10 кастрычніка спаўняецца роўна 65 гадоў, як з канвеера сышла першая “Волга”. ГАЗ-21 стаў сапраўднай марай для некалькіх пакаленняў савецкіх людзей. Ды і зараз некаторыя аўтааматары не адмовіліся б стаць уладальнікам гэтай класікі савецкага аўтапрама. Менавіта з такім чалавекам мы пагутарылі пра прэстыжную і запаветную “ластаўку”.

З юбілеем, легенда!

“Желаем жизни долгой-долгой с телевизором и “Волгой”, – гэтымі словамі і зараз жартаўліва віншуюць з вяселлем маладых. Для большасці савецкіх сем’яў гэтыя пажаданні так і засталіся летуценнымі, бо з 1956 па 1970 гады выпушчана з канвееру было 639 478 экзэмпляраў. Але ўдакладнім, што да гэтай лічбы варта дадаць яшчэ “рэмзавадскія” аўтамабілі, якія збіраліся па ўсім Саюзе да другой паловы 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

З юбілеем, легенда!

Перад намі стаіць менавіта экспартны ўзор ГАЗ-21. Яго ўладальнік – Дзяніс Жукоўскі, якога з самага дзяцінства захаплялі рэтра-аўтамабілі:
– У свой час у бацькі быў Масквіч-407 1966 года, атрымліваецца, гэта першае аўто, за рулём якога мне прыйшлося пабываць. З цягам часу мне спадабаліся амерыканскія аўтамабілі 50-х гадоў.

З юбілеем, легенда!

“Волга” з’явілася знянацку, дзякуючы сябрам і воляю выпадку. У інтэрнэце я сутыкнуўся з аб’явай пра продаж, перагаварыў з дасведчанымі людзьмі і паехаў паглядзець машыну. Адразу зразумеў – мая, гэта было нібы каханне з першага погляду. Тут трэба падзякаваць яе былому гаспадару – ваеннаму, а зараз ужо пенсіянеру, што добра даглядаў аўтамабіль і максімальна захаваў завадское выкананне машыны.

З юбілеем, легенда!

Калі я сказаў, што забіраю “Волгу”, дзядуля нават крыху засумаваў… Неўзабаве, у час пераафармлення, знайшлося яшчэ два чалавекі, якія хацелі набыць рарытэт. Былы гаспадар, запэўніў: “Волга” завязе мяне ў любую кропку Беларусі.
Так і сталася. Па дарозе адбылося, праўда, некалькі ўзроставых паломак, але яны былі тэрмінова выпраўленыя на месцы, – распавёў Дзяніс.

З юбілеем, легенда!

Разам з ГАЗ-21 у Петрыкаў прыбыў цэлы бус з запчасткамі, якія ішлі “ў нагрузку” з “ластаўкай”. Перад новым гаспадаром паўстала пытанне: бюджэтна давесці аўто “да розуму”, ці капітальна адрэмантаваць. Дзяніс Мікалаевіч выбраў другі шлях. Пачалася работа працягласцю ў два гады. За гэты час машына была пераварана і нанова пафарбаваная, атрымала зшыты па заказе салон. Паралельна мужчына шукаў для сваёй “ластаўкі” некаторыя дэталі, рэчы інтэр’еру і экстэр’еру і поруч у гаражы Дзяніса Мікалаевіча з’явілася другая “дваццаць першая”, так званы “донар”. Дарэчы, гаспадар не выключае, што чарговая “Волга” будзе таксама адноўлена праз пэўны час.
– У маёй машыны ў гэтым го-дзе таксама сваеасаблівы “юбілей”. Сабралі яе, мяркуючы па дакументах ў 1968 годзе, а вось дэталі, прынамсі, кузаў, сышоў з канвеера ў 1966 годзе, – усміхаецца Дзяніс.

З юбілеем, легенда!
Мадэль ГАЗ-21 на задняй панэлі машыны

Зразумела, мы не маглі прапанаваць параўнаць не параўнальнае і спыталі, як адчувае сябе гаспадар за рулём “Волгі” пасля нямецкага Volkswagen T4.
– Да рычагу каробкі перадач пад рулём я прызвычаіўся хутка. Трохпрыступкавая каробка ўвогуле даволі зручная для горада – з другой перадачы можна крануцца на скражаванні, ды і ехаць па горадзе камфортна. Трэцюю я ўключаю ўжо па-за неселенымі пунктамі. Яна даволі “доўгая” і лепшая хуткасць для яе – каля 70-ці кіламетраў, хоць машына здатная развіваць хуткасць і ў два разы большую. Расход, канешне, адпаведны: літраў 14-16 выходзіць на 100 кіламетраў. Для паўсядзённага руху гэта занадта, але “Волга” для мяне – машына дзён адпачынку. Што да нечаканасцяў, то ў параўнанні з сучаснымі аўто, узімку машына даволі халодная. Тармазы ў “Волгі” важкія, трэба прыкладаць больш моцы, калі ціснеш на педаль. А вось тое, што машынай складана кіраваць па прычыне адсутнасці гідраўзмацняльніка – міф”, – адзначыў Дзяніс Жукоўскі.З юбілеем, легенда!

На пытанне, колькі сродкаў было ўкладзена ў гэты транспартны сродак, Дзяніс з іроніяй заўважыў, што, напэўна, за тыя ж грошы можна было купіць 10-15-гадовую іншамарку, але дакладнай сумы ён не ведае, не было патрэбы лічыць.
– З цягам часу гэта становіцца не так істотна, ды ўвогуле, ці можна падлічыць кошт здзейсненай мары?..

З юбілеем, легенда!

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о