З сонечнага Абавяна ў Палескі край

0
33

У трэцюю нядзелю лістапада работнікі сельскай гаспадаркі адзначаюць сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды мы сустрэліся з Гургенам Хаджаянам, трактарыстам-машыністам СУП “Палессе-Аграінвест”, які сёлета на раённай урачыстасці ўзнагароджаны Ганаровай граматай за добрасумленную працу.

Аграрны сектар – найважнейшая сфера эканамічнага жыцця нашай краіны. Руплівае стаўленне да зямлі-карміцелькі, працавітасць, стойкасць і цярпенне заслугоўваюць усеагульнай павагі. Бо менавіта хлебаробы, механізатары, жывёлаводы, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак сваёй самаадданай працай забяспечваюць харчовую бяспеку дзяржавы, дабрабыт і росквіт кожнай беларускай сям’і.
Здавалася, толькі ўчора пачыналася пасяўная, ішла барацьба за ўраджай, былі адзначаны рознымі ўзнагародамі аграрыі Петрыкаўшчыны. Вядома ж, першымі на хлебных нівах заўсёды былі і ёсць трактарысты. Адным з такіх работнікаў з’яўляецца трактарыст-машыніст Гурген Хаджаян.
Смуглявага мужчыну на Петрыкаўшчыне даўно лічаць сваім. Амаль 30 гадоў мінула, як ураджэнец сонечнай Арменіі пераехаў у сінявокую Беларусь. Кіраўніцтва і калегі СУП “Палессе-Аграінвест” запэўніваюць: такога адказнага, працавітага работніка яшчэ пашукаць.

Новыя гарызонты

У 1998 годзе, у пошуках лепшага жыцця і новых магчымасцей сям’я героя артыкула пераехала ў Беларусь.
– Я ніколі не пашкадаваў аб пераездзе ў новую краіну, – з цеплынёй у голасе кажа мужчына. – Беларусь стала нашым домам, тут мы знайшлі мір, стабільнасць і магчымасць для развіцця. Так сям’я Гургена Рыгоравіча трапіла ў вёску Грабаў.

Сям’я – крыніца радасці і шчасця

Сямейныя каштоўнасці для мужчыны – не пусты гук. Ён вырас у шматдзетнай і дружнай сям’і, дзе заўсёды панавала паразуменне, падтрымка і любоў. У героя артыкула 7 братоў: Каро, Аванэс, Геворг, Васілій, Гарык, Нарык і старэйшая сястра Алена. Выхоўвала іх маці Грэта Ашамаўна, якая ўсё жыццё прысвяціла дзецям і рабоце ў сельскай гаспадарцы, адпрацаваўшы аператарам машыннага даення.
– З дзяцінства матуля нас вучыла працавітасці і ўзаемадапамозе. Менавіта яе прыклад і любоў да зямлі заклалі зерне будучай прафесіі, – пазначыў мужчына.

Працоўны шлях

Скончыўшы Жыткавіцкі дзяржаўны каледж, мужчына ўладкаваўся трактарыстам у Грабаўскае лясніцтва. За перыяд працы герой артыкула не раз быў узнагароджаны падзякамі і ганаровымі граматамі за добрасумленную працу і ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. Пазней паступіла прапанова аб пераводзе ў Петрыкаўскі лясгас машыністам форвардара. Мужчына пагадзіўся.
– Я атрымаў каштоўны досвед працы ў лясгасе. Асвоіў складаную тэхніку і яшчэ больш развіў свае навыкі кіравання, – дзеліцца Гурген Рыгоравіч.
Пераход у сельскую гаспадарку стаў для мужчыны новым выклікам. Нягледзячы на адносна невялікі тэрмін працы ў прафесіі трактарыста-машыніста, яго вынікі гавораць самі за сябе. Ён хутка асвоіў тонкасці працы, прадэманстраваў высокую прадукцыўнасць і адказны падыход да выканання пастаўленых задач. Яго працавітасць, уважлівасць да дэталяў дазваляюць яму дасягаць высокіх паказчыкаў, якія адзначаюць і калегі, і кіраўніцтва.

Актыўны лад жыцця

Акрамя работы аграрый актыўна захапляецца футболам і валейболам, з дзяцінства прывівае любоў да спорту сыну Руслану. З захапленнем мужчына удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах, але ў горад пераязджаць не імкнецца. Прызнаецца, жыццё ў горадзе ён не ўяўляе, бо ў сельскай мясцовасці яго душа прывыкла да карпатлівай працы на зямлі.
Жыццёвы шлях Гургена Рыгоравіча – гісторыя чалавека, які знайшоў сваё шчасце на беларускай зямлі.

Марыя Тамко.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о