На чарговым пятнічным пасяджэнні райвыканкама разглядаліся тры пытанні. У двух з іх тэмы перакрэсліваліся — “Аб гатоўнасці арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна, да работы ў асенне-зімовы перыяд 2019-2020 гадоў” і “Аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі і спорту Петрыкаўскага раёна да новага 2019-2020 навучальнага года”.
Так, выступаючы са справаздачай па першым пытанні, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзмітрый Прыходзька адзначыў, што па стане на 23 жніўня ў раёне пашпарты гатоўнасці атрымалі з запланаваных 130 спажыўцоў — 104, што склала 80% і 101 крыніца цеплавой энергіі з запланаваных 118 (85%).
Гатовы да ацяпляльнага перыяду аб’екты культуры, адукацыі, аховы здароўя. КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” нарыхтаваў цвёрдых відаў паліва ў поўнай меры, адрамантавана і выпрабавана абсталяванне на кацельнях. Як і раней, выклікае хваляванне ў плане падрыхтоўкі да зімы сельскагаспадарчы сектар. Гэта тычыць не толькі гатоўнасці цеплакрыніц, але і крыніц водазабеспячэння. Менавіта таму асобным радком у праект рашэння было прапісана стопрацэнтнае выкананне да 1 кастрычніка пытання па перадачы сетак водазабеспячэння на баланс райжылкамгаса. Пакуль гэта пытанне “вісіць” па КСУПах “Кашэвічы”, “Грабаў”, ААТ “Курыцічы”, “Агра-Слабада” і іншых.
Варта разабрацца і з жылымі дамамі на вёсках, якія раней былі на балансе аддзела адукацыі. Ад іх адмовіліся даўно, але гэтыя дамы, дзе ў асноўным і да сёння пражываюць настаўнікі, не маюць балансаўтрымальніка. Гэта пытанне старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка даручыў вырашыць да 1 кастрычніка.
Да гэтай даты таксама павінна быць на лінейцы гатоўнасці снегаачышчальная тэхніка і нарыхтавана запланаваная колькасць пясчана-салянай сумесі дарожнай арганізацыяй і камунальнай службай.
Выступаючы па пытанні гатоўнасці аб’ектаў адукацыі да новага навучальнага года начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Сенька паведаміла, што на сёння ў раёне будуць працаваць 46 устаноў адукацыі. Навучанне пройдуць 3194 вучні, для 415 з іх будзе арганізаваны падвоз. Для гэтай мэты ў наяўнасці 10 аўтобусаў і адзін аўтамабіль “Газэль”.
Што датычыць настаўніцкага саставу, то на Петрыкаўшчыне працуе 747 педагогаў. Сёлета педагагічны калектыў папоўніўся трыццаццю маладымі спецыялістамі, 70% з якіх — ураджэнцы нашага раёна. Святлана Уладзіміраўна адзначыла таксама, што сёлета спыняе сваю дзейнасць ДУА “Новагалоўчыцкі дзіцячы сад — базавая школа”.
Шмат было зроблена для падрыхтоўкі аб’ектаў адукацыі да новага навучальнага года. У горадзе, вядома, значыныя сродкі пайшлі на школы і гімназію, дзіцячыя садкі. Таксама на вёсках зроблена нямала гаспадарчым спосабам і з прыцягненнем спонсарскай дапамогі. Тое ж датычыць і спартыўных аб’ектаў. Сёлета абноўленым выглядам будзе сустракаць аматараў спорту не толькі гарадскі стадыён, але і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, на рамонт якой зрасходавана 158 тысяч рублёў і на 21 тысячу закуплены трэнажоры.
Судакладчык па гэтым пытанні, галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі да прыкладу прывёў лічбы па захворваемасці школьнікаў. Са слоў Сяргея Яўгенавіча, рост захворванняў назіраецца менавіта ў дзяцей школьнага ўзросту. Так, больш стала выпадкаў парушэнняў зроку, выправы, захворванняў органаў дыхання і страўніка. Менавіта таму ва ўстановах адукацыі трэба больш увагі надаваць гэтаму пытанню, бо дзеці — наша будучыня.
Пра ход рэалізацыі падпраграмы 3 “Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 годы ў Петрыкаўскім раёне паведамлі галоўны ўрач УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” Сяргей Забажанаў і першы намеснік начальніка РАУС Дзмітрый Белькавец.
Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што на ўліку ва ўрача нарколага знаходзяцца больш за 800 чалавек, якія пакутуюць ад гэтай залежнасці. Сёлета здарыліся чатыры выпадкі са смяротным зыходам ад ужывання алкаголю. Гэта на адзін выпадак менш за аналагічны перыяд мінулага года. Работнікамі аховы здароўя сёлета былі зроблены 425 аглядаў на прадмет выяўлення стану алкагольнага і наркатычнага ап’янення.
Працягваючы гэту тэму, Дзмітрый Рыгоравіч адзначыў, што супрацоўнікі РАУС робяць усё магчымае па спыненні гэтага “біча” нашай сучаснасці. Так, за мінулы перыяд года ліквідаваны 650 літраў самагону. У стане алкагольнага ап’янення было здзейснена за гэты час 2019 года 41 злачынства. У гэтым спісе забойства, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў і іншыя.
Падагульняючы гэту тэму, слова папрасіў пракурор раёна Сяргей Балахонаў. Сяргей Паўлавіч назваў факты, якія спрыяюць здзяйсненню злачыннасці такімі асобамі. Так, маюць месца факты недагляду за абавязанымі асобамі з боку кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый, дзе адпрацоўваюць гэтыя асобы. Няма дысцыпліны і строгасці ў дачыненні да іх, што цягне за сабой расхлябанасць і адчуванне беспакаранасці за здзйсненыя ўчынкі.
Па разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о