Колькі ў свеце было і існуе мужчын, столькі і меркаванняў яны выказалі пра нас, жанчын. Амерыканскі пісьменнік Вашынгтан Ірвінг сказаў так: “Жыццё жанчыны – гэта бясконцая гісторыя захапленняў”. Сапраўднай скарбонкай захапленняў можа пахваліцца Наталля Стракач, вясковы бібліятэкар аграгарадка Бабунічы, з якой я мела магчымасць пазнаёміцца.

Наталля Мікітаўна нарадзілася і жыла ў курортным Сімферопалі. Скончыла “з адзнакай” ялцінскае педагагічнае вучылішча і па размеркаванні паехала ў Севастопаль на адпрацоўку выхавальнікам. Напэўна, зоркі сышліся так, што менавіта там яна закахалася ў маладога марака, які праходзіў тэрміновую службу. А хлопец той, Аркадзь Стракач, аказаўся з далёкай беларускай вёсачкі  Аголічы, што на Петрыкаўшчыне. Не думала не гадала дзяўчына, што каханне будзе такім моцным і пацягне яе на чужыну.

1

У “чорны” для Беларусі 1986 год маладая сям’я пераехала ў Аголічы. Наталля Мікітаўна паспрабавала сябе ў розных прафесіях: была сакратаром-машыністкай на былым заводзе “Авангард”, загадвала дзіцячым садком у Бабунічах, 18 гадоў адпрацавала ў галіне гандлю: спачатку ў Барычаве ў магазіне, затым у Бабунічах – у кафетэрыі і магазіне прамысловых тавараў.

Вось ужо другі год жанчына працуе ў бібліятэцы. За такі кароткі час Наталля Мікітаўна максімальна праявіла свае творчыя здольнасці, за што была ўшанавана сёлета прымаць удзел у раённым злёце перадавікоў. Больш таго, за добрасумленную працу, плённую сацыяльна-культурную дзейнасць і фарміраванне станоўчага іміджу бібліятэк, захаванне і адраджэнне нацыянальнай беларускай культуры, актыўны ўдзел у грамадска-культурных мерапрыемствах Наталля Мікітаўна атрымала Дыплом і грашовую прэмію. А назва бібліятэкі будзе змешчана на раённай Дошцы Гонару.

Пры сустрэчы Наталля Стракач пазнаёміла нас толькі з часткай сваёй фундаментальнай працы. Каб падрыхтаваць мерапрыемства да значнай падзеі ці даты, Наталля Мікітаўна знайшла сваё бачанне гэтай работы. Так, за мінулы год бібліятэкар падрыхтавала 10 відэапрэзентацый. “Свежыя” прадэманстравала нам з правядзення “Масленіцы” і мерапрыемства да Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Дарэчы, у Бабунічах пражываюць Аляксандр Бардыга, Анатоль Ляшук і Сяргей Дубік – мужчыны, якія служылі ў “гарачым” Афганістане, цудам засталіся жывымі і вярнуліся дадому. Наталля Мікітаўна ўзяла ў кожнага з іх інтэрв’ю, апытала і састарэлую ўжо маці аднаго з іх. Аздобіла гэта гістарычнымі звесткамі і песнямі пра тую вайну. Атрымалася вельмі пазнавальна. Гэтая прэзентацыя атрымала добрую адзнаку кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Цікавая леташняя прэзентацыя атрымалася і з нагоды Дня Маці. Наталля Мікітаўна вельмі нагадала мне тэлевядучую перадачы накшталт “Пакуль усе дома”. Яна наведалася ў шматдзетныя сем’і, дзе дзеці віншавалі сваіх матуль выкананнем песень, вершаў. Атрымалася надзвычай цікава. Гэта своеасаблівы відэалетапіс.

Ёсць у бібліятэцы летапіс вёскі ў выглядзе альбома, дзе змешчаны фотаздымкі, артыкулы з “раёнкі”, іншыя фотаматэрыялы пра людзей і падзеі вёсак Бабуніцкага сельсавета. Пачынальнікам летапісу быў Васіль Гавінскі, былы дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку   аг. Бабунічы. Унесла ў яго свой уклад і былы бібліятэкар Вольга Найдзен. Цяпер працягвае справу Наталля Стракач. Ёсць у яе і такая старонка, як “Госці бібліятэкі”, куды, дарэчы, трапілі і мы. Ёсць тут і міні-музей старажытных прадметаў побыту “Дзякуй скажам даўніне”.

У Наталлі Мікітаўны сапраўды шмат талентаў. Бібліятэкар ператварыла ў жыццё арыгінальную ідэю віншавання жанчын да свята 8 сакавіка. Яна рабіла наведвальніцам па чарзе манікюр і масаж рук, пакуль тыя адпачывалі ў бібліятэцы і гарталі навінкі мастацкай літаратуры. Такое віншаванне вельмі парадавала вясковых жанчын.

Як паведаміла Наталля Мікітаўна, у яе 400 чытачоў. Бібліятэчны фонд даволі багаты: складаецца з шасці тысяч экземпляраў кніг і часопісаў. Раз на месяц яна выязджае ў Сотнічы, куды дастаўляе вяскоўцам па заказе літаратуру.

Вельмі любіць рабіць Наталля Мікітаўна святы для дзяцей. Арыгінальна яны адсвяткавалі “Масленіцу”, “Валянцінаў дзень”. Цацачную пастаноўку жанчына падрыхтавала для іх да тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Заўсёды прыцягвае малых наведвальнікаў  мерапрыемствамі і выставамі да юбілеяў кніг дзіцячых аўтараў. У бібліятэку жанчына прынесла для дзяцей шашкі, каб яны прыходзілі не толькі за кнігамі, але маглі пагуляць у інтэлектуальныя гульні. Унук перадаў ёй цацкі, бо сам вырас і больш не цікавіцца імі, а малодшая сястрычка гуляць у іх не будзе. Тут салдацікі, танчыкі, сапраўдны бінокль. Усё гэта цікава дзецям.

Добрымі словамі адгукаецца жанчына і пра сваіх дзяцей, унукаў. Дачка Марына таксама творчы чалавек. Пасля заканчэння каледжу мастацтваў набыла спецыяльнасць харэографа. Пазней атрымала вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. Працуе ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. На конкурсе танцаў летась у вобласці заняла з выхаванцамі  другое месца, сёлета – трэцяе. Перавагу надае народным танцам.

Сын Аляксандр пасля каледжу працуе на “Гомсельмашы”. Для маці набыў лічбавы фотаапарат, з дапамогай якога Наталля Мікітаўна стварае ўсё тое, пра што гаварылася вышэй. Больш таго, усю сваю праведзеную работу жанчына адлюстроўвае на старонках раённай газеты. Яна даўно стала нашым пазаштатным аўтарам.

Няма калі сумаваць жанчыне. І чужой тут яна ніколі сябе не адчувала. Апошні раз была з дачкой і ўнукам у Сімферопалі да пачатку ваеннага канфлікту ва Украіне. Бацькі памерлі ўжо, толькі старэйшы брат там пражывае. Лічыць, што і ў глыбінцы кожны чалавек здольны праявіць сябе, знайсці нешта арыгінальнае і па душы.

Хочацца пажадаць Наталлі Мікітаўне заставацца такой ініцыятыўнай, няўрымслівай, арыгінальнай жанчынай, якая нясе ў наша жыццё шмат яркіх фарбаў і пазітыўных эмоцый. Дзякуй Вам за гэта!

Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о