Другога ліпеня ў аграгарадку Курыцічы, адбыўся футбольны турнір. Хоць праводзіўся ён не ў самых цудоўных умовах, пачынаючы з якасці пляцоўкі і заканчваючы не лепшым футбольным надвор’ем.

У футбольным спаборніцтве ўзялі ўдзел чатыры каманды: Курыцічы-1 і Курыцічы-2, госці з Чалюшчавіч і Залесся. Трэба адзначыць, што апошняя каманда узмацнілася бабуніцкімі футбалістамі.

g4oAfqip_PA_1

Гульні праводзіліся па кругавой сістэме. На адкрыцці турніру сустрэліся Курыцічы-2 і Залессе. У камандзе Курыцічы-2 знаходзіліся маладыя ігракі (амаль усе малодшыя за 18 гадоў), якіх вёў вопытны футбаліст Яўген Шэлег. Матч трымаў увагу гледачоў да самага свайго завяршэння, бо лік адкрыўся на апошняй хвіліне пасля гарматнага стрэла Канстанціна Філановіча ў бліжні вугал. Выніковы лік матчу – 1:0 у карысць «курканоў».

У другім матчы сустрэліся каманды Курыцічы-1 і Чалюшчавічы. У гэтым матчы пра  інтрыгу нават і думак не было: Курыцічы ўпэўнена перамаглі апанентаў з лікам 4-0.

Наступны матч быў яшчэ адной «гульнёй суседзяў», на полі сустрэліся каманды з Чалюшчавіч і Залесся. Напал барацьбы быў на найвышэйшым узроўні, што раз-пораз вылівалася ў жорсткую, а часам і брудную гульню. У выніку залескія хлопцы дабіліся перамогі з лікам 4:2.

Чацвёрты матч турніру быў своеасаблівым дэрбі. На сваёй пляцоўцы сутыкнуліся Курыцічы-1 і Курыцічы-2. З першых хвілін ініцыятыва была ў больш сталай каманды Курыцічы-1, перавагу яны змаглі перавесці ў мячы і зрабіць лік гэтага матчу 2:0. Потым Курыцічы-2 адчулі сваю гульню і зраўнялі лік, але Курыцічы-1 усё ж такі змаглі схіліць вагі ў сваю карысць і забіць вырашальны гол. Выніковы лік матчу – 3:2.

Пяты матч – супрацьстаянне каманд Курыцічы-1 і залескіх футбалістаў. Ці на курыціцкіх футбалістаў паўплывалі два матчы запар, ці яны недаацанілі свайго саперніка, але гэты матч прайшоў пад перавагай каманды з Залесся. Курыцічы не паспявалі вяртацца ў абарону, пакідаючы свайго абаронцу на двух, або нават трох нападаючых залескай каманды. Вынік 2:3 на карысць Залесся.

Перад апошнім, шостым матчам турніру, у турнірнай табліцы склалася вельмі цікавая сітуацыя: у двух каманд – Курыціч-1 і Залесся – было па 6 набраных ачкоў, і для таго, каб перамагчы на гэтым турніры, Курыцічам-2 патрэбна было перамагчы (каб зраўняцца з двума лідыруючымі камандамі) з розніцай у пяць мячоў (каб абыйсці іх па розніцы забітых-прапушчаных).

Матч стартаваў. Курыцічы-2 былі ў гэтым матчы абсалютнымі лідарамі, што вылілася ў лік 2:0, але перад самым свістком на перапынак, з-за памылкі абароны, Чалючшавічы здолелі забіць гол. На перапынак каманды пайшлі з лікам 2:1. У вольным часе паміж таймамі была праведзена размова, якая запаліла полымя ў вачах курыціцкіх хлопцаў. На другую палову матчу Курыцічы-2 выйшлі матываванымі, чаго не скажаш пра футбалістаў з Чалюшчавіч. З самага пачатку другога тайма Курыцічы захапілі ініцыятыву і не аддалі яе да самага завяршэння матчу. «Курканы» здолелі забіць яшчэ тры безадказныя галы, пры тым апошні – перад самым фінальным свістком. Гэта было падобна на казку, бо па папярэдніх падліках гэтага як раз хапала для перамогі. Гэта казка працягвалася да выніковага пераліку ачкоў.

У каманд Курыцічы-1 і Курыцічы-2 атрымалася аднолькавая розніца забітых-прапушчаных, але з-за таго, што Курыцічы-1 забілі на адзін гол больш, перамога ў гэтым турніры засталася за імі. Пасля спартыўнай сустрэчы былі ўручаны дыпломы камандам-прызёрам, а таксама лепшаму іграку турніру – Канстанціну Філановічу.

Турнір атрымаўся нечакана напружаным, інтрыга прысутнічала да самых апошніх яго секунд, за што хочацца шчыра падзякаваць спартсменам-удзельнікам.

Ілья Шэлег.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о