Снежаньская ноч перад праваслаўным святам свяціцеля Мікалая Цудатворцы прынесла гурбы снегу. Хоць нямала клопатаў тое прынесла дарожнікам і камунальнікам, але ж і настрою людзям дадало.

Цяжкавата цяпер пракладваць дарогі і сцежкі да малых населеных пунктаў вадзіцелям аўтамагазінаў. Менавіта таму, бывае, і затрымліваюцца ў шляху. А вяскоўцам, зразумела, даводзіцца чакаць.

Памяшканні былых магазінаў у маленькіх вёсках даўно закінутыя, а недзе і ўвогуле знесены. Некалі людзі збіраліся ў іх не толькі для пакупкі бохана хлеба ды селядца,  але і для абмену навінамі.

IMG_2649_1

Прыемна, што жыхары Маладзёжнай вуліцы вёскі Міхедавічы зараней паклапаціліся пра свой камфорт у чаканні аўталавак. Большым ініцыятарам у стварэнні гэтага камфорту стала дэпутат Бабуніцкага сельсавета, жыхарка Міхедавіч Людміла Радзівонава. Яшчэ ўвесну Людміла Уладзіміраўна на пасяджэнні чарговай сесіі Бабуніцкага сельсавета паставіла пытанне пра ўзвядзенне павільёна для чакання аўтамагазіна. Прыслухаўся да яе старшыня сельвыканкама Сяргей Харланаў і звярнуўся да міхедавіцкага прадпрымальніка з просьбай аказаць падтрымку аднавяскоўцам.

Аляксандр Ганцэвіч патрэбу зразумеў і выдзеліў патрэбную колькасць піламатэрыялаў для будаўніцтва альтанкі. Знайшліся цвікі, ды і шыфер з былых разабраных лядашчых будынкаў таксама спатрэбіўся. Наступным этапам было сабраць майстравітых людзей, хто здолеў бы ўзвесці ладную пабудову. Такія ў вёсцы ёсць. Людміла Уладзіміраўна зразумела, што не адмовіць у гэтай справе яе кум Уладзімір Ганцэвіч. Ён, дарэчы, і стаў прарабам. Ды на ўласным станку дома апрацоўваў дошкі. Добрай “спадарожніцай” стала і ягоная бензапіла. З мужчын далучыўся да будаўніцтва аднавясковец Міхаіл Некрашэвіч. Не засталіся ў баку і жанчыны. Першым майстрам-будаўніком стала сама Людміла Радзівонава.

Жанчыны ў вёсцы заўсёды працавітыя, таму забіваць цвікі ці яшчэ якую работу рабіць – не складае для іх праблем. Добрымі памочніцамі для Людмілы Уладзіміраўны сталі Валянціна Бардыга і Ніна Кніга. Да Пакрова альтанка была змайстравана. Ды і добрая ж атрымалася пабудова! Цяпер вяскоўцы нахвальваюць і выказваюць удзячнасць усім, хто быў заняты на будаўніцтве.

Сяргей Сачыўка
Сяргей Сачыўка

IMG_2652_1
Лідзія Панцюк

Адзначу, што міхедаўцы дружна выходзяць і на санітарныя дні: убіраюць могілкі, даглядаюць цэнтральныя вуліцы. Летась дапамаглі Марыі Станкевіч. Яе сядзіба апынулася ў палоне зараснікаў, якія папаўзлі з суседняга домаўладання. Перажывала жанчына, што ў спякотныя дні любая іскра прывядзе да трагедыі. Цяпер усё высечана і добраўпарадкавана.

Давер Людміле Радзівонавай  выбаршчыкі аказалі ўжо двойчы, абраўшы яе дэпутатам мясцовага сельсавета. Сама яна з Віцебшчыны: у свой час вучылася там на агранома разам з міхедавіцкім хлопцам Анатолем Радзівонавым. Анатоль Фёдаравіч і прывёз сваю выбранніцу на Петрыкаўшчыну. Нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей, маюць унукаў. Муж Людмілы Уладзіміраўны цяпер загадвае ў Міхедавічах фермай. А яна сама і на запраўцы, і ў сталовай калгаснай некалі працавала. Цяпер вось у клубе прыбіральшчыцай. Актыўная, працавітая жанчына, прыемны, гаваркі чалавек. Такім людзям хочацца заўсёды дзякаваць за тое, што акрамя ініцыятывы справу даводзяць да завяршэння.

Аўталаўка ходзіць у Міхедавічы тройчы на тыдзень: панядзелак, серада, пятніца. Час работы тут – з 10.20 да 10.50. Мы таксама дачакаліся прыезду аўтамагазіна. Пазнаёміліся з вадзіцелем і прадаўцом.

Сяргей Сачыўка ў аўтабазе райспажыўтаварыста працуе з 1992 года. Спачатку хлеб развозіў, цяпер на аўтамагазіне. Дзесяць гадоў на адным аўтамабіле, які прымаў новым. Некалі вадзіцелем аўтабазы быў і яго бацька.

Асартымент тавараў у аўталаўцы разнастайны. Не дзіва, што гэты аўтамагазін  ідзе другім па тавараабароце пасля лідара Георгія Содэля. Прадавец Лідзія Панцюк, якая працуе разам з Сяргеем Станіслававічам, пахвалілася, што за лістапад прадалі тавараў на 14 тысяч рублёў. Прыпынкаў у іх шмат: Міхедавічы, Бобрыкі, Фаставічы, Боркі, Праходы, Старыя Галоўчыцы, Грабнікі, Філіпавічы. У некаторых вёсках па два прыпынкі прадугледжаны. Дадому вяртаюцца а восьмай гадзіне вечара.

Развітваючыся, пажадалі вяскоўцам і работнікам аўтамагазіна поспеху і добрага перадсвяточнага настрою.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о