IMG_2138

Алесю Кіявец у Мышанцы ведаюць літаральна ўсе. Многа гадоў працуе яна прадаўцом, спачатку ў магазіне райспажыўтаварыства, цяпер – у прыватнай гандлёвай кропцы. Заўсёды вясёлая, здаецца яе вусны нават маюць форму ўсмешкі. Але мала хто ведае, што ў гэтай маладой жанчыны не толькі сэрца, яшчэ і рукі залатыя.

На прасторах інтэрнэту кожны шукае для сябе цікавыя крыніцы. Алесю ж захаплялі майстар-класы ўмельцаў дэкаратыўнай творчасці. Паспрабавала і сама. Спачатку папяровыя кветкі, затым – з памяранцу, букеты з цукерак, упрыгожанні для дачкі на валасы, конкурсны альбом сыну ў садок.

IMG_2133

– Дзякуй мужу, што не пярэчыць маім ідэям, – гаворыць Алеся. – Мала таго, што матэрыялы трэба купіць, а яны не танныя, дык яшчэ і возіць мяне за імі ў Калінкавічы ці Мазыр. Працую ў магазіне паўдня. Таму часу для заняткаў хапае. Не хочацца спыняцца на нечым адным. Ужо добра атрымліваецца варыць мыла, нарошчваць пазногці і рабіць манікюр. Усё гэта – дарагое задавальненне, але захапляльнае. Цяпер падарункі родным і сябрам – толькі сваімі рукамі. І яны ўжо з нецярпеннем чакаюць, што на гэты раз атрымаюць з нагоды свята. Пастаяннае абдумванне новай работы, жаданне хутчэй сесці за яе – мой цяперашні стан. Здараецца, убачыш нешта ў інтэрнэце, і сон не бярэ, пакуль не паспрабуеш, не зробіш. Здаецца, і жыць стала цікавей.

IMG_2140

Дванаццацігадовая дачка майстрыхі таксама не адстае. Побач з матулінымі вырабамі на паліцах, вокнах і сценах ёсць і яе работы з цеста і бісера. Ужо раяцца, падказваюць адна адной. Хаця вырабаў дома адносна нямнога. Амаль усё дорыцца, перадаецца сувенірамі.

– Атрымліваю задавальненне не толькі ад работы, а і таго, што гэта падабаецца іншым. Радая, што магу дарыць свае вырабы іншым. Сабе пакідаю толькі фотаздымкі, у тым ліку і для таго, каб потым паглядзець, дзе што было зроблена недасканала, з памылкамі.

Майстэрства Алесі Кіявец ужо варта таго, каб займацца сувенірнай справай прафесійна. Але яна ўпэўнена, што творчасць не павінна залежаць ад грошай, гэта занятак для душы.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о