Кашэвіцкай Свята-Успенскай царкве летась споўнілася 377 гадоў. Сярод векавых дубоў стаіць яна, як вартаўнік, сцішаная ў сваёй даўніне. Гэта нямая сведка плыні вясковага жыцця, якая захоўвае ў сваёй памяці мноства самых розных таямніц. Побач размешчаны такія ж паважаныя па ўзросце могілкі.

Чаму храм быў пабудаваны менавіта на гэтым месцы? Ёсць такое паданне…
Маладая паненка, дачка тутэйшага пана, вельмі любіла лясныя вандроўкі. Яе заўсёды суправаджаў сабака. Калі да суседняй вёскі Яўсеевічы заставалася рукой падаць, ён некуды збег. Тады і напаў на дзяўчыну мядзведзь. Вельмі хутка на яе крык сабака ўсё ж з’явіўся, залівісты яго брэх прымусіў драпежніка кінуцца наўцёкі. Паненка была моцна паранена лясным разбойнікам. Праз некалькі тыдняў яна памерла, нягледзячы на старанні лекараў. Пан быў у роспачы. Не стала яго адзінай любімай дачкі, якая выхоўвалася без маці. Пахавалі паненку на ўзгорку каля дуба, дзе яна была знявечана мядзведзем.

Захаваем для нашчадкаў

Неўзабаве пан прывёз з Мазыра славутых майстроў-будаўнікоў, якія непадалёк ад магілы дачкі ўзвялі драўляны будынак царквы. За некалькі соцень крокаў ад яе на поўнач знаходзіліся вясковыя могілкі. Рачулка, што працякала не так і блізка ад іх, у час веснавой паводкі давала пра сябе ведаць. Вось чаму па дазволе пана хаваць нябожчыкаў потым пачалі за царквой – з паўднёвага боку.

Пакуль у навакольных вёсках не было храмаў, шмат вернікаў наведвалі менавіта касейскі. Набажэнствы вялі пастаянныя святары. Але настаў такі момант, калі царква стала прыпісанай да лучыцкай. Тады яе прыход стаў змяншацца, а пазней і ўвогуле засталася без гаспадара. Яе дзверы адчыняліся для прыхаджанаў толькі ў вялікія праваслаўныя святы. Таму драўляны будынак больш за два стагоддзі не рамантаваўся. За гэты час амаль цалкам знішчылі штандары, сцены аселі, нібы ўраслі ў зямлю, а дах пакрыўся лішайнікам.

Тады вяскоўцы вырашылі зрабіць рамонт царквы. Вялікую дапамогу ім у гэтым аказаў лучыцкі пан Міхедавіч, у валоданні якога тады знаходзіліся землі вакол Касейска і Яўсеевіч.

Летнім сонечным днём 1868 года (як расказваў мой дзед Кірыл Чаус, які пражыў 102 гады) каля храма сабраўся даволі вялікі натоўп людзей. Усе чакалі святара. Той прыехаў не адзін, а разам з панам. Хутка закіпела работа. Адны мужчыны лагамі падымалі сцены, другія мацавалі новыя бярвенні, пад якія падсоўвалі камяні, што напярэдадні валамі навазілі з урочышча Запелле.

Праз некалькі дзён мясцовыя цесляры ўзвялі пры царкве прыбудоўку-званіцу. Да надыходу зімы яны паспелі закончыць усе работы як звонку, так і ўнутры. У Яўсеевічах для святара была пабудавана невялічкая хата.

Абноўленая і нават пафарбаваная Свята-Успенская царква зноў пачала прымаць у святочныя дні прыхаджанаў. У ёй не хапала толькі плашчаніцы і звана…
Як узгадвала бабуля Вера, у тую восень вяскоўцы вырасцілі нядрэнны ўраджай каласавых культур. Вось і вырашылі на сваім сходзе сабраць збожжа для царквы, каб потым прадаць яго. Так і зрабілі. Калі была накоплена пэўная сума грошай, дзве жыхаркі вёскі Яўсеевічы – Ганна Зізюк і Малання Чаус пешшу адправіліся ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Больш за два гады не было ад жанчын звестак. Многія вяскоўцы нават лічылі, што яны недзе загінулі. Аднак дадому маладзіцы вярнуліся вясёлыя і шчаслівыя. Да таго ж не з пустымі рукамі: прынеслі некалькі абразоў і плашчаніцу. Шмат радасці было ў тутэйшых вернікаў, бо дарагія рэчы занялі сваё пачэснае месца ў храме.

Як аказалася, сабраных палешукамі грошай на пакупку царкоўных рэчаў не хапіла. Вяртацца ў вёску без іх жанчыны не захацелі і сталі прыслужваць у далёкай лаўры. Звон жа для царквы потым прывёз аднекуль упраўляючы Лучыцкага памесця, прозвішча якога, на жаль, ніхто з нашчадкаў не памятае…

Плашчаніца захавалася нават у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі на нейкі час царква была ператворана фашыстамі ў турму. Аднак у другой палове мінулага стагоддзя яна бясследна знікла…

Вясной 1930 года, калі вялося будаўніцтва чыгункі ад Рабкора да Старушак, згодна з праектам насып павінен быў пралегчы паўз званіцу і далей па могілках. Начальнік будоўлі Валянціна Ангеліна вымушана была звязацца з тадышнім Міністэрствам шляхоў зносінаў краіны, бо не ведала, што рабіць у такім выпадку. Архітэктар, які прыехаў у Кашэвічы, унёс у праект неабходныя папраўкі. Чыгунка, зрабіўшы рэзкі паварот управа, пралегла крыху далей ад царквы і могілак. Храм працягваў працаваць, а багаслужэнні вёў айцец Павел.

У сумна памятным 1937 годзе былі знішчаны цэрквы ў суседніх вёсках – Лучыцах, Хвойні і Капцэвічах. Нейкім цудам уцалела толькі кашэвіцкая. Пазней былы Капаткевіцкі райкам партыі прапанаваў адкрыць у храме клуб, але нікому побач з могілкамі ён быў непатрэбны. Тады некаму з партыйцаў прыйшла ў галаву думка – разабраць будынак на дровы. Аднак дзякуючы намаганням маладога старшыні Кашэвіцкага сельсавета Яўхіма Зізюка гэтага, на шчасце, не здарылася.
На пачатку зімы 1937 года мясцовага святара Паўла атэісты арыштавалі, а студзеньскай ноччу 1938 года ён быў расстраляны ў мазырскай турме. Царква зноў закрылася.

Каб даволі прыгожы звон не трапіў у рукі фашысцкім захопнікам, у першыя дні мінулай вайны стараста храма Пятро Галаван ноччу закапаў яго на могілках. Пазней мужчына загінуў, а звон і да гэтуль не знойдзены.

У жніўні 1941 года царква была ператворана карнікамі ў турму. Туды траплялі палонныя чырвонаармейцы, партыйныя і савецкія актывісты. Многія з іх, зразумела, былі бязвінна расстраляны. Наступнай зімой яна цалкам апусцела. Праз год акупанты прывезлі аднекуль святара, які на вялікае здзіўленне для вернікаў у сваіх пропаведзях пачаў заклікаць іх да барацьбы з ворагам. Нехта, безумоўна, пазней данёс пра тое прыслужкам вермахту. Папа ў Кашэвічах хутка не стала. Потым малебны ў храме праводзіў жыхар вёскі Старына Рыгор Чаус. Калі да вызвалення нашай мясцовасці ад ворагаў заставалася каля двух месяцаў, ён павёз партызанам сабраныя прадукты харчавання. Аднак знайшоўся здраднік, які паведаміў пра гэта немцам. Тыя нагналі святара ў лесе, моцна збілі, а потым прывязалі да воза і прыцягнулі ў вёску. Ледзьве жывога пазней завезлі ў Навасёлкі, адкуль ён патрапіў у Бабруйскі канцлагер. Там Рыгор Чаус і загінуў.

Пасля вайны Свята-Успенская царква зноў адкрыла свае дзверы для прыхаджанаў. Ідуць гады. Апошні, можна сказаць, касметычны рамонт быў зроблены ў храме ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Калі-нікалі, праўда, напярэдадні вялікіх святаў у ім нешта падфарбоўваецца. Але гэтага мала. Таму званіца даўно працякае, чатырохгранёны верх царквы разам з галоўкай усё больш нахіляецца да асноўнай часткі. Гэта добра відаць нават збоку.

Вось чаму старажылаў маёй вёскі вельмі хвалюе, што драўляны архітэктурны помнік, які быў пабудаваны беларускімі майстрамі без адзінага цвіка яшчэ ў далёкім 1642 годзе, трухлее і гіне. Шкада. Храм трэба абавязкова захаваць, каб яго звон некалі змагло пачуць яшчэ не адно пакаленне нашых нашчадкаў.

Уладзімір ПУГАЧ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о