Курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ўжо другі раз запар наведалі вучняў старэйшых класаў другой гарадской школы. Пасля сустрэчы мы пагутарылі з імі пра навучанне, службу і перспектывы жыцця.

Аляксандр Багамазаў і Павел Рудзько паўтары гады таму самі былі абітурыентамі. Ваенная форма і статус курсанта для ўчарашніх навучэнцаў СШ № 2 горада Петрыкава былі тады марай, якая хутка ператварылася ў рэчаіснасць. І відаць гэта не толькі па абмундзіраванні – пэўна раз за паўгоддзе хлопцы мяняюць “старыя” кіцелі на большыя па памеры, бо плечы з кожнай нашай сустрэчай становяцца ў маладых людзей больш шырокімі.

За мараю хоць у нябёсы
Нагадаем, што год таму Аляксандр і Павел адзначалі – навучанне звонку здавалася цяжкім, але на справе ўсё аказалася лягчэй. Зараз, атрымаўшы пэўны курсанцкі вопыт, маладыя людзі адзначылі:

– Час і пераадоленыя выпрабаванні аб’ядноўваюць. Зараз мы можам казаць ужо пра своеасаблівае ваеннае братэрства. Калі ў кагосьці нешта не атрымліваецца – яму абавязкова дапамогуць таварышы. Быў у нас адзін хлопец, ну нічога ён не разумеў у начартальнай геаметрыі. Здаецца, і выкладалі нам добра, а яму ці часу не хапіла разабрацца, ці напужаў прадмет… Але сябры, змяняючы адзін аднаго, не зважаючы на страчаны час, дапамагалі, нанова тлумачылі заданні і правяралі памылкі. Урэшце курсант здаў іспыт, а галоўнае, атрымаў веды і навыкі, – адзначыў Павел.

– Трэба дадаць, што ў Акадэміі авіяцыі створаны выдатныя ўмовы як для навучання, так і для спартыўнай і навуковай дзейнасці. Я дакладна не ведаю, як арганізаваны працэс у іншых ВНУ, але часам прыходзілася чуць ад сяброў і аднакласнікаў, што ў адным універсітэце складана зразумець выкладчыка, у іншым – мноства матэрыялу даецца на самастойны разгляд. Нашыя настаўнікі не толькі выдатна валодаюць навучальнымі дысцыплінамі, але і добра ўмеюць перадаць свае веды студэнтам, – дадаў Аляксандр Багамазаў.

Што тычыцца абранай навучальнай установы, то тут мроі і выгоды перапляліся. Павел з дзяцінства цікавіўся тэхнікай, блізкай яму была і ваенная тэматыка, ну і каго ж не заварожвала перспектыва засваення бяздоннай прасторы нябёсаў?!

Аляксандр вырашыў, што паступленне на ваенны факультэт, акрамя іншага, зробіць яго больш самастойным як у маральным, так і ў матэрыяльным плане:
– Усе атаясамліваюць студэнства з вольным жыццём. Але свабода ў многіх усё роўна за бацькоўскі кошт. Мне ж хацелася пазбавіць сваіх блізкіх ад істотных матэрыяльных затрат. Акадэмія дае мне стыпендыю і поўнае забеспячэнне. Даволі істотныя грошы мы атрымліваем калі пасля семестра выходзім на адпачынак. Мне спакойна і крыху ганарліва, бо не прыходзіцца іншы раз тэлефанаваць бацькам, каб паведаміць, што чарговы раз патрэбныя грошы. Ды і жыццё па распарадку не дае траціць вялікія сродкі на забавы, – падзяліўся Аляксандр.

Навучанне курсантаў распісана па хвілінах. Расклад прадугледжвае зарадку, наведванне сталовай, час для самастойнай падрыхтоўкі і вольныя гадзіны. За людзьмі вайсковымі і кантроль адпаведны. Тых, хто не сутыкаўся з такім жыццём, можа палохаць нармаваны час і ўвага з боку начальнікаў. На самой справе, як адзначылі маладыя людзі, прызвычаіцца да раскладу лягчэй, чым можа здацца на першы погляд. Разам з тым, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі мае і грамадзянскія факультэты. Зразумела, ёсць спецыяльнасці, на якіх разам з хлопцамі навучаюцца і дзяўчаты.

– Не будзем далёка хадзіць за прыкладамі, усе ведаюць пра беспілотнікі, якія з’яўляюцца зараз у распараджэнні як у сілавых структур, так і іншых арганізацый. Адпаведна і спецыялісты, што кіруюць, абслугоўваюць такія апараты, патрэбны, – патлумачыў Павел.
Што да перспектыў, то Аляксандр Багамазаў прапанаваў паглядзць на гэта па-філасоўску:

– Мы навучаемся на кафедры сродкаў наземнага забеспячэння палётаў і атрымліваем спецыяльнасць інжынераў-механікаў, таму трапім служыць на аэрадромы. Поруч, зразумела, знаходзяцца немалыя гарады – Ліда, Баранавічы, Мінск, Бабруйск. Таму, калі кагосьці пужае размеркаванне ў глухую вёску, можам запэўніць – такога не адбудзецца. Што да абавязковай службы ў пяць гадоў, то ўсё залежыць ад стаўлення чалавека. Нехта, магчыма, сумна ўздыхне, а я, насупраць, атрымаю ўпэўненасць у стабільнай будучыні – пяць гадоў буду мець месца працы, заробак і магчымасць развівацца і атрымліваць карысны вопыт.
На прапанову напаткальнага слова да будучых абітурыентаў, вайскоўцы пераглянуліся і дапаўняючы адзін аднаго прамовілі:

– У вас ёсць выдатны шанец зрабіць сапраўдны самастойны і карысны ўчынак, за які вашыя бацькі скажуць вам дзякуй. Не марнуйце вольны час толькі адпачынкам, не абірайце свой жыццёвы шлях з-за таго, што адны школьныя прадметы даюцца вам лепей за іншыя, не пакідайце мары абраць такі лёс, які вы самі жадаеце.
Вызначцеся ў простым пытанні – кім вы сапраўды жадаеце быць. Падцягніце дысцыпліны для паступлення, калі вырашылі звязаць свой лёс з сілавымі структурамі – не забывайцеся пра спорт. Нехта будзе адчуваць сябе больш утульна ў сацыяльных сетках ці за праглядам серыялаў, вы ж у гэты час будзеце набліжацца да сваёй мары, а калі паступіце на пажаданую спецыяльнасць – зразумееце, што ўсё было не дарма. Вашыя бацькі ўбачаць вас самастойнымі і будуць ведаць, што іх дзіця вартае не толькі зрабіць асэнсаваны выбар, але і прыкласці ўсе намаганні для яго ажыццяўлення. Так юнакі і дзяўчаты і робяцца дарослымі, а гэта выдатная падстава для радасці, гонару вашых родных і яскравы прыклад для малодшых сясцёр і братоў.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о