1 109

Жыхары гарадскога мікрараёна “ваенны гарадок” заўважылі, што сувязісты вядуць работы. Гамонка ідзе нібыта пра мадэрнізацыю сетак. Што чакае абанентаў стацыянарных тэлефонаў і карыстальнікаў інтэрнэту? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да начальніка Петрыкаўскага ўчастка электрычнай сувязі Сяргея Кебца.

– Сапраўды, па вуліцы Каралёва праводзіцца мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі з пераключэннем нумарной ёмістасці на сучасную мультымедыйную платформу IMS  па тэхналогіі PON, – гаворыць Сяргей Іванавіч. – Мадэрнізацыя прадугледжвае пракладку ў кожную кватэру валаконна-аптычнай лініі сувязі і ўстаноўку аптычнай разеткі для прадастаўлення шырокага спектру паслуг.

– Як павінна ўсталёўвацца аптычная разетка і колькі каштуе яе ўстаноўка?

– Разетка размяшчаецца побач з мадэмам. Гэтая паслуга бясплатная. Адлегласць ад існуючай электраразеткі да аптычнай павінна быць не больш 0,7 метра.

– А калі абонент адмаўляецца ад устаноўкі аптычнай разеткі?

– У выпадку адмовы дадатковыя работы па пракладцы кабеля пры пераключэнні будуць здзяйсняцца згодна з тарыфамі РУП “Белтэлекам”.

Гэтая мадэрнізацыя, дарэчы, забяспечыць абанентам шырокі спектр і высокую якасць паслуг тэлефоннай сувязі, доступу ў  інтэрнэт ад byfly, інтэрактыўнага тэлебачання ZALA. Самыя высокія хуткасці работы ў сетцы інтэрнэт – да 50 Мбіт/сек. на тарыфных планах “Рэкорд”, “Ясна”. Існуючыя тэхналогіі забяспечваюць хуткасць не больш 6 Мбіт/сек.

На сёння папулярнасцю карыстаецца пакет “Ясна 25” коштам 29,9 рубля ў месяц. У яго ўваходзяць тры паслугі: доступ у інтэрнэт на хуткасці 25/12,5 Мбіт/сек.; тэлебачанне (не менш 85 каналаў); неабмежаваная працягласць тэлефонных размоў па сетцы Белтэлекама (акрамя выхаду на мабільныя аператары, міжнародныя выклікі і даведкавыя службы) і паслуга ідэнтыфікацыі лініі выклікаючага абанента (CLIP).

– Нашы чытачы пытаюцца пра паслугу “Утульны дом”.

– Абаненты, якія зацікаўлены ў магчымасці аддалена кантраляваць стан свайго дома ці кватэры, маюць магчымасць падключыць гэту паслугу за 5,60 рубля ў месяц.

“Утульны дом” – гэта простае і эканамічнае рашэнне, якое дапамагае забяспечыць абанента інфармацыяй пра змены стану асобных аб’ектаў у памяшканнях і кіраванне ўтульнасцю і рэсурсазберажэннем у гэтых памяшканнях.

– Якое абсталяванне прадастаўляецца абаненту?

– Базавы камплект, у які ўваходзяць: датчык задымленасці, датчык руху і датчык адчывання дзвярэй, вокнаў. Таксама за дадатковую  плату абонент можа атрымаць патрэбную колькасць дадатковых датчыкаў, відэакамеру, сірэну, “разумную” разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, уцечкі вады.

Гутарыла Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о