Гаспадар разам з жонкай Аленай Васільеўнай сустрэў гасцей у двары свайго дома з палескай гасціннасцю. Не прымусілі доўга стаяць на вуліцы і запрасілі ў дом. Там Мікалай Мітрафанавіч, маёр міліцыі запасу, ахвотна расказаў пра сваю службу.
Звольнены з Узброеных Сіл у 1970 годзе, Мікалай Кудравец быў рэкамендаваны калектывам навасёлкаўскага саўгаса для праходжання службы ў органах унутраных спраў. Пачаў на пасадзе памочніка дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Петрыкаўскага РАУС. Потым быў дзяжурным аператыўна-дзяжурнай службы, следчым, участковым інспектарам міліцыі, старшым участковым інспектарам. Пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі Мікалай Мітрафанавіч аддаў больш за 25 гадоў. Быў сапраўдным “Аніськіным”. Яго ведалі і паважалі жыхары не толькі Камаровіцкага і Навасёлкаўскага сельсаветаў, а і ўсе тыя, з кім яму даводзілася сутыкацца па службе.

З нагоды свята наведалі калегі
43 разы Мікалай Мітрафанавіч узнагароджваўся за бездакорную працу, на працягу 10 гадоў прызнаваўся лепшым участковым інспектарам міліцыі вобласці і рэспублікі.
У сваіх успамінах былы ўчастковы расказаў пра рэзананснае злачынства – забойства прадаўца магазіна ў Грабаве. Раскрыў яго Мікалай Мітрафанавіч за 3 дні.
Адной з самых выніковых дзейсных мер па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў Мікалай Мітрафанавіч назваў накіраванне п’яніц і дармаедаў у лячэбна-працоўны прафілакторый. Бывала, што ён адпраўляў туды па 28 чалавек за год.
Мікалай Кудравец беражліва шануе ўзнагароды, атрыманыя за час службы. Іх ён з задавальненнем паказаў пры сустрэчы.

Больш за 32 гады праслужыў Мікалай Мітрафанавіч у органах унутраных спраў. На заслужаным адпачынку доўга не мог заставацца без справы і быў абраны старшынёй Навасёлкаўскага сельскага Савета. Годна адпрацаваў на гэтай пасадзе 5 гадоў, працягваючы дапамагаць людзям.

Больш за 40 гадоў надзейнай апорай і падтрымкай для ветэрана міліцыі застаецца яго жонка Алена Васільеўна. Нават у час гутаркі дапаўняла яго ўспаміны канкрэтнымі дэталямі. Склалася ўражанне, што без гэтага чалавека не змог бы Мікалай Мітрафанавіч дамагчыся многага ў сваім жыцці. Але дзеля сваёй жонкі ён ахвяраваў кар’ерай – неаднаразова атрымліваў прапановы перайсці на вышэйшую пасаду. Алена Васільеўна не хацела пераязджаць з роднай вёскі. Тут яны выхавалі 4 дзяцей, якія падарылі ім 8 унукаў.

Моцнага здароўя і даўгалецця ўсім пажылым людзям з нагоды мінулага свята. Мы павінны аказваць ім увагу не толькі ў канкрэтныя святы, але на працягу ўсяго жыцця.

Аляксандр БЛІНЕЦ,
намеснік начальніка РАУС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о