Гэты год пачаўся добрай навіной: салігорскі футбольны клуб “Шахцёр” вырашыў стварыць у Петрыкаве футбольную каманду. Пра гэта вы, паважаныя чытачы, ужо маглі даведацца ў мінулых нумарах нашай газеты. Сёння мы распавядзем пра аднаго з лідараў мясцовага футбола – ураджэнца Капаткевічаў Уладзіміра Харланава. Дарэчы, згодна са статыстыкай федэрацыі футбола, хлопец у сваёй групе займае чацвёрты радок у пратаколе бамбардзіраў, за-біўшы за чатыры гульні чатыры мячы. Не лішнім будзе адзначыць і яшчэ адну футбольную здольнасць нашага героя – паўабаронца з’яўляецца майстрам выканання вуглавых і штрафных удараў.

Ёсць сілы – бяжы!Уладзімір нарадзіўся ў Капаткевічах. Яго бацькі разумелі, што з энергетыкай сына трэба нешта рабіць, бо яе зашмат, таму ў першым класе запісалі яго на заняткі па футболе. Трэнер Валерый Арыновіч таксама звярнуў увагу на пачаткоўца: маленькі Вова хутка бегаў і лёгка забіваў галы. Бацькам было прапанавана вывесці сына на больш высокі ўзровень.

Паводле слоў першага трэнера, у 14 гадоў наш герой пераязджае ў Мазыр. Цяпер ён жыве без бацькоўскага нагляду ў інтэрнаце, трэніруецца са спартсменамі старэйшага ўзросту і марыць стаць прафесійным футбалістам. Каб ажыццявіць задуманае, Уладзімір пераязджае ў Гомель. Тут ён паступае ва ўнівер-сітэт імя Францыска Скарыны на факультэт фізічнай культуры і паралельна займаецца ў ФК “Гомель”. Праз невялікі прамежак часу становіцца бронзавым і залатым прызёрам Рэспублікі Беларусь дублюючага саставу ФК “Гомель”. За пяць гадоў гульні прафесійныя навыкі адтачыліся, а значыць, можна рухацца далей. Пачынаюцца гульні за мяжой – Уладзімір падпісаў кантракт з эстонскім футбольным клубам.
…Аднойчы раніцай раздаецца тэлефонны званок. Уладзіміра запрашаюць гуляць у ФК “Шахцёр”. Гэта, на жаль, не вышэйшая ліга, але добрая прапанова. Якаснае харчаванне, калегі-аднадумцы, добры заробак і, зразумела, цікавыя гульні. Галоўнае цяпер – сабрацца і паказаць годны вынік.

– Футбол і я – непарыўныя часткі – падзяліўся з намі спартсмен. – Так, я і па сёння мару гуляць у вышэйшай лізе, але пакуль маё месца тут. Паўплываў на мой выбар гуляць менавіта ў камандзе “Шахцёр” той факт, што я родам з гэтых мясцін. У Петрыкаве жывуць мае сябры і яны з задавальненнем прыходзяць на стадыён падтрымаць мяне.
На пытанне, ці ёсць у футбалістаў асаблівыя прыкметы, наш суразмоўца адказаў проста:

Ёсць сілы – бяжы!– Я не з тых, хто звяртае на гэта ўвагу. Але буцы пачынаю апранаць з правай нагі. Мне так спакайней.
Негледзячы на добрыя вынікі – напрацягу распачаўшагася чэмпіянату Уладзімір забіў чатыры галы, чым дапамог клубу заняць першы радок турнірнай табліцы – хлопец застаецца сціплым.

– Хочацца, каб людзі разумелі: перамога – гэта не работа аднаго спартсмена. Гэта работа ўсёй каманды. Так, я паўабаронца, але гэта не значыць, што я знаходжуся ў нейкім прыярытэце адносна іншых футбалістаў. У кажнага з нас свая роля. І трэба добра яе выконваць. Патрэбна шмат працаваць, удасканальваць сваё майстэрства, імкнуцца быць лепшым не за кагосьці, а за сябе. Каб перамагчы, патрэбна верыць у сябе і давяраць тым, хто побач. Усё ўзаемазвязана.

– На сёння мая кар’ера, лічу, пачынаецца. Такія тытаны, што гуляюць у лонданскім ФК “Арсенал” (так, я заўзятар гэтага клуба) паказваюць сапраўдны футбол. Ёсць з каго браць прыклад – гэта ўласна мой погляд.
Наша сфера не мае абмежавання ва ўзросце. Ёсць сілы – бяжы. Апранай форму і будзь гатовы да спаборніцтваў. Сустэнемся на наступных матчах. Сачыце за навінамі.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о