Супрацоўнік “ПН” правяла журналісцкае раследаванне па выкананню правіл размяшчэння наружнай рэкламы на вуліцах горада.
На днях стала сведкай сітуацыі: на адной з вуліц горада жанчына мацавала скотчам да слупа з дарожным знакам прыватную аб’яву. Заўвага землякоў пра тое, што ў метрах дзесяці знаходзіцца для гэтых мэт “Дошка аб’яў”, а слуп ад скотча некаму давядзецца чысціць – ёю была праігнаравана. Убачанае, падштурхнула мяне разабрацца: наколькі землякі прытрымліваюцца ўстаноўленых правіл і чым можа абярнуцца незаконнае расклейванне рэкламных улётак.
Пачала з аб’езду вуліц горада, каб зразумець, ці дастаткова месцаў у райцэнтры для “культурнага” размяшчэння аб’яў прыватнага характару. Як аказалася, ва ўсіх кутках Петрыкава насельніцтву прадастаўлена такая магчымасць. У раёне Белкі – “дошка для аб’яў” знаходзіцца побач з крамай “Святлана”, у цэнтры горада – інфармацыйная тумба на скрыжаванні вуліц Вароўскага і Розы Люксембург. Такая ж тумба размешчана каля вулачкі па вуліцы Валадарскага, якая вядзе ў ваенны гарадок, стэнд для інфармацыі маецца і побач з базарнай плошчай. Але нягледзячы на прапанаваныя для аб’яў месцы, папяровыя абрыўкі можна ўбачыць на ліхтарных слупах, прыпынках грамадскага транспарту, фасадах будынкаў, пад’ездах жылых дамоў. Часам чалавечая безкультурнасць пераходзіць межы: у ваенным гарадку для размяшчэння аб’яў выкарыстоўваюцца дрэвы ў паркавай зоне (на фота). У тым жа раёне, па Каралёва, 9, камунальнікам выраблены і развешаны каля пад’ездаў невялікія дошкі для размяшчэння інфармацыі. Але “горарэкламадаўцы” свае “навіны” прыляпілі побач з драўлянай шыльдачкай. У чым логіка такога ўчынка, асабіста мне не зразумела.
Падобная карціна прасочваецца і на прыпынках грамадскага транспарту, дзе сцены сапсаваны неахайнымі абрыўкамі паперы. Такіх прыкладаў шмат, але больш за ўсё прадэманстравалі землякі непавагу да грамадскай прасторы на прыпынку па вуліцы Карла Маркса: адносна новая сцяна запэцкана абрыўкамі скотча, клеючымі матэрыяламі.
Усе гэтыя факты сведчаць пра безадказнасць людзей, іх абыякавасць да дзяржаўнай маёмасці. Такія папяровыя бясчынствы не пакідаюць абыякавымі многіх гараджан. Часта яны самі зрываюць надакучлівыя аб’явы. “А як інакш, – дзеліцца жыхарка па вуліцы Бумажкова. – Хочацца жыць у чысціні, а гэтыя аб’явы проста псуюць выгляд нашага пад’езда”. Жыхар шматпавярхоўкі па вуліцы Розы Люксембург абураўся тым, што гэтым летам для замацавання інфармацыі рэкламадаўцы на сцену дома нанеслі клей. Ачысціць усё гэта неабыякавым жыхарам каштавала часу.
Хочацца адзначыць яшчэ адзін момант. Аб’яў тыпу: “Куплю”, “Прадам”, “Здам” у горадзе не вельмі шмат. У асноўным гэта: “Патрабуюцца”, “Рэстаўрацыя”, “Рамонт”. Робім выснову: у большай ступені рэкламу ў недазволеных месцах размяшчаюць арганізацыі, прыватны бізнес у сферы аказання паслуг. Але навошта? У сучасным свеце пры дапамозе інтэрнэт-прасторы, СМІ – магчымасцей для таго, каб даць такога роду аб’явы існуе дастаткова.
Калі падумаць, то пры жаданні знайсці парушальнікаў не так ужо і складана: у кожнай аб’яве пакінуты кантактны нумар тэлефона, па якім яго можна вылічыць. Можа, калі б адпаведныя службы за гэтую справу пакаралі хаця б некалькіх чалавек – гэта мела б эфект. Пакаранне, нават невялікае, паслужыла б сігналам для іншых, што такія дзеянні не застануцца без увагі.
А на месцы расклейшчыкаў я б усё ж задумалася: увесь заробак ад размешчаных незаконным шляхам пасланняў проста можа сысці на аплату штрафу. І, вядома, хочацца верыць, што ў некаторых землякоў узнікне жаданне захоўваць чысціню і не псаваць знешні выгляд нашых населеных пунктаў.
Каментарый па тэме.
Начальнік аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Андрэй ЗАВАДСКІ:
– Размяшчэнне прыватных аб’яў рэгулюецца правіламі, якія забараняюць расклейку на прыватнай і дзяржаўнай уласнасці без дазволу, а таксама знаходжанне такога роду інфармацыі ў забароненых месцах: дарожныя знакі, слупы, тратуары, смеццевыя кантэйнеры і гэтак далей. Аб’явы, інфармацыю рэкламнага характару можна размяшчаць у спецыяльна адведзеных месцах, на прыстасаваннях, канструкцыях, прызначаных для гэтага.
Самавольнае расклейванне рэкламнай прадукцыі прыраўноўваецца да парушэння правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Згодна з часткай 2 артыкула 22.10 Кодэкса РБ “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” для грамадзян вызначаны штраф у памеры да 25 БВ, для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 10 да 50 БВ, для юрыдычных асоб – ад 20 да 100 БВ.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий