Ранак будзённага дня, людзі спешна крочаць на працу. Дзяцей на вуліцах горада ў гэты час сустрэць можна, але зрэдку. Яно і зразумела – школьнікі дачакаліся адпачынку і цяпер многія з іх могуць спаць колькі заўгодна. Але, магчыма, некаторыя з гараджан ужо заўважылі на вуліцах горада падлеткаў з інструментам.

Райжылкамгас сёлета па добрай традыцыі на час летніх канікул па просьбе райкама БРСМ запрасіў школьнікаў старэйшага ўзросту папрацаваць на аб’ектах добраўпарадкавання. Гэтай магчымасцю скарысталіся і вучні СШ № 2 Андрэй Ноўгарадаў і Ілья Грыневіч (на здымку).

IMG_0947

Пазнаёміліся мы з юнакамі на вуліцы Камуністычнай, дзе яны прыбіралі скошаную траву. Андрэй перайшоў у 9 клас, а Ілья – у 10. Хлопцы расказалі, што ў іх брыгаду ўваходзяць дзесяць 14-16-гадовых вучняў з гарадскіх школ. Адзін з сяброў  прыехаў пагасціць у Петрыкаў да бабулі і вырашыў папрацаваць.

Мэты свае хлопцы не ўтойваюць – грошы лішнімі не бываюць. Андрэй прызнаўся, што хоча за лета сабраць на ноўтбук. Дарэчы, гэта першы працоўны вопыт юнакоў. Рэакцыя бацькоў на жаданне дзяцей папрацаваць была станоўчай.

Як паведаміла нам майстар райжылкамгаса Ларыса Жудро, юначая брыгада працуе з 8 да 12 гадзін. Першая група прыступіла да работы 13 чэрвеня і будзе працаваць да канца месяца. Потым набяруць іншых дзяцей. Дзіцячыя брыгады будуць працаваць на працягу ўсяго лета.

Асноўныя віды работ, што даручаюць юным працаўнікам – прыбіранне смецця, скошанай травы, праполванне кветак. Аб’ёмаў, як запэўніла Ларыса Адамаўна, таксама хопіць, гэта і прыдамавыя тэрыторыі, і гарадскі парк. Што тычыцца аплаты, то тут мне адказалі проста: як і летась, ніхто з юных працаўнікоў пакрыўджаны не будзе.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о