Изображение 006
Менавіта столькі працуе за “абаранкам” аўтобуса ў “Гомельаблаўтатрансе” Пётр Здаравенка. З іх 19 – на петрыкаўскім аўтапрадпрыемстве. Дагэтуль працаваў у аўтобусным парку №9 горада Рагачова.
– Як зараз памятаю свае першыя дні працы на аўтобусе, – падзяліўся ўспамінамі Пётр Мікалаевіч. – Спачатку, зразумела, быў стажорам. Пасля далі аўтобус “ЛАЗ”. На пачатку працоўнай дзейнасці па нявопытнасці здараліся кур’ёзныя выпадкі, якія ў асноўным тычыліся асаблівасцяў эксплуатацыі аўтобуса. Праз год атрымаў новенькі аўтобус такой жа маркі. Адпрацаваў на ім тры гады, пасля чаго жонка, якая ў мяне родам з Петрыкава, угаварыла пераехаць на яе радзіму. Згадзіўся.
Трэба сказаць, што ўсе гэтыя 19 гадоў Пётр Здаравенка абслугоўвае адзін маршрут “Петрыкаў – Грабаў”. У перапынках паміж адпраўленнем на Грабаў ён яшчэ робіць чатыры рэйсы ў Муляраўку. Па выхадных днях працуе таксама на маршруце ў Пцічы.
– За столькі гадоў працы на адным маршруце па імёнах ведаю сваіх пасажыраў, як і яны мяне. Зразумела, звяртаюцца і з рознымі просьбамі: то таблеткі з горада прывезці, то іншыя тавары. Калі просяць спыніцца каля хаты або падвезці ў горадзе бліжэй да бальніцы – спыняюся і падвожу. Нікому не адмаўляю. Ды і не магу адмовіць, бо большасць маіх пасажыраў сталыя людзі і пенсіянеры, якія нават ледзь да прыпынку даходзяць.
Па спецыяльнасці Пётр Мікалаевіч механік, аднак калі прыйшоў на працу ў петрыкаўскае аўтапрадпрыемства, ад работы па спецыяльнасці адмовіўся, цвёрда вырашыў быць менавіта вадзіцелем пасажырскага аўтобуса. Падабаецца яму гэтая справа, па душы. Як ён сам адзначыў, аўтобуснікам неабходна быць у душы, адна катэгорыя “Д” у вадзіцельскім пасведчанні нічога не значыць.
Сябе ж лічыць аўтобуснікам з нараджэння. Што і пацвярджае сваімі вынікамі і адносінамі да сваёй любімай справы. Што і даказвае штогод. Доказам гэтаму тое, што па выніках работы за мінулы год Пётр Здаравенка быў прызнаны лепшым працаўніком. Прозвішча яго занесена на раённую Дошку гонару.
Абслугоўваннем і рамонтам свайго “ПАЗа” Пётр Мікалаевіч займаецца сам.
– Майму аўтобусу 15 гадоў. Я яго аднавіў літаральна з нуля. Пастаянна сачу за ім, адношуся, як да сябра. Аднак тэхніка ёсць тэхніка, і паломкі тут непазбежныя, у тым ліку і сур’ёзныя, – прызнаўся вадзіцель.
Пётр Здаравенка жанаты, разам з жонкай выхавалі дваіх дзяцей. Дачка яшчэ вучыцца ў Пінску, сын працуе ляснічым у Бялынічах на Магілёўшчыне і з’яўляецца самым маладым ляснічым у рэспубліцы. Да ўсяго Пётр Мікалаевіч разам з жонкай дапамагаюць выхоўваць унукаў. Заўсёды чакаюць іх да сябе з радасцю.
Пажадаем Пятру Здаравенку з нагоды прафесійнага свята моцнага здароўя, аптымізму, добрых дарог і, як кажуць, ні цвіка, ні жэзла!

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о