Анатоль Лукьянавіч, паклаўшы абедзьве рукі на старонкі, чытаў том Энцыклапедыі Вялікай Айчыннай вайны. Побач на стале ляжалі пажоўклыя старонкі раённай газеты. На фотаздымках ён, ветэран той вайны, крыху маладзейшы, але з такой жа як і цяпер абаяльнай усмешкай.

За жыццё не сорамна
Наша сустрэча была незапланаваная, ведалі, што мужчына заўсёды дома, заўсёды рады гасцям, таму і прыйшлі без запрашэння.
Расказ пра сябе Анатоль Куц пачаў каля карты сучаснай Беларусі, што вісіць на сцяне. Паказаў на самы куток Беларусі, недзе паміж Польшчай і Украінай. Там яго радзіма, вёска Дубавое Высокаўскага раёна, дзе некалі бегаў у маёнтак глядзець на хваравітую пані Панятоўскую, дзе вучыўся ў польскай школе і не меў права размаўляць на рускай або беларускай мовах. Самым каштоўным з успамінаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш, лічыць вайну – акупацыю, фронт, адраджэнне Беларусі.
– Надвячоркам 21 чэрвеня ў вёску з канцэртам прыехалі пагранічнікі, – узгадвае гаспадар. – Доўга яшчэ ўвечары не сціхала вёска пасля такой падзеі. А раніцай нас разбудзіла маці: “Уставайце, вайна!” Мы выскачылі ў двор, зямля і неба гудуць, самалёты, выбухі. Такой прыйшла ў нашу вёску тая бяда. Нельга сказаць, што акупанты лютавалі. Партызанаў у нас не было, бо не было лесу. Фашысты адразу ўстанавілі свае парадкі: норма здачы прадуктаў і цёплых рэчаў з гаспадаркі.
Нават цяпер голас мужчыны мяняецца, калі ён узгадвае 1944 год, як праз іх вёску адступалі мадзьяры. Пра жорсткасць гэтых атрадаў сказана цяпер многа. І тады пра іх бесчалавечнасць хадзілі страшныя байкі. Мадзьяры аказаліся заціснутымі на беразе Буга без пераправы. Не маючы магчымасці вырвацца, нішчылі мясцовае насельніцтва, не здаваліся наступаючым савецкім войскам. Суткі сям’я Анатоля Лук’янавіча – маці з дзецьмі – праляжалі ў агародзе. Тады хлопец упершыню ўбачыў мёртвага чалавека. Уцякаючы, побач былі засцігнуты куляй суседскі хлапчук і яго дзед. Так і ляжалі яны суткі побач – мёртвыя з адкрытымі блакітнымі вачыма ў неба і ён, жывы.
Пасля вызвалення пачалася дэмабілізацыя падрослых за гады акупацыі падлеткаў. 1925 год нараджэння адразу накіроўвалі на фронт. А іх, годам маладзейшых, у Бабруйск на падрыхтоўку камандзіраў гармат. Там Анатоль Лукьянавіч усвядоміў усю карціну разбурэння. Горад ляжаў у руінах. А між іх стаялі баракі лагераў, дзе раней трымалі савецкіх салдат. Цяпер там былі палонныя немцы, якія працавалі на ўзнаўленні горада.
– Навучанне было кароткім, – узгадвае ветэран. – За месяц мы вывучылі гарматы, выдалі нам для трэніровак сем куль і адну гранату. І на фронт.
Беласток, Усходняя Прусія, Калінінград, Данцыг, Гдыня, Сопат, Штэцін – такая геаграфія яго вайны. Іх трэцяя батарэя была прыкамандзіравана да 29 танкавага корпуса, падтрымлівала наступальныя баі артылерыйскім агнём. Ва Усходняй Прусіі быў паранены, але хутка вярнуўся ў сваю часць.
– Калі самі траплялі пад абстрэл, здавалася, што жывым з таго пекла ніхто не выйдзе, – Анатоль Лукьянавіч нібы наноў перажывае тыя падзеі. – Кожны раз развітваўся з жыццём. А калі ўсё сціхала, бачыш, то тут, то там пачынаюць варушыцца людзі, прысыпаныя зямлёю. Наступалі мы хутка. Немцы нават не паспявалі эвакуіраваць сваю тэхніку. Так, здаралася, і стаяла яна на чыгуначных платформах, прыкрытая брэзентам. Неяк пасля абстрэлу і адступлення ворага каля адной падбітай машыны знайшоў кніжку на нямецкай мове з нейкімі схемамі. Разгледзеў – інструкцыя па нашых “Кацюшах”. Немцы вывучалі нашу тэхніку. Даводзілася сустракацца і з іх шасціствольным мінамётам. Страшная сіла!
Перамогу Анатоль Куц сустрэў недзе паміж Берлінам і Штэцінам. Да жніўня іх часць яшчэ базіравалася ў Германіі, затым сваім ходам – у Пружаны. Тэрміновую службу працягваў ва Іванаўскім раёне, у Слуцку, Бабруйску. Толькі ў 1950 годзе быў дэмабілізаваны. А за год да гэтага пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Сцяпанаўнай, якая працавала на цагельна-чарапічным заводзе пад Бабруйскам. Сямейнае жыццё пачалі на радзіме жонкі ў Залессі.
Клапатлівы муж і бацька чатырох дзяцей, ён нёс адказнасць за добрабыт сям’і, імкнуўся зарабіць на вартае жыццё. Працаваў на цагельным заводзе і Дуброве, у структуры меліярацыі ў Навасёлках, нават у Мурманск на рыбалавецтва падаўся. Сёння, кажа, ні за што перад дзецьмі і памерлай жонкай не сорам. І за жыццё – не сорам. У ПМС быў членам месткома, мае нагрудны знак ВДНГ, медаль ветэрана працы. А галоўныя каштоўнасці – баявыя ўзнагароды: Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі за перамогу над Германіяй і за ўзяцце Кёнігсберга.
Больш трох дзясяткаў гадоў Анатоль Лукьянавіч жыве сам у сваім вялікім доме, дзе па-мужчынску аскетычна падтрымлівае парадак і чысціню. Мірыцца з бядою, якою выпрабоўвае яго лёс: памерлі раней часу сын і дачка. І шчыра радуецца, што нягледзячы на аддаленасць сын з Масквы і дачка з Клецка, а таксама ўнукі наведваюцца часта, клікаюць да сябе. Ды не, пакуль ехаць да іх рана. Куркі ў яго тут, сабака добры, нават не брэша. Ніхто ж яго такога не возьме. Таму жыць ён будзе ў сваёй хаце і чакаць гасцей.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о