З дзесяцітысячным выхадам нумара “Петрыкаўскіх навін” калектыў рэдакцыі фірмова павіншавалі работнікі райаддзела МНС.

Выратавальнікі не толькі з’яўляюцца нашымі актыўнымі падпісчыкамі, але плённа і аператыўна інфармуюць насельніцтва як пра прафілактычныя меры, так і пра здарэнні на тэрыторыі раёна, часцяком выступаючы ў ролі пазаштатных аўтараў і, канешне, герояў рэпартажаў. Таму ў выхадзе дзесяці тысяч нумароў раёнкі, ёсць і іх унёсак. Камусьці можа здацца, што інфармаванне насельніцтва – не такая гераічная справа, як выратаванне чалавечых жыццяў. Але хочацца спадзявацца, што артыкулы газеты таксама прымусілі кагосьці задумацца, зрабіць сваё жыццё і ўмовы побыту больш бяспечнымі для сябе і блізкіх.

За лічбай – клопат пра бяспеку

Выезд з выратавальнікамі – гэта заўсёды цікавы рэпартаж, у час якога журналіст абавязкова атрымае кампетэнтнае тлумачэнне і зможа зрабіць арыгінальны і яскравы кадр. Чаго вартыя іх квэст-гульні з дзецьмі і дарослымі, што задорна апранаюць экіпіроўку МНС ці трэніруюцца тушыць умоўнае ўзгаранне з вогнетушыцеля або брандспойту.

На жаль, не абыходзіцца і без здарэнняў. У такіх выпадках заўсёды шкада людзей, таму, спадзяемся, жыхары і госці Петрыкаўшчыны робяць правільныя высновы, тым больш, што паступаючая інфармацыя заўсёды аператыўная і дакладная.
Калектыў рэдакцыі шчыра дзякуе работнікам РАНС за супрацоўніцтва і жадае ўсім здароўя і дабрабыту. Няхай пажарныя рукавы разгортваюцца толькі для трэніроўкі. Добра было б, каб і насельніцтва шчыра ўсведамляла неабходнасць пажарнай бяспекі і не карысталася памылковым меркаваннем “гэта са мною не здарыцца”. Давайце, паважаныя сябры, клапаціцца як пра сябе, так і пра блізкіх людзей.
А наперадзе нас чакае мноства навін, спадзяемся добрых і цікавых.

Вашы “Петрыкаўскія навіны” і РАНС. Дзень за днём. Заўсёды.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о