Завіталі мы да Марыі Есько, жыхаркі вёскі Смятанічы, вядомай майстрыхі вышывальшчыцы. Сёння гэты від творчасці набывае “другое дыханне” і цікавасць да рукадзелля зразумелая. Па-першае, гэта вельмі прыгожа, па-другое – мы не павінны страціць рамесніцкія традыцыі роднага краю. Дарэчы, па ўменні вышываць, спрадвеку меркавалі пра жаночую працавітасць.

“Зацягнула нітачкай” на ўсё жыццёМая гераіня крыху саромеецца журналісцкай увагі.
– Вышыўка… Што ж тут такога. Звычайная жаночая справа. Я валодаю яе азамі амаль з дзяцінства, – сціпла кажа мне жанчына і дастае з шафы свой скарб. Калі на канапе былі раскладзены прасціны, ручнікі, абрусы, сурвэткі і ў вочы нам кінуліся рознакаляровыя суквецці, Марыя Іванаўна пачала аповед пра сваё захапленне.
– Як не дзіўна, у маёй сям’і ніхто не меў цягі да работы з ніткай і іголкай. Захапленне перадалося мне ад роднай цёткі, калі я вучылася ў школе. Спачатку назірала за працай сваячніцы, пасля вырашыла паспрабаваць сама, – успамінае жанчына. – Навучылася вышываць гладдзю і крыжыкам. Чароўная іголачка зацягвае не толькі вышывальную нітку, паступова яна “зацягвае” і майстра. Паспрабавала я прыгожую, цікавую справу – і не змагла ўжо адарвацца.

“Зацягнула нітачкай” на ўсё жыццёНа маё пытанне, у чым сакрэты майстэрства, гаворыць так: натхненне прыходзіць у звычайных, простых вобразах. Убачыла карціну, яна спадабалася, намалявала на тканіне і пачынаю працаваць. Усё зразумелае і блізкае яе душы клалася на палатно. Як знаходзіла час у маладосці на захапленне, калі ў хаце падрасталі пяцёра дзяцей і патрабавала догляду хатняя гаспадарка, Марыя Іванаўна, усміхаючыся, кажа, што не ведае. Было жаданне хутчэй закончыць, каб убачыць вынік. Дарэчы, колькі ствараецца вышыўка – тыдзень, месяц ці больш – залежыць не толькі ад складанасці схемы ці яе памераў. Але і ад настрою. З-пад яе рук выходзілі рэчы, якія знаходзілі сваё прызначэнне ў сям’і ды проста радавалі вока. Углядаючыся ў кожны вышыты узор, адкрываеш багаты ўнутраны свет майстрыхі, асаблівасці яе светапогляду. Работы Марыі Іванаўны неаднаразова былі на выставах у мясцовым Доме культуры, на раённых, рэгіянальных святах.

– Свае вышыванкі нікому не дару, – прызнаецца майстрыха. У гэтыя рэчы я ўклала душу, у кожнай з іх – мая гісторыя як аўтара, тонкія душэўныя перажыванні, хвіліны радасці. Гэта памяць пра мяне маім дзецям, унукам і праўнукам.
Пагадзіцеся, добрая прыкмета мець рэч, вышытую матулінымі ці бабуліным рукамі. Гэта ж сапраўдны абярэг для сям’і!

Я з замілаваннем глядзела на работы майстрыхі і дзівілася яе тонкаму адчуванню прыгажосці, гармоніі і прастаты. Вышыванкі, якія ляжалі перада мной, узвышалі нас з суразмоўцай над шэрымі буднямі, раскрывалі веліч жыццёвых святынь.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о