Вуліца Набярэжная ў Галубіцы за апошнія гады значна папрыгажэла. Участкі са старэнькімі хатамі набылі новых гаспадароў з ліку жыхароў Міншчыны. Цяпер тут што ні дом, то “музей”. Вочы акругляюцца ад дэкаратыўных агароджаў, добраўпарадкаваных падворкаў і арыгінальных будаўнічых прыёмаў ва ўзвядзенні новых альбо рэстаўрацыі старых сядзіб. Прыемна так на душы становіцца, што вуліца дыхае новым жыццём.

IMG_3445

Дом майстра Уладзіміра Гарбунова на Набярэжнай мы  знайшлі хутка. Месца шыкоўнае: сядзіба схавана ў закутку ад дарогі, а мінуўшы гаспадарчы двор з курамі, выходзіш на ўлонне поймы Прыпяці. Вось дзе гаспадар знаходзіць творчае натхненне, прыдумляючы новыя эскізы самаробнай мэблі і іншых карысных рэчаў для быту! Закінуўшы спінінг, у чаканні рыбнага трафею якія толькі ідэі не прыходзяць у разумную галаву гэтага мужчыны!

Голас Уладзіміра Уладленавіча і рухі спакойныя. Разважлівы, негаваркі, сціплы мужчына не ганарыцца, не “крычыць” пра свае дасягненні. Але не трэба і пытаць – бачна, што кожны куток падворка аздоблены з густам. Каля невялікай градкі з сакавітым перцам дэкаратыўная міні-сажалка, а каля яе – безліч архітэктурных форм і вуллі з пчоламі. Паспявае гаспадар не толькі рыбаліць, але і мёд збіраць. Сам, як прызнаўся, не ўжывае пчаліную смакату, бо, напэўна, аб’еўся мёдам яшчэ ў юнацтве.

IMG_3462

Сядзіба гэта, як высветлілася, бацькоўская, але ўсё цяпер у ёй па-сучаснаму, шмат дабудоўвалася і змянялася.

Спецыяльнасць Уладзімір Гарбуноў набыў рэдкую – вогнеўпоршчык. Быў заняты на вытворчасці прамысловых печаў для Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Потым ездзіў за “доўгім рублём” у Расію. Гадоў дзесяць таму з жонкай Алай Мікалаеўнай вырашылі прамяняць жыццё ў Мазыры на вясковае, пераехалі ў Галубіцу. Тут і разгарнуў бурную дзейнасць гаспадар. Пачаў з бацькоўскай хаты. Потым да Уладзіміра Уладленавіча пачалі звяртацца аднавяскоўцы. Ды і тыя ж суседзі-мінчане, убачыўшы майстэрскія здольнасці мужчыны, сталі звяртацца з заказамі вырабіць з масіву дрэва разьбярныя лавы, крэслы, вешалкі, падстаўкі для кветак,  печ, камін пабудаваць. Так што шмат заслуг па аздабленні сядзіб на Набярэжнай, ды і не толькі на ёй, на рахунку гэтага чалавека.

IMG_3475

Для птушак Уладзімір Уладленавіч змайстраваў шпакоўні-домікі, сапраўдныя церамкі, дзе з задавальненнем селяцца і ўюць гнёзды пярнатыя. У сабакі Кузі на плоце прымайстраваны вензель: начальнік варты. Адразу становіцца зразумела, хто ў двары галоўны.

Перабудаваны хлеў стаў у двары лазняй. На земляным склепе для гародніны і марынадаў гаспадар узвёў летні домік. Цяпер тут можна з сям’ёй адпачыць у спёку, чай папіць, пагаманіць. Дарэчы, дачка Марта жыве таксама ў Галубіцы, працуе ў навуковым аддзеле Нацпарка “Прыпяцкі”. З нецярпеннем чакае дзядуля прыходу адзінай пакуль і любімай унучачкі Алісы.

IMG_3473

Шмат задумак і ідэй у майстра Уладзіміра Гарбунова. Пажадаем яму добрага здароўя, паспяховага выканання намечаных планаў, сямейнага дабрабыту і шчасця ў гэтым утульным і гасцінным доме!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

IMG_3486 IMG_3481 IMG_3478 IMG_3477 IMG_3470 IMG_3460

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о