Днямі стала вядома, што аддзел унутраных спраў райвыканкама стаў лепшым у сваёй групе РАУС па дазваляльнай рабоце, падзяліўшы лідарства з лельчыцкім аддзелам.

Гэтым важным участкам дзейнасці ў аддзеле чацвёрты год займаецца Яўген Моўка.  Да таго маёр міліцыі больш дзесяці гадоў займаў іншыя пасады. Давялося пачынаць участковым інспектарам у горадзе, інспектарам АДАІ і аддзялення па грамадзянстве і міграцыі.

мовко

Сёння пад пільнай увагай інспектара па дазваляльнай рабоце кантроль за абарачэннем зброі і боепрыпасаў, праверка ўмоў захавання адзінак зброі і многае іншае, што мае непасрэднае дачыненне да нашай бяспекі.

Галоўнымі крытэрыямі ў працы інспектара з’яўляюцца колькасць выяўленых правапарушэнняў, вынятых адзінак зброі і боепрыпасаў, колькасць узбуджаных крымінальных спраў. Гэта, уласна, і легла ў аснову прысуджанай цяпер перамогі.

– У апошнія гады колькасць уладальнікаў зброі зніжаецца, – расказвае Яўген Моўка. – Прычынай таму стала прыняцце больш жорсткіх патрабаванняў да аматарскага палявання і захавання зброі. Цяпер уладальнікі зброі за здзяйсненне шэрагу адміністрацыйных правапарушэнняў пазбаўляюцца дазволу на карыстанне зброяй мінімум на тры гады. І толькі калі за гэты час праблем з законам у іх не ўзнікала, можна зноў атрымаць дазвол.

Звычайная справа, калі інспектару даводзіцца прымаць агнястрэльную зброю на ўтылізацыю. Яе прыносяць нашчадкі, калі прыводзяць у парадак атрыманыя ад бацькоў і дзядоў рэчы, паляўнічыя прыносяць сваю зброю, якая выйшла з карыстання. І такіх добрасумненных людзей намнога больш, чым парушальнікаў. Прывёў інспектар прыклад, што летась была ўзбуджана крымінальная справа за захаванне частак наразной зброі і боепрыпасаў да яе часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мужчына прывёз “арсенал” з Расіі, дзе раней займаўся “чорным капальніцтвам”. Сёлета ў Следчы камітэт перададзены матэрыял у адносінах мужчыны, які захоўваў у сябе 7 патронаў да наразной зброі. У кожным з гэтых і іншых выпадкаў, калі ўзбуджаліся крымінальныя і адміністрацыйныя справы, сігналы былі атрыманы ад сумленных уладальнікаў зброі, што самі паважаюць закон і заклікаюць да гэтага іншых. А гэта ў тым ліку гаворыць і пра давер грамадзян да нашых праваахоўнікаў.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о