Калі б ні прыехаў у КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Пціч”, заўсёды трапляеш у казку: тут аднолькава прыгожа і ўтульна і зімою, і ўлетку. Больш за 25 гадоў таму з’явілася на тэрыторыі раёна гэта ўстанова. Шмат што змянілася з таго часу, аднак для КУП “ДРАЦ “Пціч” усе гэтыя перамены толькі да лепшага.
Таццяна Максіменка, дырэктар ДРАЦ “Пціч” – наш сённяшні суразмоўца. Чым жыве цэнтр, якія планы і перспектывы мае – пра гэта расказала Таццяна Вітальеўна.

З гісторыі ў сучаснасць
– КУП “ДРАЦ “Пціч”, як дзіцячая лячэбна-аздараўленчая ўстанова, было створана на базе санаторыя-прафілакторыя ў 1994 годзе. Мэта стварэння – аздараўленне дзяцей, пражываючых на тэрыторыях, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Першых дзяцей ДРАЦ прыняў у чэрвені, разліковая магутнасць установы была 100 месцаў. На сённяшні дзень, і гэты факт нам прыемна канстатаваць, у заезд на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне ўстанова прымае 320 чалавек. Працягласць заезду – 24 дні.
За 2019 год у цэнтры прайшлі аздараўленне – 4138 дзяцей, з іх на аздараўленні знаходзілася 2667 чалавек, на санаторна-курортным лячэнні – 1471. Як бачыце, лічбы ўнушальныя.

Пра лячэнне, аздараўленне, сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю і вольны час
Наш цэнтр аказвае медыцынскія паслугі па лячэнні органаў дыхання, сістэмы кровазвароту, косна-мышачнай сістэмы, стрававальнай сістэмы, эндакрыннай, мочапалавой, нервовай, а таксама скуры і падскурнай абалонкі. Відавочна, што рэабілітацыйна-аздараўленчая дзейнасць з’яўляецца адным з асноўных накірункаў у рабоце КУП “ДРАЦ “Пціч”. На сённяшні дзень мы ў стане забяспечыць кожнаму дзіцяці індывідуальную праграму санаторна-курортнага лячэння ці аздараўлення, уключаючы мерапрыемствы медыцынскай, педагагічнай і псіхалагічнай накіраванасці. Пры аздараўленні перавага аддаецца немедыкаментозным метадам лячэння.

У цэнтры працуюць: фізіятэрапеўтычны кабінет, які дазваляе праводзіць больш за 25 відаў электра- і святлолячэння, кабінет цеплалячэння, дзе прымяняюцца парафінавыя і азакерытавыя аплікацыі, кабінет водалячэння, кабінеты ручнога і апаратнага масажаў, працуе інгаляторый і кабінет ароматэрапіі з паветрана-бурбалкавай трубкай, кабінет галатэрапіі і іншыя віды медыцынскіх паслуг. Ёсць у нас сучасны стаматалагічны кабінет, добра вядомы і папулярны сярод жыхароў раёна. Набытак мінулага года – кедравая бочка. Упэўнена, што чытачы адчулі і ацанілі ўвесь маштаб паслуг, што мы аказваем.
Важным накірункам санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення з’яўляецца арганізацыя паўнавартаснага збалансаванага харчавання. У нашым цэнтры не давядзецца выбіраць паміж смачным і карысным. Арганізавана шасціразовае лячэбнае харчаванне па двух збалансаваных комплексах з наяўнасцю чатырнаццацідзённых перспектыўных сезонных меню, распрацаваных на летне-восеньскі і зімова-веснавы перыяд. З 2002 года функцыяніруе бювет мінеральнай вады. Па хімічным складзе гэта мінеральная вада лячэбна-сталовая, хларыдная натрыевая, малой мінералізацыі.

Што датычыцца вольнага часу, то ў КУП “ДРАЦ “Пціч” маецца ўсё неабходнае для правядзення цікавага, пазнавальнага і забаўляльнага адпачынку. Актавая зала абсталявана сучаснай светлавой і музычнай апаратурай. Маецца бібліятэка з чытальнай залай і сховішчам, якой мы ганарымся: у нас даволі багаты выбар мастацкай і праграмнай літаратуры. У цэнтры маюцца гульнявы пакой і працуюць гурткі. Ёсць стадыён з футбольным полем, спартыўная зала і басейн. Для кожнай змены адпачываючых мы арганізуем выступленні творчых калектываў і прафесійных артыстаў, пазнавальныя экскурсіі ў горад Петрыкаў, Тураў, Мазыр, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

З клопатам  пра здароўе З клопатам  пра здароўе

Кадры вырашаюць усё
Па стане на 1 студзеня ў цэнтры працуе 179 чалавек. Сярод іх 30% – гэта медыцынскі персанал і 65% – абслугоўваючы. Гэта калектыў аднадумцаў і прафесіяналаў, за што я кожнаму з іх удзячна. Мы робім агульную справу і ў нас гэта добра атрымліваецца.

Пра экспарт паслуг
Папулярнасцю карыстаецца наша арганізацыя і ў расійскіх грамадзян. Так, добрай традыцыяй стала наведванне нашага цэнтра ў перыяд навагодніх свят, а таксама ўлетку. Акрамя гэтага, сумесна з дабрачыннай арганізацыяй “Дапаможам дзецям разам” штогод цэнтр прымае дзяцей-інвалідаў і суправаджаючых валанцёраў з Англіі. Для нас гэта яшчэ і экспарт паслуг, які за 2019 год склаў 40 тысяч 800 долараў ЗША.

Планы і прапановы
У летні перыяд па папярэдняй дамоўленасці з прафсаюзнымі арганізацыямі раёна мы маглі б прымаць на аздараўленне нашых дзетак. Да таго ж у сваёй установе мы можам і рады прыняць на аздараўленчыя працэдуры ўсіх жадаючых. Для гэтага неабходна набыць пуцёўкі ці курсоўкі (без пражывання ў цэнтры) і ў зручны для Вас час атрымаць комплекс тэрапеўтычных паслуг. Пры гэтым не трэба дадаткова заказваць абед – ён уваходзіць у кошт курсоўкі. Мы запрашаем жадаючых прайсці аздараўленчыя працэдуры і адпачыць у нашым цэнтры. Будзем рады сустрэчы з Вамі.
Мы дзякуем Таццяне Вітальеўне за падрабязны аповед пра цэнтр і жадаем установе росквіту, перспектыў і прыбытку.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

 

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о