Свята развітання са школай – гэта асаблівы дзень для выпускнікоў, іх бацькоў і настаў-нікаў. Пандэмія каранавіруса пазбавіла яго традыцыйнага размаху, звяла да мінімуму спіс запрошаных гасцей, аднак усё ж не адмяніла. Урачыстасць адбылася і яна, безумоўна, застанецца ў памяці герояў свята на ўсё жыццё.
У атмасферу выпускнога вечара пагрузіліся і мы, наведаўшы ўстановы адукацыі горада.

Гарадская школа № 1, захаваўшы меры бяспекі ў час правядзення масавага мерапрыемства, запрасіла сваіх выпускнікоў на свята “Завершаны школьны раман…”.
Шчырасць, цеплыня і “сямейнасць” – уласцівасць першай гарадской, яе “фірмовы” знак.

Завершаны школьны раман…
Залатая медалістка сярэдняй школы № 1 Дар’я Кузьмянкова

Яшчэ да пачатку ўрачыстай цырымоніі выпускнікі прызналіся, што ў гэты вечар іх перапаўняюць супярэчлівых пачуцці. Гэта адначасова радасць, туга, светлы сум, весялосць і разам з тым адказнасць за далейшыя крокі, якія давядзецца зрабіць удалечыні ад бацькоў.

І вось пачалося. З-за куліс эфектна выходзяць на сцэну выпускнікі, займаюць свае месцы ў зале. Гучаць прывітальныя словы ад пачэсных гасцей, дырэктара, уручаюцца падарункі ад кіраўніцтва раёна выдатнікам і актывістам.

Так, прысутная на свяце Наталья Манько, намеснік дырэктара ДУА “Гомельскі абласны сацыяльна-педагагічны цэнтр”, пажадала выпускнікам упэўненасці ва ўласных сілах, правільна выбраць шлях у жыцці і быць паспяховымі. “У сучасным свеце вельмі важна стаць прафесіяналам вышэйшай пробы. Менавіта такія спецыялісты будуць запатрабаваныя заўсёды і ўсюды,” – падкрэсліла госця.
Выпускніца Дар’я Кузьмянкова, з якой пачалася цырымонія ўручэння атэстатаў сталасці, дадала залаты медаль не толькі ў асабісты залік дасягненняў, але і ў скарбонку школы. Апошні залаты медаліст быў ва ўстанове адукацыі ў выпуску 2003 года. Даша марыць звязаць сваё жыццё з англійскай мовай. Добрае веданне якой не раз дэманстравала на інтэлектуальных спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў. “Моцна хвалююся. Да гэтага выніку я ішла 11 гадоў”, – прызнаецца яна. Бацькі вельмі ганарацца дачкою. У слове ў адказ Дар’я абяцала апраўдаць надзеі. Запэўніла: куды б не занёс яе лёс, будзе памятаць пра сваіх бацькоў, настаўнікаў, школу і малую радзіму.

Завершаны школьны раман…Вучні на працягу ўсяго вечара адрасавалі словы падзякі педагогам, якія дзяліліся з імі сваімі ведамі, укладвалі ў іх часцінку душы, сталі апорай і падтрымкай. Тыя, у сваю чаргу, таксама былі шчодрыя на віншаванні, кампліменты, музычныя і творчыя падарункі. Таму на ўручэнні кветак многія не пасаромеліся абняць настаўніка і яшчэ раз выказаць яму сваю ўдзячнасць.

Пранікнёная песня ад бацькоў прагучала ў выкананні Максіма Кузьмянкова і Анжэлы Навацкай.
Завяршыў урачыстую частку пяшчотны школьны вальс.
Заканчваецца музыка, але не вечар…

Строгія касцюмы дапоўнены галантнымі манерамі ў хлопцаў, вячэрнія сукенкі, укладкі і макіяж у дзяўчат. А як іначай – у маладых людзей сёння першы ў жыцці сапраўдны баль. Доўгачаканы школьны выпускны.

Для сваіх яркіх і таленавітых выпускнікоў гімназія падрыхтавала запамінальныя праводзіны: чырвоная дывановая дарожка, бляск “золата” паветраных шароў такім быў фон чароўнага свята “Бывай, дзяцінства”. Якое, між іншым, прайшло ў школьным двары, што зрабіла яго не толькі бяспечным, але і незвычайным.
Між тым пачалася ўрачыстая частка, у час якой выпускнікі атрымалі атэстаты і пахвальныя лісты, прэміі і падарункі.
“Марце і стаўце перад сабой высокія мэты – і ўсе збудзецца!” – такі наказ выпускнікам дала дырэктар гімназіі Людміла Хільман.

Афіцыйная цырымонія чаргуецца з забаўляльнай праграмай, паніжаючы градус агульнага хвалявання, аднак пазбегнуць слёз не ўдаецца.
Атрымліваючы ўзнагароды і апладысменты, выпускнікі дзякуюць песнямі, кранальнымі вершамі, у якіх гучаць словы падзякі настаўнікам, абяцанні бацькам…
Большасць сёлетніх выпускнікоў гімназіі робіць выбар на карысць вышэйшай адукацыі: клас вельмі моцны па паспяховасці.

Кацярына Ганцэвіч, залатая медалістка, ведае, што шлях да ведаў нялёгкі: ён патрабуе зацятасці і настойлівасці. Кожны, хто жадае далучыцца да ведаў, павінен, на думку дзяўчыны, дасягнуць іх уласнай дзейнасцю, уласнымі сіламі і ўласным напружаннем волі і характару.
Няпроста Кацярыне на парозе дарослага жыцця развітвацца з сябрамі і настаўнікамі, якія за адзінаццаць гадоў сталі сям’ёй і камандай. Кожнаму з іх выпускніца бязмежна ўдзячна.
Даніла Грыб, актывіст, удзельнік гімназічных, гарадскіх і абласных мерапрыемстваў, сказаў, што менавіта настаўнікі гімназіі развілі ў ім упэўненасць у сабе, уменне сябе падаць, трымацца на публіцы.
– Вядома, я буду сумаваць па настаўнікам і школьным сябрам. Але на змену прыходзіць новы этап у нашым жыцці, да якога мы гатовыя. У планах – ЦТ і паступленне: веру, што ўсё ў нас атрымаецца, – дзеліцца эмоцыямі хлопец.
Які выпускны без школьнага вальса? І вось ужо бацькі і сыны-кавалеры горда і пяшчотна кружаць у вальсе сваіх дарослых дачок-выпускніц і дарагіх матуль…
А пасля была ноч, поўная успамінаў і планаў, надзей і слёз, танцаў да раніцы і традыцыйнай сустрэчы світання. Менавіта яно паставіла сімвалічную кропку ў школьным жыцці і адкрыла перад юнакамі і дзяўчатамі новы этап.
Поспехаў на ЦТ, збытых планаў і мар, выпускнікі-2020!

 Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о