Знакамітая песня “Жураўлі” (відэаролік) у выкананні Галіны Вяраксы і Валянціна Рамашэўскага падчас правядзення аднаго з чарговых мерапрыемстваў у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Петрыкаўскі ТЦСАН” трапілася мне выпадкова ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”. Голас маладога спевака закрануў нешта ў душы, больш таго, калі даведалася, што ён невідушчы.

ЗАПАЛЬВАЕ СВЕТ  У СЭРЦАХ

Мы так альбо інакш сутыкаемся ў грамадстве з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Я таксама па родзе сваёй дзейнасці кантактую з імі. І, ведаеце, напэўна не я адна прыйшла да высновы, што гэтыя людзі псіхалагічна больш моцныя. Яны не любяць, калі да іх праяўляюць жаль і спачуванне. Яны прыстасаваліся да тых умоў, якія ім наканаваны лёсам ці нейкімі іншымі абставінамі. Не ўсе, зразумела, але большасць з іх жывуць, змагаюцца за месца пад сонцам, мараць і шукаюць сябе ў жыцці, як і ўсе астатнія. І гэта цудоўна, што ў нашым грамадстве з кожным годам у дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі робіцца ўсё больш для адаптацыі ў асяроддзі, працаўладкавання…

Патэлефанавала Валянціну і дамовілася на сустрэчу ў аддзяленні, дзе цяпер праходзяць рэпетыцыі да традыцыйнага штогадовага фестывалю талентаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У Петрыкаве ён адбудзецца напрыканцы лістапада.

Пабачыла на шчацэ маленькія парэзы і не прамінула спытаць, хто галіў сёння?

 – Ой, ну дык гэта я сам, спяшаўся ж, – адказаў Валянцін. – Я амаль усё раблю сам. Трэба неяк вучыцца жыць самастойна.

У Гродна скончыў спецыялізаваную сярэднюю школу з музычным ухілам. Там іграў у духавым аркестры. Пасля заканчэння школы паступіў у Курскі каледж мастацтваў на народнае аддзяленне. Асвоіў ігру на клавішных інструментах, балалайцы, бас-гітары і звычайнай шасціструннай гітары. Чым больш інструментаў асвоіш, тым лепш.

Цудоўны педагог мне там трапіўся – Юрый Віктаравіч Баяндзін, які даў добрыя веды, вучыў не ленавацца, пераадольваць цяжкасці. Ездзілі выступаць з канцэртам у Крым. Гэта быў цудоўны час.

Чатыры гады ў Курску пражываў у інтэрнаце, дзе давялося самастойна гатаваць ежу, прыбіраць, вырашаць іншыя бытавыя клопаты. Сяброў там засталося шмат. Сярод іх адзін хлопец, які страціў зрок у 30 гадоў з-за свайго глупства: на навагоднія святы выкарыстоўвалі піратэхніку. А сам юрыст па спецыяльнасці. Ну што, паўгода знаходзіўся дома, а потым вырашыў займацца музыкай, паступіў у каледж. Цяпер на дыплом з “адзнакай” ідзе.

Я атрымаў дыплом па спецыяльнасці артыст-выкладчык. Было б цудоўна выкладаць музыку, навучаць ігры на інструментах у якасці рэпетытара, але пакуль няма прафесійнай практыкі.

Не было ў мяне і практыкі работы з мікрафонам. Я ж заўсёды выступаў у хоры. А вось тут у аддзяленні пачаў сольныя выступленні. Дарэчы, да фестывалю рэпетую дзве песні пад гітару – Юрыя Антонава “Павер у мару” і групы “Сплін” “Маё сэрца спынілася”.

Была мара ў мяне навучыцца на масажыста, але цяпер нічога не планую. Няхай усё адбываецца так, як ёсць.

Для невідушчых цяпер дастаткова так званых дапаможнікаў для сацыяльнай і бытавой адаптацыі. Дыктафоны, гаджэты з дадаткамі па навігацыі значна аблягчаюць перамяшчэнне. Усё ж выпадае звяртацца да людзей, каб падказалі. Я навучыўся карыстацца аўтаматычнай пральнай машынай, ежу магу згатаваць у мультыварцы, так што жыццё працягваецца. Не варта апускаць рукі, баяцца цяжкасцяў! Трэба пераадольваць іх, не ленавацца і тады ўсё атрымаецца.

На развітанне Валянцін выканаў песню “Павер у мару”.

Хачу пажадаць гэтаму дваццацітрохгадоваму аптымісту здароўя і поспеху ў выкананні сваіх самых запаветных мараў. Упэўнена, дзякуючы такому моцнаму характару, у Валянціна ўсё атрымаецца. Ён не пабачыць авацый, але абавязкова пачуе апладысменты ад удзячных слухачоў.

А мне вось захацелася чамусьці, каб у Валянціна з’явіўся добры сябар – сабака-павадыр. Часцей за ўсё гэта лабрадоры. Але ў інтэрнэце так і не знайшла гадавальнікаў у Беларусі, хто займаецца дрэсіроўкай і продажам такіх сабак. Усё больш за мяжой. Калі вы, паважаныя чытачы, ведаеце, дзе можна набыць такога сабаку, падкажыце, калі ласка. І ўсе нераўнадушныя людзі могуць таксама прыняць удзел у вырашэнні гэтага пытання. Сабака такі каштуе нятанна, так што далучайцеся. Давайце зробім падарунак Валянціну!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о