У красавіку мінулага года ў час наведвання Жыткавіцкага раёна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне за год добраўпарадкаваць і навесці парадак у нашым горадзе. Як змаглі ўпэўніцца петрыкаўчане, пэўныя работы ў горадзе пачаліся ўжо. Поўным ходам ідуць рамонты будынкаў дзіцячага ясляў-сада № 5, сярэдняй школы № 1, Петрыкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, пачаліся работы па ўстаноўцы вокнаў у дзіцячым яслях-садзе № 7, завезены яны ўжо і ў сярэднюю школу № 2. Пэўныя работы вядуцца і на аб’ектах гандлю, а таксама ў гасцініцы горада. Пачалася падрыхтоўка да рэканструкцыі гарадскога парка, плошчы, стадыёна.
За горад прыгожы, за горад утульны За горад прыгожы, за горад утульны За горад прыгожы, за горад утульны
На вялікі жаль, сацыяльныя сеткі адразу ж застракацелі так званымі “абаронцамі” дрэў. Пры чым, у сваіх выразах яны не надта саромеюцца літаральна пакрыўдзіць тых, хто імкнецца горад добраўпарадкаваць. Шкада, што ёсць яшчэ такія грамадзяне, якія ў штыкі прымаюць усё, што робіцца зараз у горадзе ім жа на карысць.
З гэтай нагоды, а таксама дзеля таго, каб унесці пэўную яснасць у плане таго, што ўсё ж будзе рабіцца ў бліжэйшы час у горадзе, мы звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Васіля Беразоўскага і папрасілі расказаць пра плануемыя работы па добраўпарадкаванні горада.
Як адзначыў Васіль Мікалаевіч, работ запланавана шмат. Так, будзе ажыццяўляцца поўная рэканструкцыя вуліц Карла Маркса, Ленінскай, Першамайскай, Гогаля, Бумажкова, Пушкіна, Камунальнай. Будуць прыведзены ў парадак магазіны, грамадскія і адміністрацыйныя будынкі. Таксама будзе ажыццяўляцца рамонт школ, завершыцца рэканструкцыя гарадскога стадыёна. Зараз на ім ужо вядуцца работы па дэманціраванні трыбун і пакрыцця дарожкі для бегу. Плануецца, што на стадыёне будуць размешчаны валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, футбольнае поле са штучным пакрыццём, усталяваны новыя трыбуны і хакейная каробка.
Не застанецца ў баку і жыллёвы фонд. Цякучы рамонт пройдзе ў 37 дамах і ў 11 – капітальны.
Добраўпарадкаваны будзе аўтавакзал і тэрыторыя вакол яго.
Таксама поўная рэканстукцыя чакае і гарадскую плошчу. Плануецца, што яна стане цалкам пешаходнай з пакрыццём з бруку. На ёй будуць усталяваны скамейкі і клумбы, а таксама пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы.
Рэканструкцыя чакаецца і гарадскога парку. Хворыя і даволі ўжо старыя дрэвы ў ім заменяцца на новыя, а сам парк падзеліцца на дзве часткі, абновіцца алея герояў, дзіцячая пляцоўка і амфітэатр.
Што датычыць азелянення горада, дык замест выдаленых дрэў будуць кампенсацыйна высаджаны новыя. У першую ж чаргу выдаляюцца старыя, аварыйныя, пашкоджаныя караедам і амелай дрэвы дзеля недапушчэння далейшага распаўсюджвання гэтых паразітаў, а таксама тыя дрэвы, якія каранямі пашкоджваюць пакрыццё тратуараў. (Для даведкі. Амела белая – шматгадовая вечназялёная расліна, паразітуе на галінах шматлісцевых, радзей іглічных дрэў. Разгалінаваннямі каранёў пранікае пад кару і ў драўніну дрэва-гаспадара, утвараючы ў ёй шматлікія прысоскі.
Паразітуе амела на многіх дэкаратыўных і лясных драўняных пародах і выбарчая здольнасць яе вельмі шырокая. З лісцевых парод яна сустракаецца на таполі, ліпе, вярбе, клёне, бярозе, вязе, глогу, радзей дубе, грэцкім арэху, рабіне, белай акацыі, а з садовых – паражае яблыню, грушу, сліву.
Амела белая ўяўляе сапраўднае бедства для зялёных насаджэнняў. Гэта расліна-паўпаразіт паспяхова захоплівае ўсё новыя і новыя тэрыторыі, пашырае круг раслін-гаспадароў. Паражэнне дрэў амелай зніжае іх даўгавечнасць, а ландшафты губляюць дэкаратыўнасць. Акрамя таго, амела з’яўляецца адной з галоўных прычын сухаверхавінасці дрэў).
Разам з тым, вуліцы горада і парк упрыгожаць розныя малыя архітэктурныя формы. А на галоўных вуліцах будзе заменена на драўляную агароджа. Гэта дасць магчымасць нашаму гораду стаць па-свойму адрозным ад іншых і выразіцца сваёй адметнай прыгажосцю і ўтульнасцю.
Зараз на завяршальным этапе знаходзіцца работа па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на вышэй указаныя аб’екты. Як толькі ўсе работы будуць цалкам узгоднены, мы больш падрабязна пазнаёмім нашых чытачоў і жыхароў горада з тымі прыгожымі зменамі ў плане добраўпарадкавання, якія чакаюцца ў нас у бліжэйшы час і будзем інфарміраваць аб ходзе іх правядзення.
Хочацца таксама звярнуцца і да жыхароў прыватнага сектара горада. Не заставайцеся і вы ў баку ад добраўпарадкавання. Калі ласка, паклапаціцеся пра тое, каб вашы падворкі выглядалі дастойна і прыгожа. Знясіце або аднавіце старыя разбураныя будынкі, пафарбуйце фасады дамоў, прывядзіце ў парадак дахі. Калі ёсць неабходнасць, КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” акажа паслугу па мыцці пакрыцця дахаў. Варта таксама прывесці ў парадак на сваіх прысядзібных участках і дрэвы – дзе неабходна, падрэжце галлё, або спілуйце аварыйныя і неэфектыўныя.
Давайце ўсе закасаем рукавы і навядзем парадак на сваіх прысядзібных участках, каб потым кожны з нас мог сказаць з гонарам: “Я жыву ў самым прыгожым горадзе – у Петрыкаве”.
Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о