З любоўю да зямлі

0
465

З любоўю да зямліІрына Лабада прысвяціла сельскай гаспадарцы 36 гадоў прафесійнага жыцця.

На старонках раённай газеты мы часта расказваем пра землякоў, чыя праца непасрэдна звязана з пульсам сельскай гаспадаркі: трактарыстаў, даярак, свінарак, цялятніц, аграномаў. Іх намаганні бачныя і яны заслужана атрымліваюць сваю долю ўвагі. Аднак ёсць работнікі, чыя праца незаўважна для старонніх, але без якой увесь механізм сельскай гаспадаркі проста спыніўся б. Гераіня нашага матэрыялу – Ірына Лабада, брыгадзір МТФ “Ванюжычы” ААТ “Навасёлкі”.
Родам наша гераіня са Старых Галоўчыц. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе працягнула навучанне ў Гомельскім СПТ-79, выбраўшы спецыяльнасць гальваніка – абарона металу ад карозіі. Практыку па спецыяльнасці праходзіла на радыёзаводзе, а на працу была размеркавана на Гомсельмаш, у цэх тавараў народнага спажывання.

“Сельская гаспадарка – гэта сфера, якая патрабуе ад чалавека не толькі фізічнай сілы і вынослівасці, але і цярпення, здольнасці прыстасоўвацца да розных сітуацый. У такіх умовах, калі кожны адзін за аднаго, калі можна разлічваць на дапамогу і параду, праца становіцца і эфектыўнай і прыемнай”.

З любоўю да зямліУ абласным цэнтры, падчас навучання, адбылася знакавая сустрэча ў яе лёсе: маладая зямлячка пазнаёмілася са студэнтам з Нароўлі, які ў далейшым стаў яе мужам. У Гомелі нарадзілася іх першае дзіця. Гэта быў час, калі сям’я пачала фармавацца і думаць пра месца, дзе хацелася б жыць і выхоўваць дзяцей.
У 1989 годзе на малой радзіме гераіні арганізаваўся калгас “Прагрэс”. Гэта падзея стала паваротным момантам у яе жыцці. Маладая сям’я прыняла рашэнне пераехаць на Петрыкаўшчыну.
–У нас было моцнае жаданне мець сваю зямлю, жыць бліжэй да прыроды, – дзеліцца жанчына. – Я пайшла працаваць на ферму асемянатарам і даяркай, муж – у будаўнічую брыгаду, пазней яшчэ стаў уключаць дойку. Так трыццаць шэсць гадоў і займаемся доглядам буйна рагатай жывёлы.
Час ідзе, і сельская гаспадарка, як і любое іншае прадпрыемства, перажывае свае змены. Рэарганізацыя, далучэнне да ААТ “Навасёлкі” і перавод дойнага статка ў “Ванюжычы” – усё гэта стала новым этапам у жыцці маёй гераіні.
–Усе работнікі прынялі прапанову перайсці працаваць у новую гаспадарку. А чаму і не? “Газэль” дастаўляе нас на ферму і дадому. Умовы для працы, на маю думку, сталі лепшыя, – адзначае гераіня.

На МТФ “Ванюжычы ўтрымліваецца 351 галава, з якіх 162 – маладняк ад 0 да 6 месяцаў, 189 – дойны статак.

З любоўю да зямліІрыне Анатольеўне прапанавалі пасаду брыгадзіра. Канечне, гэта патрабавала большай адказнасці і арганізатарскіх здольнасцей. Але яна згадзілася. У яе жыццё дабавіліся справаздачы, планаванне, сходы, кантроль за працай калег, але жанчына, пры неабходнасці “ўспамінае” і ранейшыя абавязкі.
Гераіня прызнаецца, што каманда на комплексе падабралася не дрэнная. Узаемная падтрымка і дапамога адзін аднаму – заўсёды прысутнічае.
На комплексе працуе дзевяць чалавек. Са слоў брыгадзіра, гэта згуртаваны калектыў, шануюць сваю працу, усе разумеюць, што ад іх намаганняў залежыць не толькі іх уласны дабрабыт, але і дабрабыт іншых.
Ірына Анатольеўна – шчаслівая маці трох дачок. Кацярына, Таццяна, Наталля ўжо дарослыя, жывуць сваім жыццём. Хоць і не пашлі па слядах бацькоў, але таксама выбралі для сябе важныя прафесіі: педагогіку, медыцыну, лясную галіну. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю.
– Для нас самая вялікая радасць, калі дочкі, унукі прыязджаюць да нас, – прызнаецца Ірына Анатольеўна, і дадае, – калі ў сям’і ўсё добра, на працы парадак, то адчуваеш сябе сапраўды шчаслівым чалавекам.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о