Сёлета ў наш раён на першае працоўнае месца прыбылі 4 урача і 8 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу.
Паліклініка раённай бальніцы папоўнілася маладымі ўрачом псіхіятрам-нарколагам і ўрачом агульнай урачэбнай практыкі. Яшчэ два ўрача накіраваны ў Навасёлкаўскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі і Ляскавіцкую ўчастковую бальніцу. Такую інфармацыю паведаміў галоўны ўрач Цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Забажанаў.
Часткова вырашана кадравая праблема з фельчарамі і медыцынскімі сёстрамі. Штат Камаровіцкай і Мышанскай амбулаторый папоўнілі маладыя фельчары. Яшчэ тры такія спецыялісты засталіся ў ЦРБ. Медыцынскія сёстры накіраваны на вакантныя месцы ў аддзяленне анэстэзіялогіі і рэанімацыі, ІІ тэрапію і адзін з дзіцячых садоў горада.

Ёсць умовы - ёсць жаданне працаваць

Малады ўрач агульнай практыкі Юлія Тозік прыехала на Петрыкаўшчыну з Гомеля. Закончыўшы Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт, прайшла інтэрнатуру ў Чонкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Затым была накіравана ў Петрыкаў.
— Адразу было хваляванне, што давядзецца ехаць, як кажуць, на перыферыю, — расказвае малады ўрач. — Але калі за некалькі тыдняў да працаўладкавання наведала Петрыкаў, хваляванне знікла. Прыгожы ціхі горад, аснашчаная і адрамантаваная паліклініка выклікалі жаданне не спяшацца адсюль з’ехаць. Тым больш пашанцавала, што пакінулі працаваць менавіта ў паліклініцы. За час праходжання практыкі і інтэрнатуры давялося пабачыць розныя калектывы і ўстановы аховы здароўя. Магу запэўніць, што такога рамонту не бачыла нідзе, аснашчэнне апаратурай — выдатнае, вузкімі спецыялістамі — лепш, чым у многіх паліклініках Гомеля. А адносіны да нас, маладых спецыялістаў, тут асаблівыя. Сустрэлі прыязна, з намі пагутарылі кіраўніцтва і спецыялісты, з якімі давядзецца цесна працаваць. Прапанавалі дапамогу і падтрымку, нават нумары тэлефонаў далі. З жыллём таксама праблем не ўзнікла, хаця менавіта гэта па-першасці палохала больш за ўсё. Мне прапанавалі пакой у арэнднай пяціпакаёвай кватэры, але я гэта пытанне вырашыла самастойна. Прычым, ЦРБ выказала прапанову выплочваць мне кампенсацыю ў памеры 2 базавых велічынь за з’ём жылля.
Адпрацаваўшы поўных два тыдні і прыняўшы першае “баявое хрышчэнне” дзяжурствам, Юлія Тозік толькі ўмацавала свае станоўчыя ўражанні. Урачы, што прыбылі сюды год-два таму пацвердзілі, што выбар дзяўчыны пры размеркаванні на працу быў правільным. Цяпер у маладога ўрача ўзнікла наступнае жаданне: не расчараваць тых, хто даверыў ёй адказнасць за здароўе людзей.
Сяргей Забажанаў таксама пазначыў, што ўрачы, якія накіраваны ў Навасёлкаўскую і Ляскавіцкую ўстановы забяспечаны асобным добраўпарадкаваных жыллём з выгодамі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о