У працяг мерапрыемстваў па шанаванні “тысячнікаў” 22 жніўня разам з прадстаўніком райкама прафсаюза работнікаў АПК Аленай Галеняй мы наведаліся ў ААТ “Агра-Ляскавічы”.

З “САЛОДКАГА” ЖЫЦЦЯ НА ЦЯЖКІ ХЛЕБНа мехдвары гучала музыка: настрой стваралі сабе перад выкананнем спявачкі аўтаклуба з Петрыкава. Сцяг працоўнай славы быў узняты ў гонар перадавіка-тысячніка Дзмітрыя Савіцкага. Перад пачаткам урачыстасці давялося пагутарыць з маладым механізатарам.

З “САЛОДКАГА” ЖЫЦЦЯ НА ЦЯЖКІ ХЛЕБДзмітрый Аляксандравіч паведаміў, што ў Ляскавічах працуе пяць гадоў. Пражывае ў Жыткавіцкім раёне ў вёсцы Дуброва. З жонкай Інэсай выхоўваюць чацвёра дзетак. Дома вялікая гаспадарка, сям’я трымае карову. Паспявае гаспадар і дома дапамагчы, і ў лідары на вытворчасці быць першым.

З “САЛОДКАГА” ЖЫЦЦЯ НА ЦЯЖКІ ХЛЕБУ маладосці не планаваў Дзмітрый быць механізатарам: набыў спецыяльнасць кандытара і працаваў на кандытарскай фабрыцы “Іўкон”. Усё ж жыццё там салодкім не было, заработкі былі невысокія, а сям’ю трэба забяспечваць. Так і пайшоў у сельскую гаспадарку. Ды і жонка працуе даглядчыцай. Цяпер вось у дэкрэтным адпачынку.
Як адзначыў Дзмітрый Савіцкі, жніво сёлета складанае. Але ўраджайнасць значна вышэй за мінулагоднюю. Так што набраць тысячу тон зерня і перасягнуць гэты рубеж было па сілах не толькі яму. Адной пшаніцы Дзіма намалаціў 600 тон. Астатні намалот дабіраў трыцікале, жытам і аўсом.

З “САЛОДКАГА” ЖЫЦЦЯ НА ЦЯЖКІ ХЛЕБ
Шэсць камбайнаў на ўборцы зерня сёлета шчыравалі тут. Даганялі намалот Дзмітрыя Рыгор Сазонаў і Аляксандр Забуцкі. Сам Дзмітрый перасеў ужо на трактар і цяпер заняты на падрыхтоўцы глебы да сяўбы азімых зерневых.
Сёлета ляскаўцы атрымалі вал зерня ў 3213 тон. Наперадзе яшчэ ўборка кукурузы. Дзяржзаказ амаль выканалі, здаюць цяпер апошнія тоны, ды і сабе засталося і на насенне, і на рэалізацыю. Цяпер падрыхтавалі 120 тон азімага трыцікале і 60 тон жыта, каб закласці ў глебу ў бліжэйшы час.
Мы віншуем Дзмітрыя Савіцкага з важкім намалотам, Ганаровай граматай і грашовай прэміяй, што атрымаў механізатар у гэты дзень. Моцнага здароўя і далейшых поспехаў на карысць нашай Петрыкаўшчыны!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о