Прафесія даяркі, ці па-сучаснаму аператара машыннага даення, доўгі час з’яўляецца ўзорам нялёгкай працы, што выпадае на сельскую жанчыну. Вось так і ў нашай гераіні – за высокімі паказчыкамі стаіць не толькі гонар за ўласны ўклад у агульную справу, але і цяжкая праца ад світання да позняга вечара.

За цяжкай працай –  высокія вынікіНаталля Маркавец у гэтым годзе адзначана як адна з лепшых па прафесіі. Летась яна надаіла 8880 кілаграмаў малака на карову і забяспечыла прырост прадукцыйнасці свайго статка, дзе ў асноўным першацёлкі, якіх трэба яшчэ раздаіць. За ўнушальнымі лічбамі і ўрачыстымі віншаваннямі – паўсядзённасць.

Аператар машыннага даення прачынаецца ў 4 гадзіны раніцы, каб а 5-й паспець на ранішнюю дойку, што працягваецца 3-4 гадзіны. Потым другая дойка і трэцяя, што цягнецца да 10-ці гадзін вечара. Але высокія паказчыкі – не галоўнае, чым можа ганарыцца Наталля Сцяпанаўна, бо яна яшчэ і шчаслівая маці пяцёх дзетак.
– Нарадзілася я ў Вялаўску, там, на ферме, і пачала свой працоўны шлях. Потым выйшла замуж і перабралася да мужа ў Бяланавічы. Так з 1997-га года і працую на мясцовым малочна-таварным комплексе СУП “Палессе-Аграінвест”.

З мужам іх шляхі разышліся і ёй самастойна давялося падымаць на ногі дзетак: чатырох дачок і малодшага сына. Старэйшыя дзяўчыны ўжо самастойныя. Людміла звязала свой лёс са сферай будаўніцтва, выйшла замуж, жыве ў Віцебску і знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцям. Другая дачка Алена атрымала спецыяльнасць швачкі, але працуе ў галіне гастранаміі ў Гомелі. Трое малодшых дзетак – Ганна, Аліна і Андрэй – навучаюцца ў 10, 8 і 7 класах адпаведна.
На пытанне як вытрымала такія складаныя жыццёвыя абставіны, Наталля Маркавец адказала сціпла і з лёгкай усмешкай:

– Не магу сказаць, што было лёгка, але дзеці вельмі дапамагалі мне. Раней мы трымалі гаспадарку, была і карова, таму ўсе мае дачушкі могуць без праблем жывёліну падаіць. Ну і як прынята ў вялікіх сем’ях, старэйшая дачка Людміла дапамагала гадаваць малодшых дзетак, бо я выйшла на работу з адпачынку крыху раней – праз 2,5 гады пасля нараджэння Андрэя.
Здагадваюся, што праз некалькі гадоў малодшыя дзеці таксама паедуць вучыцца, таму не магу не запытацца, што будзе рабіць Наталля Сцяпанаўна, калі ўсе дзеці будуць атрымліваць адукацыю? А жанчына, па ўсім відаць, ужо разважала над гэтым пытаннем.

– Не ўяўляю пакуль, як застануся сама ў нашым доме. Але разумею, што без адукацыі ў наш час нельга і дзяцей з іх выбарам лёсу буду падтрымліваць. Калі казаць пра сябе, то ўпэўнена, што на пенсіі буду даіць кароў. Калектыў у нас сяброўскі, адміністрацыя не крыўдзіць, чаму б не працаваць?!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о