Як інфармавала наша газета, у апошнюю пятніцу верасня ў будынку райвыканкама прыём грамадзян правялі пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў і начальнік упраўлення следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Сяргей Паско.
Што прывяло грамадзян у гэты дзень на прыём да прадстаўнікоў судовых і следчых органаў вобласці, якія нявырашаныя або спрэчныя моманты судовых спраў не даюць спакою – пра гэта і пойдзе гаворка ў нашым рэпартажы.

Закон ёсць закон
Для кожнага заяўніка ступень адказнасці родных – балючае пытанне, тэрміну годнасці якому няма. Шосты год пайшоў з моманту, як загінуў зяць. На думку К., не распрацавалі следчыя органы тэму парушэння бяспекі працы. “Значныя перагрузкі мелі работнікі, прычым на працягу пэўнага часу працавалі ў такім, як аказалася, небяспечным для жыцця рэжыме. Заключэнне медыкаў – ішэмічная хвароба, ускладненая вострай сардэчнай недастатковасцю. Не было праблем з сэрцам у зяця, таму і шукаю праўду. Дачка сама гадуе дваіх дзяцей, бацьку ім ужо не вернеш, а страхавыя выплаты былі б добрай падтрымкай для сям’і”, – адзначыў К. Віктар Марозаў паабяцаў разгледзець справу і прыняць да справавытворчасці.
82-гадовая маці спрабуе адстаяць права сына жыць на тэрыторыі Беларусі, але 8-месячнае пражыванне ў Варкуце на момант развалу СССР зрабіла яго грамадзянінам Расіі. 27 гадоў нідзе афіцыйна не працуючы і не маючы пашпарта грамадзянін вось ужо 9 месяцаў знаходзіцца ў абласным цэнтры і чакае дэпартацыі. Міграцыйная служба дзейнічае ў межах закону. Часам мы становімся нявольнікамі ўласнай абыякавасці і недасведчанасці. На што разлічваем і на што спадзяёмся – невядома. Маці афіцыйна не звярталася ў суд, таму жанчыне параілі правільна аформіць дакументы (мясцовыя службы дапамогуць) і накіраваць іх у кампетэнтныя органы.
Пазбаўленне чалавека магчымасці працаваць – тэма наступнага звароту. Асабістыя ўзаемаадносіны заяўніка і кіраўніка – справа жыццёвая і няпростая, але закон ёсць закон. На чыім ён баку – трэба разабрацца. Кароткая гутарка з жыхаром раёна Ж., некалькі хвілін на вывучэнне справы – гэтага дастаткова Віктару Мікалаевічу, каб даць прафесійную параду адносна таго, як юрыдычна граматна падрыхтаваць апеляцыйную скаргу. Ступень важнасці пытання апошнім часам высокая, суд разбярэцца.
І зноў смерць на працоўным месцы. Страшная і неабачлівая. Гавораць: вінаваты сам. Справа закрыта. Сына не вернеш, унукам пенсіі налічаны, але мучыць бацькоўскае сэрца пытанне: як жа сам, калі не ўсё было зроблена кіраўніцтвам для забеспячэння бяспекі працы. “Не вінаватых шукаем і караць нікога не збіраемся, мы імя сына ратуем ад паклёпу,” – на развітанне ў адзін голас гавораць бацькі.
Прыём завершаны. Яшчэ некаторы час Сяргей Міраслававіч і Віктар Мікалаевіч засяроджана і ўдумліва абмяркоўвалі нюансы пачутага. З’явілася адчуванне, што судовыя справы нашых землякоў не застануцца без пільнай увагі кампетэнтных спецыялістаў.

Галіна КАЗАК

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о