Пагалоўе КСУП “Чалюшчавічы” не самае вялікае ў раёне – крыху больш за паўтары тысячы галоў. Але калі ўлічваць, што кармленне яго – справа рук аднаго чалавека, то, здаецца, і нямала.

З моцным жаданнем рабіць справу выдатна

Мікалай Шурпач 26 гадоў працуе ў гаспадарцы механізатарам. Раней быў заняты на палявых работах. Аднак узнікла неабходнасць менавіта на кармленне худобы прызначыць адказнага і акуратнага чалавека. Якім і аказаўся Мікалай Васільевіч.
– Раней то ў полі працаваў, то на раздачы кармоў быў, – немнагаслоўна расказаў пра сваю працу механізатар. – Пасля будаў-ніцтва комплексу толькі на абслугоўванні жывёлы працую. Працоўны дзень – 12 гадзін. Ёсць і некалькі перапынкаў, калі можна заехаць дадому адпачыць і з дамашняй гаспадаркай управіц-ца. Жонка мая таксама працуе ў гаспадарцы – кладаўшчыком, ёй складаней патрапіць на абед дадому. Праца ёсць праца. І калі яе выконваць прадумана, сістэмна і акуратна, то і збояў не будзе, і вынік жаданы прыйдзе.
Механізатар абслугоўвае тры аб’екты – жывёлаводчы комплекс у Чалюшчавічах і дзве фермы – у Залессі і Першай Слабодцы. Штодзень яму даводзіцца раздаваць каля 50 тон кармоў, толькі на комплексе – 30 тон. Зразумела, што і зарплата залежыць ад танажу і кіламетражу, вырабленых за працоўны дзень. Таму і выхадныя ў механізатара здараюцца рэдка. Ды ён і не імкнецца да адпачынку. Бо давядзецца не толькі справу перадаць, няхай нават і на дзень-два, але і тэхніку. А да яе ў Мікалая Васільевіча адносіны асаблівыя.
– Участак у Мікалая Шурпача – найадказны, – упэўнена гаворыць выканаўца абавязкаў дырэктара гаспадаркі Ігар Русак. – Таму і тэхнікай новай яго забяспечылі ў першую чаргу. Летась атрымаў новы трактар. Сёлета – новы кормараздатчык. Гэты агрэгат на яго рахунку ўжо чацвёрты. З такой нагрузкай кормараздатчыкі знашваюцца за два гады, бо працуюць штодзень. І гэта пры такім дасканалым доглядзе, як у Мікалая Васільевіча.
Даволі складана было сустрэцца з Мікалаем Шурпачом у перадвячэрні час, нават дамовіўшыся. Давялося літаральна даганяць яго трактар паміж фермамі. Гэта і не дзіўна, бо нават на злёт перадавікоў, куды кіраўнік гаспадаркі неаднаразова прапанаваў кандыдатуру механізатара, той адмаўляўся ехаць. “Мне трэба карміць худобу. Нікуды я не паеду!” – катэгарычна гаварыў Мікалай Васільевіч.
Апантанасць працай і асаблівая любоў да тэхнікі перадаецца ў сям’і Шурпачоў у спадчыну па мужчынскай лініі. Яшчэ да прызыву ў армію абодва сыны Мікалая Васільевіча працавалі тут на тэхніцы. А цяпер часты госць у іх доме – унучак, які літаральна патрабуе ад дзеда пасядзець у кабіне трактара і панаціскаць на рычагі і кнопкі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о