Дамовіўшыся пра рэпартаж, мы сустрэліся са старшынёй Бабуніцкага сельскага Савета Сяргеем Харланавым на могілках у Міхедавічах. Тут ён якраз прымаў прывезеныя жэрдкі для будучай агароджы, якую мяркуецца пачаць устанаўліваць у бліжэйшы санітарны дзень. Жэрдкі выдзеліў мясцовы прадпрымальнік і дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Ганцэвіч. Хутка лясгас разгрузіць тут і слупы.Задачы вырашаюцца супольнаДраўляныя кампазіцыі Юрыя Стрэльчанкі ўпрыгожаць вёскі Задачы вырашаюцца супольна

У такім выглядзе будынкі чакаюць зносу

 

Задачы вырашаюцца супольнаДобраўпарадкаванне працягваецца ўсталяваннем агароджы

– У гэтым годзе мы шчыльна займёмся ўсталяваннем агароджаў на грамадскіх могілках, – пачаў гутарку Сяргей Трыфанавіч. – Лічыце, што пачаліся ўжо работы тут, у Міхедавічах. На бабуніцкіх могілках старую агароджу знялі. Днямі правялі вясковы сход, дзе насельніцтва вырашыла фінансаваць плот са сродкаў самаабкладання. Вуліцы падзелены паміж дэпутатамі сельскага Савета – Уладзімірам Герасіменкам, Таццянай Шабалтас, Уладзімірам Катом, Іванам Катом, Нінай Кот. Ім давядзецца наведацца амаль у кожны дом і пагутарыць з тымі, хто не прымаў удзелу ў сходзе, растлумачыць і прыспешыць. У Сотнічах жыхары вёскі рашылі ставіць плот з сеткі. Мясцовая стараста Валянціна Палтаран ужо занялася зборам сродкаў. У Барычаве стараста Еўдакія Курыленка таксама трымае любое пытанне пад кантролем. У Касішчах і Палессі пражываюць па два чалавекі, і асноўныя работы па добраўпарадкаванні там былі выкананы раней.
Сёлета, згодна з планам добраўпарадкавання, будзе заменена агароджа на вуліцах Міхедавіч і Сотніч. Старшыня сельсавета пазначыў, што дапамогу ў тым акажуць Аляксандр Ганцэвіч і мясцовы прадпрымальнік – Антон Мажар. Летась новы плот упрыгожыў вуліцы Бабуніч. У правядзенні работ па яго ўсталяванні і афарбоўцы дапамагалі нават сельскія Саветы раёна. Сёлета пачата праца з некаторымі жыхарамі Міхедавічаў па замене платоў. Многія ідуць насустрач і нярэдкімі тут сталі металічныя агароджы ці драўляныя, але абавязкова пафарбаваныя.
Паездка па Міхедавічах прыемна здзівіла. Год-два таму вуліцы выглядалі інакш. Цяпер няма тут лядашчых дамоў, паваленых агароджаў. Тыя нямногія домаўладанні, дзе дамы падлягаюць зносу, прыбраны ад дрэў і кустоўя, некапітальных будынкаў. Сяргей Харланаў тлумачыць, што для зносу дамоў патрабуецца фінансаванне, якога не заўсёды хапае. А калі пад знос ідуць толькі капітальныя будынкі, без расліннасці і дробных пабудоў, то сродкаў патрабуецца менш, а гэта значыць, што эканомяцца выдаткі для наступных работ.
Нягледзячы на тое, што нежылых сядзіб у вёсках прыбаўляецца з кожным годам, дамоў, якія падлягаюць зносу, становіцца менш. У 2017 годзе ў населеных пунктах Бабуніцкага сельсавета было знесена 22 дамы, годам пазней – 10. Сёлета да зносу падрыхтаваны ўжо 6, яшчэ чатыры праходзяць працэдуры афармлення адпаведных дакументаў.
– Напрыклад, у Барычаве фактычна засталося знесці 2 дамы, праўда за імі пакуль лічацца гаспадары, – называе факты Сяргей Трыфанавіч. – У Саснаўцы сёння ніхто не пражывае, але пабудовы мы павінны знесці, каб перадаць зямлю ў дзяржфонд. Два дамы там куплены для перавозу. Новым гаспадарам далі тэрмін да канца гэтага месяца вывезці зрубы, а што застанецца – будзем прыбіраць сваімі сіламі. Асноўная колькасць сёлетняга зносу – у Міхедавічах.
Па вуліцах гэтай вёскі паўсюдна перад намі ўзнікалі дагледжаныя ўчасткі, дзе раней стаялі лядашчыя дамы. Большая частка надзелаў аказалася запатрабаванай мясцовымі жыхарамі, якія і дасюль актыўна займаюцца земляробствам, бо трымаюць кароў, іх у вёсцы 15, свінняў і свінаматак. Тыя ж участкі, што не знайшлі сваіх карыстальнікаў, сёлета на санітарных днях былі ператвораны ў міні-скверы, засаджаны бярозамі. Дарэчы, дзікарослыя саджанцы капалі ў лесапалосах самі, не прыцягвалі для гэтай справы мясцовае лясніцтва.
Удалае рашэнне праблеме выпасу жывёлы знойдзена тут мясцовымі жыхарамі. На выдзеленым мясцовым сельгаспрадпрыемствам надзеле, недзе каля 10 гектараў, мужчыны самастойна ўсталявалі агароджу. Штодзень сюды заганяюць кароў раніцай і забіраюць увечары – пастух не патрэбен.
Запэўніў Сяргей Харланаў і ў трывалым супрацоўніцтве з КСУП “Запаветы Ільіча”. Каля іх аб’ектаў цяпер няма нядобраўпарадкаваных земляў. Усе магчымыя знаходзяцца ў гаспадарчым абароце, іншыя – дыскуюцца, каб не дапусціць разрастання кустоўя. Плануецца, што сёлета будуць выдаткаваны сродкі для зносу неэксплуатуемых былых памяшканняў свінафермы, а таксама для выкарчоўвання старога саду гаспадаркі. Тады ўезд у Міхедавічы набудзе зусім іншы выгляд.
Не ўзнікае праблем у старшыні сельсавета і з тэрміновым увядзеннем у севаабарот участкаў, што вызваляюцца пасля зносу. Адзін з такіх Сяргей Трыфанавіч прадэманстраваў, зазначыўшы, што хоць буйнагабарытнай тэхніцы КСУПа складана развярнуцца на вузкіх надзелах, але ні адзін метр зямлі не пустуе. Паведаміў, што толькі сёлета пад ворыва былі перададзены 1,36 гектара зямлі.
– Правядзенне санітарных дзён дапамагае трымаць населеныя пункты ў эстэтычным выглядзе, – звяртаючыся да тэмы грамадскага ўдзелу у справах, гаворыць старшыня. – Штопятніцу на добраўпарадкаванні працуюць прадстаўнікі лясніцтва, устаноў адукацыі і культуры, сацыяльных работнікаў. Закончылі пасадку міні-паркаў, цяпер, пасля Благавешчання, як тое прынята ў вёсках, пачнем засяваць кветнікі. Падфарбаваны малыя архітэктурныя формы. І калі для новых кветнікаў наўрад ці знойдзецца месца, то для драўляных архітэктурных форм – знойдзем. Іх вырабляе з паваленых дрэў, а такіх было толькі сёлета больш за паўтары сотні, рабочы сельсавета Юрый Стрэльчанка. Некалькі з яго новых твораў упрыгожылі цяпер тэрыторыю каля адміністрацыйнага будынка сельвыканкама. Нядаўна побач з’явіўся і адноўлены памятны знак загінулым у гады вайны землякам.
– 7 мая ў нас мяркуецца правядзенне ўрачыстасці па ўсталяванні мемарыяльных дошак героям Вялікай Айчыннай вайны, – заканчвае гутарку запрашэннем прыехаць яшчэ раз Сяргей Харланаў. – Мы ўшануем памяць нашага земляка Мікалая Шамрылы, удзельніка партызанскага руху, і камандзіра 130-й Петрыкаўскай партызанскай брыгады Івана Скалабана. Да таго часу, упэўнены, зноў будзе што паказаць, яшчэ папрацуем над добраўпарадкаваннем аграгарадка і ўсіх нашых вёсак.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о