Мінулы год першаснай прафсаюзнай арганізацыі Капаткевіцкай сярэдняй школы прынёс значныя перамогі. Яна заняла ІІ месца ў І этапе рэспубліканскага конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на лепшую работу першасных прафсаюзных арганізацый сярод працоўных калектываў раёна, першае месца ў раённай спартакіядзе работнікаў адукацыі. Арганізацыя занесена на Дошку гонару аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі.

Жыццё школы напоўнена мноствам мерапрыемстваў, якія згуртоўваюць калектыў для сумеснага адпачынку ці карысных спраў. Пра гэта расказвае і сайт школы, дзе раздзел “прафсаюзнае жыццё” мільгаціць мноствам фотасправаздач.

Многа гадоў запар склад арганізацыі амаль не мяняецца, бо калектыў школы стабільны. І хаця сярэдні ўзрост працаўнікоў 45-50 гадоў, усе лёгкія на пад’ём.

1

Старшыня першаснай арганізацыі Святлана Дземідзенка займае пасаду другі год. Створаныя дзесяцігоддзямі традыцыі і напрацоўкі да яе ашчадна зберагалі і памнажалі папярэднікі Ірына Герасіменка, Наталля Мельнікава і іншыя. Кожны ўносіў нешта новае, цікавае, тое, што гуртуе, дапамагае ісці наперад.

Адным з галоўных накірункаў працы прафарганізацыі Святлана Яўгенаўна называе тое, што бачна ўсім і прыносіць людзям радасць і задавальненне. Гэта адпачынак і святы. У Новы год, 8 Сакавіка ці Дзень абаронцаў Айчыны абавязковымі бываюць сюрпрызы-прадстаўленні. Ярка праходзяць святы для юбіляраў – з капуснікамі, міні-прадстаўленнямі. У мінулым годзе да 95-годдзя прафсаюзнай арганізацыі была праведзена школьная спартакіяда. У некаторых камандных відах спорту да членаў прафсаюза далучыліся і школьнікі. Ідэя мерапрыемства так спадабалася, што было вырашана праводзіць яго штогод напярэдадні раённай спартакіяды.

– У настаўніцкай размешчаны “Прафсаюзны куток”, – праводзіць экскурсію па школе Святлана Дземідзенка. – Тут знаходзіцца ўся асноўная інфармацыя. Для кожнага работніка важна, каб любыя дзеянні адміністрацыі, рашэнні былі празрыстымі і зразумелымі. Тады не ўзнікае непаразумення, спрэчных пытанняў. Вынікі работы школы – агульная задача і агульнае дасягненне кожнага члена калектыву. Таму з нагоды Дня настаўніка ды і проста па выніках працы мы абавязкова выказваем удзячнасць і тэхнічнаму персаналу, адзначаем заслугі, падтрымліваем матэрыяльна.

Капаткевіцкая прафсаюзная арганізацыя была прызнана лепшай у раёне і па арганізацыі аховы працы. Сур’ёзны кантроль гэтага пытання дазваляе штогод паляпшаць умовы працы для педагогаў і тэхнічных работнікаў. Ужо абсталяваны пакоі адпачынку, дзе можна адпачыць на мяккай канапе, разагрэць ежу ў мікрахвалевай печы, заварыць чай. Ёсць кабінет па ахове працы.

Кожную чвэрць Святлана Дземідзенка праводзіць сход з тэхперсаналам, дзе абмяркоўваюцца ўмовы працы, падводзяцца вынікі рэйдаў па праверцы санітарнага стану памяшканняў і тэрыторыі школы.

Інспектар па ахове працы Таццяна Ціпко і старшыня пярвічкі рэгулярна вядуць кантроль за асвятленнем памяшканняў, наяўнасцю сродкаў пажаратушэння і аптэчак, рамонтам вентыляцыі і тратуараў, забеспячэннем спецаддзенем, водна-пітным рэжымам і многім, з чаго складаюцца бяспечныя ўмовы працы.

З 2014 года пасля правядзення атэстацыі працоўных месцаў тром работнікам школы  робяцца кампенсацыйныя выплаты за шкодныя ўмовы працы.

У калектыўным дагаворы ёсць абавязковы раздзел “Ахова працы”, дзе і прапісаны ўсе асноўныя патрабаванні.

У працяг тэмы калектыўнага дагавору Святлана Яўгенаўна расказала, што летась прымаўся новы дапоўнены дакумент. Цяпер у ім маецца раздзел, дзе пазначана аказанне матэрыяльнай дапамогі ў памеры 4 базавых велічынь шматдзетным сем’ям да 1 верасня, і матулям, якія самастойна выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, незалежна ад таго, маці-адзіночка яна ці разведзена, – 2 базавыя велічыні. Павялічылася і колькасць “базавых” на аказанне матэрыяльнай дапамогі.

– У нас ёсць 32 педагогі-ветэраны, з якімі мы пастаянна падтрымліваем сувязь, – дапаўняе інфармацыю прафсаюзнага лідара дырэктар школы Наталля Камнацкая. – Амаль палова іх – пастаянныя нашы госці. Дзень настаўніка, святы першага і апошняга званка яны абавязкова праводзяць з намі. Многа гадоў наш ветэран Галіна Вабішчэвіч была ў тым ліку і старшынёй пярвічкі. І цяпер яна наш самы часты госць, нават удзельнічае ў складзе каманды ў раённай спартакіядзе.

1513883767643_706

Не прамінула дырэктар адзначыць, што палова педагагічнага калектыву – гэта выпускнікі іх школы. Гэта таксама важна для згуртаванасці. Ганарацца яны і сваімі працоўнымі дынастыямі – Ніны Васільеўны Пінчук, Ірыны Мікалаеўны Шаўчук, Ніны Мікалаеўны Якаўлевай, Галіны Мікалаеўны Радзівонавай, Наталлі Яўгенаўны Каліцька.

Пад пільную ўвагу ў калектыве трапляюць і маладыя спецыялісты. Сёлета прыйшоў толькі адзін педагог. Як і склалася гадамі, за ім замацаваны настаўнік. На пастаяннай сувязі з маладым педагогам сама старшыня пярвічкі. Дзеянне калектыўнага дагавору распаўсюджваецца і на маладога члена калектыву. Уласна адміністрацыя знаходзіць для яго здымнае жыллё, выдаткоўваюцца дзве базавыя велічыні для яго аплаты. А гэта, па мерках Капаткевічаў, амаль поўная сума.

– На жаль, апошнім часам сталі менш выязджаць у экскурсійныя паездкі, – пазначае Святлана Дземідзенка. – За апошнія некалькі гадоў былі ў Адэсе, Кіеве, Мінску, Нясвіжы. Хутка плануем разам з навучэнцамі і іх бацькамі сабраць групу на Лінію Сталіна. Разумеем, што на працы мы праводзім вельмі многа часу. У тым ліку сумесны адпачынак і грамадская праца дапамагаюць нам адчуваць сябе камфортна потым у час працы, сярод калег. Напрыклад, летась работнікі школы працавалі на пасадцы лесу. Зарабілі амаль тысячу рублёў і купілі посуд для школьнай сталовай. Агульныя справы аб’ядноўваюць. І хто, як не прафсаюзная арганізацыя, за гэта нясе адказнасць.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о