягнулі, так што зямля тут неўрадлівая.

Прыехала за мужам у Капцэвічы і паспела толькі скончыць вучылішча повараў. Працавала тут у сталовай,  прадаўцом у магазіне. Затым запрасілі майстрам на вытворчасць па вырабе хвойнай мукі. А пазней пайшла на адгрузку вагонаў.

У лясной галіне адпрацавала 33 гады. Агульны працоўны стаж – больш за 40 гадоў.

Не паспелі мы з мужам пабудаваць хату, як праз год здарыўся пажар, павыгарала ўнутры ўсё. Давялося наноў аднаўляць сядзібу.

Затым прыйшла другая бяда – ад цяжкай хваробы памёр муж. Засталася з дзвюма дочкамі на чужыне. Працавала, не адчуваючы стомы, бо не было калі прыслухоўвацца да гэтага. Дзякуй Богу, сама выхавала дочак, вывучыла. Вяселлі тут згулялі, потым і ўнукі пайшлі. Шчыра кажучы, не было часу пажыць для сябе. Што датычыць асабістага жыцця, то пасля смерці мужа кавалераў хапала, а вось жыццё сумеснае ўладкаваць не адважылася.

Участак пагрузкі вагонаў і вытворчасці дранкі вельмі складаны. Апошнія месяцы мы адгружалі па 350-400 вагонаў лесапрадукцыі. Дранку накіроўвалі на экспарт, у Польшчу.

Колькі памятаю, то дзень мой пачынаўся ў 5 гадзін раніцы. Гатавала сняданак, прыходзіла машына, і ехала на працу. Гэта такі ўчастак, што пакуль усе вагоны не адправіш, дадому не вернешся. Не было такога, што восем гадзін адпрацую і магу ехаць. Выпадала, што і да 2 ночы затрымлівалася, і да 5 раніцы. І чарговага адпачынку не было, брала кампенсацыю, бо грошы былі заўсёды патрэбны.

І вось 11 лютага мне споўніўся 61 год. Я б і далей працавала, але здароўе стала падводзіць: пазваночнік баліць, рука нямее.

Але хутка вясна, перац вунь павыторкваўся, падрастае расада. Значыць, зноў будзе работа ў агародзе.

Сапраўды, Ганна Кахновіч належыць да тых жанчын-працаўніц, на кім вытворчасць трымаецца, да каго дзеці і ўнукі ў любы момант могуць звярнуцца за дапамогай, з кім суседзі і сябры раяцца! Са святам Вас, паважаная Ганна Уладзіміраўна! Добрага здароўя, шчасця і прыемных сюрпрызаў!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о