Пераможцай у раённым спаборніцтве сярод працоўных калектываў раёна за высокакваліфікаваную працу і высокія паказчыкі ў медыцынскім абслугоўванні па выніках мінулага года быў прызнаны калектыў паліклінікі Цэнтральнай раённай бальніцы, якім другі год кіруе Настасся Сазонава.

Заўсёды ў руху насустрач пацыентам
Ад чатырох да сямі соцень чалавек штодзень звяртаюцца за кансультацыяй ці дапамогай да спецыялістаў паліклінікі. І кожны пасля такіх візітаў робіць высновы, станоўчыя ці не зусім, пра ўзровень прафесіяналізму і якасці працы ўрачоў і сярэдняга медперсаналу. Між іншым, сярэдні медперсанал ЦРБ у пераважнай большасці мае вышэйшую і сярэднюю кваліфікацыйную катэгорыю, а ўрачы – першую. Асноўныя ж паказчыкі іх працы: зніжэнне агульнай захваральнасці і смяротнасці. З году ў год у гэтым нашы медыкі маюць пэўныя станоўчыя зрухі.
Паліклініка як структурнае падраздзяленне ЦРБ не стаіць на месцы. Прыходзяць маладыя спецыялісты, аднаўляецца база, мяняецца знешні выгляд памяшканняў. Настасся Сазонава расказала, што ў пачатку года быў закуплены новы апарат ультрагукавай дыягностыкі. Пасля перападрыхтоўкі спецыяліста – урача Кацярыны Сураўцавай, жыхарам раёна для правядзення УГД сасудаў не трэба будзе ехаць у Гомель ці Мазыр. Цяпер разглядаецца пытанне мадэрнізацыі аддзялення фізіятэрапіі і рэабілітацыі. Сёлета будуць закуплены апараты для лазернага і магнітнага лячэння. Ужо закуплены два мультыфункцыянальныя апараты манітарыравання артэрыяльнага ціску з функцыямі ЭКГ. У хуткім часе ў штат будзе ўведзены яшчэ адзін урач функцыянальнай дыягностыкі і ў гэтым годзе чакаюць такога спецыяліста.

Заўсёды ў руху насустрач пацыентам
Пакуль пытанне ўкамплектавання паліклінікі ўрачамі вузкіх спецыяльнасцяў усё ж стаіць востра. Працяглы час няма афтальмолага і анколага. Вакантнымі застаюцца некалькі ставак сярэдняга медперсаналу. Настасся Сяргееўна пазначыла, што заяўкі для размеркавання спецыялістаў, урачоў і медсясцёр, падаюцца ва ўніверсітэты і каледжы ў поўным аб’ёме патрэбы. Іншая справа, што па розных прычынах гэтыя месцы так і не запаўняюцца. Хаця трэба адзначыць, што за апошнія некалькі гадоў калектыў паліклінікі значна прырос на маладыя кадры. Толькі летась прыйшла малады ўрач-фтызіятр Каміла Назірава, змяніла заслужанага ўрача з вялізным стажам Раісу Чарненка. Прышлі таксама на першае месца працы ўрач-інфекцыяніст Вольга Прус, а яе муж Іван Прус цяпер кіруе Ляскавіцкай участковай бальніцай. Прымаць пацыентаў сталі маладыя ўрачы – нарколаг Аляксандра Цыкунова, атарыналарынголаг Марына Шалкунова і акушэр-гінеколаг Крысціна Ляхар. Настасся Сазонава не прамінула адзначыць, што на працягу года да яе неаднойчы звярталіся пацыенты гэтых маладых спецыялістаў менавіта для таго, каб выказаць падзяку ім за ўважлівасць, прыязныя адносіны, чуласць і, зразумела, веданне сваёй справы.
У ЦРБ, як і ва ўсёй галіне аховы здароўя, цяпер праходзіць укараненне электроннай сістэмы. У нас ужо працуе праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе весці электронны запіс на прыём да ўрача, атрымліваць і карыстацца электроннымі рэцэптамі. Ідзе праца над электроннымі дзённікамі пацыентаў, куды будуць уносіцца ўсе дыягнастычныя даследаванні і пры звароце да любога ўрача на тэрыторыі краіны, той зможа ўбачыць неабходныя для яго звесткі.
– Сёння адна з важных задач – даступнасць медыцыны для кожнага жыхара раёна, – грунтоўна падыходзячы да гутаркі расказвае загадчыца паліклінікі. – Для таго прымаюцца нямала мер. Участковыя тэрапеўты прымаюць пацыентаў з 8 раніцы да 8 вечара, што дае магчымасць разгрузіць прыёмы да ўрача – жыхары горада і працуючыя грамадзяне могуць прыйсці ў другой палове дня. Папярэдні запіс да ўрача магчымы на любы дзень па жаданні па тэлефоне ці на сайце talon.by. У першую суботу месяца працуюць усе вузкія спецыялісты, што дае магчымасць грамадзянам хутка прайсці медыцынскія камісіі. Накіраванні для праходжання даследаванняў, неабходных для медкамісіі, можна атрымаць у памочніка урача, а заключэнне дае ўрач-прафпатолаг. Гэтыя меры здымаюць неабходнасць наведвання ўчастковага ўрача. Таксама памочнікі ўрача маюць паўнамоцтвы на падаўжэнне выпісаных раней урачом рэцэптаў, калі для далейшага лячэння не патрабуецца іх карэктыроўка. Кожную сераду брыгада ўрачоў выязджае ў сельскія населеныя пункты для прафілактычнага агляду насельніцтва, інваліды І групы наведваюцца па месцы жыхарства.
Настасся Сяргееўна не прамінае пазначыць, што ўсе новаўвядзенні, а таксама праца маладых спецыялістаў не мелі б добрага выніку, калі б не абапіраліся на трывалую аснову і аўтарытэт, падрыхтаваныя ўрачамі і медсёстрамі старэйшага пакалення, якія і сёння працуюць.
– Найперш хочацца назваць сёлетніх перадавікоў галіны, якія былі запрошаны на нядаўняе мерапрыемства па ўшанаванні, – працягвае размову Настасся Сазонава. – Пра выдатнага спецыяліста, ўрача-педыятра Тамару Герасіменка, раённая газета расказвала на сваіх старонках некалькі тыдняў таму. Сорак сем гадоў працоўнага жыцця аддала медыцыне старшая медсястра паліклінікі Таццяна Бужан. Назаву і тых, хто не ўваходзіць у структуру ўласна паліклінікі. Непамерна вялікі асабісты ўклад унеслі ў агульную справу аховы здароўя загадчыца другога тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Алена Мотуз, медсястра аддзялення анестэзіялогіі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Наталля Кліменка, медыцынскі статыстык Людміла Герасіменка і старшая медыцынская сястра Навасёлкаўскай бальніцы сястрынскага догляду Валянціна Каліна. Калі вяртацца да калектыву паліклінікі, то трэба адзначыць, што вялізны вопыт і аўтарытэт сярод калег, пацыентаў і жыхароў раёна маюць урач-дэрматавенеролаг Аляксандр Астапчук, урач-прафпатолаг Галіна Бабіч, эндакрынолаг Таццяна Яцук, акушэр-гінеколаг Алена Астапчук, урачы ультрагукавай дыягностыкі Мікала Галота і Ніна Русаковіч, урачы агульнай практыкі Ганна Юхневіч, Вікторыя Пічкар і Алена Белакур, раённы педыятр Святлана Мацвеева, загадчыца аддзялення фізіятэрапіі Тамара Шадура. У складаны час недахопу акушэраў-гінеколагаў трапіў да нас Бахлаван Мухамед Фадзі, справіўся з нагрузкай, і на яго адрас рэгулярна прыходзяць удзячнасці. Я ўпэўнена, і калегі мяне падтрымаюць, што без дапамогі медсястры праца любога ўрача спынілася б. Іх вопыт, веды, уменне хутка і спаноўча вырашыць любое рабочае пытанне – каштоўныя. Працяглы час без урача працавалі медсястра кабінета ўрача-афтальмолага Наталля Навацкая, медсястра кабінета ўрача-нарколага Наталля Нікель, медсястра кабінета ўрача-анколага Тамара Кніга (цяпер яна выйшла на заслужаны адпачынак). Але ніколі ад пацыентаў не гучалі нараканні на неаказанне патрэбнай дапамогі. Лідзія Пабалелава, Наталля Гайчук, Наталля Козел – спіс высокакваліфікаваных медсясцёр, якіх па праве можна назваць правай рукой урача, можна працягваць доўга. Кожнай з іх мы ўдзячны за працу, выкананую адказна і дасканала, без спасылак на празмерную загружанасць, часта, звыш працоўнага часу. А таксама ўдзячны медрэгістратарам, якія першымі сустракаюць нашых пацыентаў, бяруць на сябе нехарактэрныя для іх абавязкі даведачных, дапамагаюць кожнаму наведвальніку распрацаваць неабходны для яго алгарытм візіту да спецыялістаў.
Як даказалі навукоўцы, у формуле здароўя, якая складаецца са спадчыннасці чалавека, яго ладу жыцця і медыцынскага абслугоўвання, на сістэму аховы здароўя прыпадае толькі 10%. Пераважная большасць – 40% – гэта нашы адносіны да здароўя. Урачы з веданнем справы сюды дапасуюць не толькі выключна вядзенне здаровага ладу жыцця, а таксама рэгулярную дыспансерызацыю, удзел у скрынінгах, якія дазваляюць на ранніх стадыях выявіць шэраг хвароб. І яшчэ дасканалае выкананне назначэнняў урача. Нядаўняе даследаванне выявіла, што толькі 40% рэцэптаў даходзяць да аптэк, астатнія не рэалізуюцца, не прымаюцца да ўвагі. Медыкі ўпэўнены, што каб жыць доўга ў здароўі трэба паважаць свой арганізм і працу тых, хто дапамагае пра яго клапаціцца.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о