ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава” адзначыла 60-гадовы юбілей.

Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады, ветэранаў педагагічнай працы, настаўнікаў, выпускнікоў, вучняў школы і іх бацькоў.
Урачыстасць адкрыла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Ходзька, якая павіншавала прысутных з падзеяй, адзначыўшы вялікі ўклад школы ў адукацыю і выхаванне падрастаючага пакалення.

“Другая гарадская школа была і застаецца месцам, дзе запальваюцца іскры ведаў, дзе фарміруюцца характары і закладваецца падмурак будучыні кожнага вучня. Хочацца пажадаць установе далейшага росквіту, новых творчых поспехаў, невычэрпнай энергіі і натхнення. Няхай яна застаецца тым цёплым і гасцінным домам, дзе кожны вучань адчувае сябе патрэбным і любімым”.

У знак падтрымкі і развіцця інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, Наталля Мікалаеўна ўручыла ўстанове адукацыі ад Петрыкаўскага райвыканкама сертыфікат на набыццё мэблі для камп’ютарнага класа (на фота).
Прадстаўнік улады надала ўвагу ветэранам педагагічнай працы і работнікам школы, якія сваёй самаадданай працай унеслі неацэнны ўклад у развіццё ўстановы адукацыі. За шматгадовую працу і адданасць прафесіі лісты Падзякі атрымалі Уладзімір Уладзіміравіч Куцько, Антаніна Фёдараўна Пырко, Ларыса Леанідаўна Купрэй, Сяргей Леанідавіч Пабалелаў, Галіна Пятроўна Грыневіч.
Віншаванні ў той вечар гучалі ад начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Людмілы Жукавец і старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамары Басюк. Выступоўцы падкрэслілі важнасць працы педагогаў і пажадалі далейшых поспехаў у выхаванні падрастаючага пакалення. У якасці падарунка ад аддзела адукацыі райвыканкама ўстанове быў уручаны сертыфікат.
Запамінальным момантам стала ўзнагароджанне Таццяны Серадзюк, Алены Пацярайла, Наны Мчэдлавай, Аксаны Жукавец, педагогаў, якія сваёй шматгадовай і добрасумленнай працай заслужылі павагу калег і любоў вучняў.
Сардэчныя віншаванні і цёплыя словы адрасавала прысутным дырэктар школы Таццяна Зянкевіч. Яе выхад да мікрафону быў сустрэты апладысментамі, што сведчыла пра павагу і давер, якім карыстаецца кіраўнік установы ў вучняў, настаўнікаў і бацькоў.
У сваёй прамове Таццяна Віктараўна звярнулася да ўсіх прысутных з найлепшымі пажаданнямі, адзначыўшы важнасць моманту і значнасць падзеі, якая сабрала разам усю школьную супольнасць. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Верамеева. Таццяна Зянкевіч адзначыла яго неацэнную падтрымку і дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы. У знак удзячнасці і як сімвал багатай гісторыі ўстановы, дырэктар перадала кіраўніку раёна юбілейную кнігу “60 гадоў школе”. Таксама за падтрымку ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы Лісты Падзякі былі ўручаны выпускнікам Уладзіміру Стральчэню, Аляксандру Галоту.
Святочная атмасфера панавала ў зале, калі на сцэну пачалі выходзіць шматлікія госці, каб далучыцца да віншаванняў: кіраўнікі Петрыкаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, дзіцячай школы мастацтваў, выпускнікі розных гадоў.

За 60 гадоў свайго існавання школа выпусціла 3839 вучняў, залатых і сярэбраных медалістаў – 94.
Ва ўстанове адукацыі працуе 17 выпускнікоў, 11 з якіх – педагогі.

Адным з хвалюючых момантаў стала выступленне Ларысы Леанідаўны Купрэй, ветэрана працы, якая шмат гадоў аддала школе. Яе словы, напоўненыя цеплынёй, мудрасцю і любоўю да роднай альма-матар, знайшлі глыбокі водгук у сэрцах усіх прысутных. Яе мудрыя парады і шчырыя пажаданні, звернутыя да цяперашніх настаўнікаў і вучняў, былі прыняты з ўдзячнасцю.

“Сапраўдная любоў да сваёй справы і да сваёй школы не згасае з гадамі, а становіцца яшчэ больш глыбокай і значнай”.

Многія выпускнікі, госці прыйшлі з музычнымі падарункамі, якія сталі выдатным спосабам выказаць сваю падзяку настаўнікам, ушанаваць памяць пра гады, праведзеныя за партамі. Дэманстравалі ў той вечар свае творчыя магчымасці педагогі і вучні другой гарадской школы.
Суботні юбілейны вечар быў прасякнуты атмасферай свята, еднасці і ўзаемнай павагі.
З юбілеем, другая гарадская школа! Няхай і надалей твае гады будуць яркімі і плённымі!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о