Изображение 006_1
Пачалася восень. Дарэчы, ніколі не сустракаў прыметніка “доўгачаканая” разам з найменнем гэтай пары года. Мабыць, усе сезоны здаюцца цьмянымі перад стракатым, гарачым і шчырым на яскравыя падзеі летам.
Зразумела, што пасля такой насычанай пары, пераадолеўшы жніво і іншыя летнія клопаты, час нібы прыпыняецца. Наступае прыемная прахалода, і нібы само надвор’е падштурхоўвае запаволіць тэмп і паразважаць. Вельмі дапамагае ў такія моманты мастацтва, часам здаецца, што рукі самі цягнуцца да кнігі, слых міжволі ловіць кожную, нават ледзьве чутную мелодыю, галава напаўняецца думкамі. Хочацца пачуць нейкую глыбокую жыццёвую гісторыю, узгадаць нешта сваё, патаемнае.
І вось аднойчы, застаўшыся сам-насам з сабою, я зазірнуў у мясцовы краязнаўчы музей, дзе наведвальнікаў чакала карцінная выстава. У адрозненне ад апошніх экспанаваных у музеі работ мастакоў, Сяргей Далматаў – прыхільнік вобразнасці. У сваіх творах ён паказвае гісторыі асоб праз свет думак і пачуццяў, спалучаючы рэальныя дэталі з абстрактнымі, часам рэлігійнымі сімваламі. Найбольш цікавыя назіранні мастака, што знайшлі адлюстраванне ў карцінах, аздоблены невялікімі прамовамі ад самога аўтара. Тут знайшлося месца і сумным падзеям, і даволі вясёлым гісторыям. Скарыстаўся мастак і феноманам дуалізму, распавядаючы гледачам пра дваістую прыроду чалавечых меркаванняў, высноў і поглядаў. Пры гэтым нават самыя маленькія наведвальнікі экспазіцыі зразумеюць аўтара праз палатно “Цімафей”.
Уласна мне вельмі спадабалася карціна “Вечная нявеста”. Выява адсылае нас у былыя часы, але ў партрэце заможнай жанчыны сталага ўзросту пазамінулага стагоддзя лёгка пазнаюцца сучасныя прадстаўніцы прыгожай паловы.
Изображение 011_1
Сам мастак родам з Салігорска. Яшчэ ў школьным узросце марыў стаць урачом, але напужалі юнака лацінскай мовай. Потым была служба ў войску і паступленне ў Інжэкан (зараз – Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Менавіта тады Сяргея зацікавіў жывапіс алеем. Неўзабаве аўтар вырашыў звязаць свой шлях з выяўленчым мастацтвам, але без пачатковай мастацкай адукацыі ў ВНУ не прымалі.  Пры праглядзе работ Сяргея Далматава ў мастацкім вучылішчы выкладчыцы камісіі выказаліся: “Не раім Вам паступаць сюды. У Вас ёсць стыль, а тут яго будуць ламаць”.
Так і пакінуў Сяргей Далматаў думку пра атрыманне дыплома мастака. Пачаў займацца самастойна, а наперадзе яго чакалі выставы, заказы і запрашэнне на пленэр у Чэхію.
Нягледзячы на вобразныя прыёмы візуалізацыі, сам аўтар сваю творчасць ацэньвае даволі рэалістычна: “Ведаю, што работы такога плана, як у мяне, не вельмі зараз цэняцца, асабліва ў нас: ва ўсіх хапае праблем, а тут яшчэ глядзі, разважай. Іншая справа – прачнуцца, пабачыць кветкі, што дзірку на шпалерах хаваюць, і вось табе двайная радасць. Я не супраць нацюрмортаў, толькі пазіраючы на наша мастацтва, часцей за ўсё думаць не хочацца. Але тое, што прыемна воку, не заўсёды карысна для розуму. Не, я не рэвалюцыянер, хутчэй ціхі сузіральнік, што намагаецца паказаць, адкуль растуць гэтыя прыгожыя кветкі”.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о