Петрыкаўскі цэнтр турызму і краязнаўства зноў адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў, каб падарыць незабыўныя ўражанні ад выстаўкі вырабаў з гародніны і садавіны.
На гэты раз галоўнымі героямі сталі юныя краязнаўцы, якія стварылі сапраўдныя шэдэўры з дароў восені.
На выстаўцы можна было ўбачыць каралеў і каралеў садовага царства: элегантную Моркву Прынцэсу і чароўнага Агурка Прынца. Яны, быццам з казкі, прыцягвалі ўвагу сваёй вытанчанасцю і арыгінальнасцю. Але гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы! З простых бульбачак юныя майстры стварылі жыццярадасны карагод сяброўства, які перадаваў атмасферу дружбы і весялосці. А вось качан капусты ператварыўся ў мудрага дзядулю, які, здавалася, мог расказаць шмат цікавых гісторый. Не маглі абысці ўвагай і яркія, сонечныя тыквачкі-сястрычкі, якія дадавалі выстаўцы асаблівага шарму.
Мерапрыемства наведалі выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Малыя з цікавасцю разглядвалі кожную кампазіцыю, здзіўляючыся, як са звычайных гародніны і садавіны можна стварыць такія цудоўныя рэчы. Яны з задавальненнем слухалі апавяданні юных краязнаўцаў пра працэс стварэння, пра тое, якімі ўласцівасцямі валодае кожная расліна. Акрамя таго, дзеці з ахвотай адгадвалі загадкі пра агародніну і садавіну, пашыраючы свае веды пра прыроду. А напрыканцы ўсіх частавалі цёплымі, духмянымі дранікамі – сапраўдным сімвалам беларускай гасціннасці і багацця восеньскага ўраджаю.
Такія мерапрыемствы маюць надзвычай важнае значэнне ў выхаванні дзяцей. Яны не толькі развіваюць творчыя здольнасці і фантазію, але і пакідаюць глыбокі след у душы, фарміруючы любоў і цікавасць да сваёй радзімы, да яе прыроды і традыцый.
Надзея Міцкевіч, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства”.






Оставить комментарий