Свой аповед пачну з таго, як чалавек з самага ранняга ўзросту ўлюбіўся ў спорт і як не развітваецца з ім на працягу ўсяго жыцця. Гэта не спорт вышэйшых дасягненняў, высокіх званняў еўрапейскага ці сусветнага ўзроўню. Гэта спорт для сябе, за сваю школу, арганізацыю, рэгіён.

Здаровы лад жыцця праз увесь лёс

Кацярына Хамец, што ў гэтыя дні адзначае свой юбілей, прысвяціла амаль ўсё жыццё актыўным заняткам фізічнай культуры і не развітваецца з імі дагэтуль, нягледзячы на тое, што прафессійнае жыццё жанчыны ніколі не было звязана з спартыўнай галіной.
Нарадзілася Кацярына ў вёсцы Ленін Жыткавіцкага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Яшчэ ў дашкольным ўзросце нашай гераіне было цікава паганяць мяч ці паіграць у лапту з хлопчыкамі. Пры гэтым, дзяўчынка намагалася не саступаць рабятам па сваіх спартыўных якасцях.

Неўзабаве Каця пайшла ў школу. Даспадобы ёй прыйшліся заняткі ў секцыях, таму з задавальненнем прымала ўдзел ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах. Лёгкая атлетыка, валейбол, баскетбол, турыстычныя злёты – грамат за спартыўныя дасягненні ў школьныя гады атрымала звыш за паўтара дзясяткі.

Пасля заканчэння 8 класаў паступіла ў Брэсцкае вучылішча лёгкай прамысловасці, скончыўшы якое, трапіла па размеркаванні на трыкатажную фабрыку горада Жодзіна. Там Кацярына Уладзіміраўна адпрацавала 5 гадоў. Падчас вучобы і работы не пакідала любімыя заняткі фізічнай культуры – на шчасце і ўмовы для гэтага былі куды лепшымі, чым на Бацькаўшчыне. Але ж Палессе цягнула… Бацькі да гэтага часу ўжо перабраліся ў Петрыкаў.

Воляю лёсу і спадарожніка па жыцці дзяўчына абрала мясцовага – з Макарычаў, хоць і сустрэла яго ў Маскве. Так, жыццёвыя сюжэты часам не саступаюць сваёй нечаканасцю выдумкам драматургаў! Кацярына паехала ў сталіцу СССР да сваякоў, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам Пятром Уладзіміравічам, што прыбыў у Маскву ў камандзіроўку.

У 1984 годзе адбылося вяселле, Кацярына Хамец уладкавалася на працу ў мясцовы КБА. Пастаянна прымала ўдзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, лыжных гонках, валейболе. Была і вялікая сямейная радасць – нарадзілася два хлопчыкі, а зараз сям’я Хамец дапамагае дзецям выхоўваць і двух унукаў.

З 1995 года жанчына працуе вартаўніком у ДЮСШ. Зараз ёй даручана ахова нашай галоўнай спартыўнай арэны – стадыёна “Прыпяць”. Разам з тым Кацярына Уладзіміраўна праз столькі гадоў не пакінула свайго захаплення спортам. Яна ўдзельнічала ў саставе зборнай каманды раёна ў абласных спартакіядах 2016, 2018 і 2019 гадоў.

Кацярына Хамец стала срэбраным і двойчы бронзавым прызёрам у летнім шматбор’і “Здароўе”, сярод жанчын ва ўзроставай катэгорыі ад 55 гадоў. У праграму спаборніцтваў уваходзілі такія дысцыпліны як згібанне і разгібанне рук ва ўпоры з палажэння лежачы, бег на дыстанцыях 30 і 500 метраў, плаванне на дыстанцыі 50 метраў і скачкі ў даўжыню з месца. Свой спартыўны ўзровень Кацярына Уладзіміраўна пацвердзіла і на другой раённай спартакіядзе ветэранаў у кастрычніку мінулага года, заняўшы 3 месца па настольным тэнісе, 2 – па дартсе і 1 – па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Зразумела, без спецыяльнай падрыхтоўкі дасягнуць добрых вынікаў тут немагчыма. Але калі лёс чалавека звязаны сяброўствам са спортам, то заняткі фізічнай культурай і здаровы лад жыцця становяцца не проста чымсці простым, але і неабходным у паўсядзённасці жыцця.

Хочацца павіншаваць Кацярыну Уладзіміраўну з 60-годдзем ад імя “пярвічкі” “Ветэранаў спорту і фізічнай культуры Петрыкаўскага раёна” і пажадаць моцнага здароўя, сямейнага шчасця і ўсяго самага найлепшага. Радуйце і далей нас сваімі спартыўнымі дасягненнямі!

Аляксей КАЮКАЛА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о