На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна з 1 па 5 снежня пройдзе рэспубліканская прафілактычная акцыя “Зіма – экзамен для вадзіцеля!”
Мерапрыемства накіравана на спыненне парушэнняў правілаў дарожнага руху ў частцы выкарыстання зімовых шын.
Пра замену летніх шын на зімовыя сказана ўжо так шмат, што нагадваць пра тое, што на летняй гуме ўзімку элементарна слізка, – справа пустая. Кожны аўтамабіліст, які хоць раз апынуўся на галалёдзе, разумее ўсю важнасць своечасовай змены шын. Пры змене шын у абавязковым парадку трэба правяраць развал-сыходжанне колаў на адпаведнасць норме, каб пазбегнуць дачаснага зносу шын і няўстойлівых паводзін аўтамабіля на дарозе.
Пункт 2071 ПДР абвяшчае: “Пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон уключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай вагой да 5 тон павінны быць з зімовымі шынамі. Яны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны адпавядаць патрабаванням часткі другой пункта 25 дадатку 4 ПДР.
Адказнасць за невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын прадугледжана часткай 2 артыкула 18.11 КаАП і цягне накладанне штрафу ў памеры да адной базавай велічыні. У выпадку паўторнага парушэння штраф павялічваецца да 5 базавых велічыняў.
Згодна з пунктам 25 дадатку 4: “Зімовыя шыны механічных транспартных сродкаў, прызначаныя для эксплуатацыі на абледзянелым або заснежаным дарожным пакрыцці, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры яе і адным са знакаў “М+S“, ”M&S“, ”М S“ у час эксплуатацыі на ўказаным пакрыцці маюць рэшткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за 4 міліметры.
Шматгадовая практыка вопытных вадзіцеляў сведчыць пра тое, што правільная ацэнка дарожных умоў, умелае прымяненне прыёмаў кіравання, своечасовы кантроль тэхнічнага стану аўтамабіля і дакладнае выкананне патрабаванняў ПДР дазваляюць упэўнена адчуваць сябе на зімовай дарозе.
Сяргей МІЦУРА,
начальнік АДАІ.
Фота Галіны КАЗАК.








Оставить комментарий