Суботні майскі дзень быў аб’яўлены ў краіне пра-
цоўным і мы разам са старшынёй райкама
прафсаюзаў АПК Ірынай Берднік паспяшылі наведацца з падарункамі ў ААТ “Камаровічы” да перадавікоў, чые імёны “мільгалі” сярод удзельнікаў раённага спаборніцтва на веснавой сяўбе ранніх яравых і зерневых.
ЗА ПРАЦАЗДОЛЬНАСЦЬ – УВАГАЭдуард Якавец і Ірына Берднік ЗА ПРАЦАЗДОЛЬНАСЦЬ – УВАГАВячаслаў Майсюк
ЗА ПРАЦАЗДОЛЬНАСЦЬ – УВАГА
Мікалай Бажок
Гэтыя людзі першымі выводзяць на палі сваю тэхніку, каб падрыхтаваць глебу і закласці ў яе насенны матэрыял каласавых культур.
Эдуард Якавец працуе ў сельгаспрадпрыемстве амаль дзесяць гадоў. Да працы малады мужчына звыклы, бо вырас у  шматдзетнай сям’і. Бацькі выхоўвалі сваіх пяцёх дзяцей у працы і ў настаўленне заўсёды ставілі адказнасць за даручаную задачу. Такім вырас і Эдуард Мікалаевіч.
Пасля школы паступіў і скончыў Гомельскі машынабудаўнічы каледж, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-электрыка, майстра вытворчага навучання. Але вярнуўся на малую радзіму і пайшоў у гаспадарку. Новы трактар “Беларус-3522” Эдуарду Мікалаевічу далі чатыры гады таму.
Каб уручыць удзельніку раённага спаборніцтва дыплом і падарунак, мы дабіраліся да механізатара больш шасці кіламетраў ад Камаровіч. Ды і тое пашэнціла, што дарога сухая, дажджоў тады яшчэ не было. Там, ва ўрочышчы “Пагарэчча” і шчыраваў Эдуард Якавец разам з напарнікам Міхаілам Краўчанкам. Пыл ад сухога тарфяніка ўздымаўся клубамі высока ў неба, але гэта не спыняла працаўнікоў, трэба за дзень паспець справіцца з даведзенай нормай. Плошчу ў 50 гектараў, як выказаўся сам Эдуард Мікалаевіч, ім удвох нескладана прадыскаваць за дзень. Тут будзе расці кукуруза.
Да гэтага механізатар таксама быў заняты на падрыхтоўцы глебы. Адзін ён падрыхтаваў да сяўбы ранніх яравых культур 1438 гектараў, за што і быў удастоены ўзнагароды.
Дома ў Эдуарда Мікалаевіча дзве маленькія дачушкі: Святлана сёлета скончыць першы клас, а Аліна нядаўна пайшла ў садок. Жонка Ева Пятроўна пасля дэкрэтнага адпачынку выйшла на сваё працоўнае месца. Яна бухгалтар ААТ “Камаровічы”.
Мы пажадалі Эдуарду Мікалаевічу плёну і добрага настрою і накіраваліся ў Фаставічы, дзе шчыраваў другі перадавік Мікалай Бажок.
Пра сям’ю Мікалая і Юліі Бажок мы пісалі нядаўна на старонках “раёнкі”, але Мікалая Іванавіча я не бачыла, бо ён, са слоў жонкі, заўсёды на працы. Гэта сапраўды так.
Ірына Генадзьеўна ўручыла сейбіту дыплом і памятны падарунак.
Дарэчы, на энерганасычаным трактары “Беларус-3522” Мікалай Іванавіч заклаў насенне ранніх яравых на плошчы ў 914 гектараў. Работу гэту ён працягвае і цяпер. Так, у дзень нашага наведвання механізатар быў заняты на сяўбе аўсу, які пазней будзе скошвацца на корм жывёле.
На загрузцы насення разам з Мікалаем Бажком працаваў Вячаслаў Майсюк на аўтамабіле ЗІЛ-130 ЗСК. Дарэчы, Вячаслаў Міхайлавіч дваццаць пяць гадоў круціць абаранак і з гэтай справай мужчына няблага спраўляецца.
Поспехаў вам, паважаныя, і спрыяльнага надвор’я!
Цудоўна, калі прадстаўнікі прафсаюзных суполак  заахвочваюць перадавікоў вытворчасці. Гэта задае добры настрой людзям і стымулюе да новых перамог. Трэба адзначыць, што і кіраўніцтва ААТ “Камаровічы” клапоціцца пра сваіх работнікаў: на механізатарах была спецвопратка і, што таксама важна, людзям на палі дастаўляюць гарачае харчаванне. Гэта норма павінна быць у кожным сельгаспрадпрыемстве раёна.
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о