Жнівень выдаўся спрыяльным для хлебаробаў: убраць самыя “багатыя” на намалот плошчы і завяршыць уборку ў тэрмін – добрая магчымасць для камбайнераў. Вось і ў мінулую пятніцу прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК і журналісты “раёнкі” на хвіліну адчулі, якім потам даецца камбайнерам намалот, калі з зачыненымі вокнамі легкавіка пры тэмпературы +36 градусаў  збочылі ад дарогі на Колкі ў бок Калінкавіцкага раёна, каб за паўгадзіны дабрацца да ўрочышча, дзе шчыраваў перадавік Руслан Качэля. Туды ж дырэктар КСУП “Капаткевічы” Аляксандр Пінчук даставіў і Яўгенія Бажка, які на дапрацоўцы зерня перасягнуў тысячатонную рыску.

– Мы спадзяваліся ўзяць сёлета намалот зерня ў 3700 тон, – пачаў Аляксандр Іосіфавіч, але бачым, што з зернем грэчкі і кукурузы намалот будзе не менш за 5 тысяч тон. – Гэта радуе. Тым больш, што за гэты час мы ўжо заклалі насенны фонд зерня на будучую сяўбу: 500 тон азімых зерневых культур і 240 тон яравых (авёс, ячмень, пшаніца).

Задача для Руслана – двухтысячны намалот

Наш “тысячнік” Руслан Качэля на сёння мае намалот ужо ў 1135 тон. Руслану пастаўлена задача ў сёлетняе жніво стаць “двухтысячнікам”. Мяркую, яму гэта будзе па сілах. Няхай раўняюцца на яго і нашы маладыя камбайнеры – Віталь Рудаўскі і Аляксандр Стравуя.

На рахунку Яўгенія Бажка ўжо 1300 тон дапрацаванага зерня. На мадэрнізаванай бранскай сушылцы аператар добра спраўляецца са сваёй задачай.

І вось урачысты момант: падарункі ад райкама прафсаюза і рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” уручыла старшыня райкама прафсаюза АПК Галіна Курловіч. Добрыя словы пажаданняў сталі дапаўненнем да гэтых падарункаў. На развітанне – фота на памяць і павольнае кружэнне буслоў у небе – як добры пасыл на добрыя справы.

Поспехаў і вытрымкі вам, паважаныя хлебаробы!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о