У саракавых гадах мінулага стагоддзя чырвонаармейцы Мышанскага ваеннага гарнізона пабудавалі дзве вартавыя вышкі каля вёскі Кашэвічы.

Як толькі пачалася вайна, на іх пастаянна дзяжурылі салдаты, якія вялі назіранні за палётамі самалётаў. Сонечнай раніцай 2 жніўня 1941 года з’явіліся ў вёсцы немцы на веласіпедах з боку Галоўчыцаў. Гэта былі франтавыя разведчыкі. У гэты час каля тэлефона на пошце дзяжурыў камсамолец Яфім Рэпчык. Заўважыўшы ў акно восем варожых салдат, ён патэлефанаваў у Капаткевічы. Праз некаторы час колькасць фашыстаў павялічылася. Каля крамы яны смяротна паранілі чырвонаармейца, які не паспеў схавацца. Вёска імгненна быццам апусцела. Людзі хаваліся ў хатах. Фашысты хадзілі па вуліцах, разглядвалі сялянскія пабудовы.

Неўзабаве з Капаткевічаў на дзвюх “палутарках” прыехаў атрад на чале з лейтэнантам Аляксандрам Любацавым. З-за высокага чыгуначнага насыпу аўтамашыны вынырнулі, як з-пад зямлі. І запрацавалі кулямёт і вінтоўкі нашых воінаў. Ворагі зусім не чакалі такога павароту падзей, кінуліся ўцякаць хто куды, але кулі даганялі іх. Па вуліцы і ў агародах валяліся трупы ворагаў.
Пасля бою машыны з воінамі накіраваліся ў Капаткевічы. Адна з іх за вёскай загрузла ў пяску. Салдаты не паспелі яе выцягнуць, як з-за ўзгорку з’явіліся фашысты. Яны адкрылі шквальны агонь па чырвонаармейцах. Любацаў з кулямётам кінуўся да густой разгалістай вярбы. Астатнія воіны засталіся каля аўтамашыны.
Бой працягваўся некалькі гадзін. Над нашымі салдатамі кружыў нямецкі самалёт. Ворагам запомніўся гэты дзень. Іх загінула нямала. Нашых жа бясстрашных воінаў засталося на полі бою шасцёра. Сваіх немцы пазней хавалі каля царквы. Крыжы ставілі бярозавыя.

У той дзень раз’юшаныя акупанты расстралялі 10 вяскоўцаў і спалілі Кашэвічы. Ноччу некалькі старэйшых мужчын з Яўсеевічаў (зараз гэта Кашэвічы) выкапалі каля дарогі магілу і пахавалі пяцёх салдат, лейтэнанта ж – пад вярбой. Пасля выгнання ворагаў магілу паўз дарогу абгарадзілі, а вось пра тое месца, дзе быў пахаваны лейтэнант, забылі.

Мы, дзеці, любілі гуляць каля той вярбы. Памятаю, мой сябар Валодзя Петрушэнка неяк сказаў: “Тут жа, хлопцы, дзесьці пахаваны салдат”. Але мы не паверылі яму. Вакол вёскі магілкі, якіх у нас тады было нямала, здавалася, былі ўсе абгароджаныя.

У пяцідзесятых гадах мінулага стагоддзя было перазахаванне астанкаў.
Мне, хлапчуку, давялося прысутнічаць, калі раскопвалі магілу з пяццю пахаванымі воінамі. Захаваліся адзенне, абутак і косці. У кішэнях знаходзілі сцізорыкі, грошы, ваенныя кніжкі. Медальёнаў жа не было. Трэба сказаць, што ў ваенных кніжках можна было прачытаць прозвішчы. Некаторыя з іх мне, падлетку, запомніліся на ўсё жыццё.
Астанкі пяцёх чырвонаармейцаў, а пазней і лейтэнанта, які быў пахаваны пад вярбой, перанеслі ў брацкую магілу, што размешчана пры ўездзе ў вёску Кашэвічы.
У памяці людской шасцёра воінаў, якія першымі прынялі бой з фашыстамі і загінулі па-геройску, засталіся назаўсёды.

Уладзімір ПУГАЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о