Изображение 076

У мінулую пятніцу  на базе ААТ “Агра-Слабада” адбылося сапраўднае свята для аграрыяў – раённыя “Зажынкі”. У полі бліз Муляраўкі выстраіліся ў рад упрыгожаныя паветранымі шарыкамі і сцяжкамі камбайны, аўтамабілі і трактары, якія будуць удзельнічаць ва ўборцы хлеба. Камбайнеры ж заўважна хваляваліся. Яшчэ б, ім да-дзены гонар урачыста адкрыць раённае жніво!

Адкрылі свята ўзняццем сцяга Рэспублікі Беларусь механізатары гаспадаркі Андрэй Кісялевіч і Васіль Міцура. З гэтага моманту загучалі віншаванні і пажаданні аграрыям у дастойным завяршэнні ўборачнай кампаніі.

Изображение 011

Як адзначыў у сваім віншавальным слове старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка, сёлета сельгаспрадпрыемствам, каб своечасова і з найменшымі стратамі ўбраць вырашчаны ўраджай, давядзецца нямала папрацаваць. Як ніколі, з-за дажджлівага надвор’я, давядзецца вытрымаць істотную нагрузку зернесушыльнай гаспадарцы, і менавіта ад якаснай яе падрыхтоўкі да жніва залежыць далейшы лёс убранага збожжа.

Изображение 020

– Сёння той дзень, калі падводзяцца вынікі карпатлівай работы, якая пачалася на палях ранняй вясною, калі прырода толькі-толькі пачала абуджацца пасля зімы. І я спадзяюся, што сённяшні дзень будзе днём  поспеху, да якога мы ўсе разам ішлі гэты час.

Жніво – гэта падвядзенне раслінаводчага года. І сёлета, трэба сказаць, каравай на Петрыкаўшчыне будзе.

Хочацца пажадаць працаўнікам сяла моцнага здароўя і каб хапіла энтузіязму і ўпартасці для дастойнага завяршэння жніва ў тэрмін, бо кожны прапушчаны дзень – гэта страта нашага ўраджаю, – падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч.

Сёлета ў раёне па інфармацыі першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалая Місюры, неабходна ўбраць каля 24 тысяч гектараў зерневых і зернебабовых. У жніве прымуць удзел 65 экіпажаў камбайнаў. Сярэдняя нагрузка на адзін камбайн складзе 380 гектараў. Таму сёлетняе жніво чакаецца асабліва “гарачым”.

Павіншаваць аграрыяў з пачаткам уборкі прыйшоў таксама настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы, протаіерэй Васіль Немеш. Айцец Васіль асвяціў на добрае правядзенне жніва хлебаробаў, прысутных і тэхніку і ўрачыста ўручыў старшыні райвыканкама Аляксандру Наўныку ікону “Спарыцельніца хлябоў”.

З нагоды пачатку жніва каравай першага ўраджаю быў ўручаны главе раёна. Па кавалачку традыцыйнага караваю паспрабавалі таксама ўсе прысутныя.

Изображение 045 Изображение 037

Не абыйшлося і без традыцыйнага жытнёвага снапа, які быў зжаты тут жа ў полі і святочна падораны старшыні райвыканкама і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Таксама парадавалі прысутных і герояў будучага жніва любімымі песнямі артысты народнага фальклорнага калектыву “Зарачаначка” Чалюшчавіцкага сельскага Дома народнай творчасці.

Ганаровае права адкрыць жніво-2017 было дадзена дырэктару ААТ “Агра-Слабада” Аляксандру Каляге. Аляксандр Яўстаф’евіч падзякаваў за аказаны давер, які паабяцаў апраўдаць, павіншаваў усіх з гэтым важным для раёна днём і гучна даў каманду: “Экіпажы, па машынах!”.

І паплылі па ніве чарадой, адзін за адным, чырвонабокія караблі-камбайны, збіраючы каласок да каласка, зернятка да зернятка ў агульны раённы каравай. З пачынам, хлебаробы! Здароўя вам, бадзёрасці, энтузіязму і толькі спрыяльных дзён!

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о