Трохзнакавы лік на ЦТ… Ці не пра яго марыць большасць выпускнікоў, што ставіць перад сабой высокія мэты і ўсімі сіламі імкнецца дасягнуць іх?
Сёлета для выпускніцы гімназіі, сярэбранай медалісткі Анастасіі Какоры, гэта найвышэйшая прыступка іспытаў скарылася – яна атрымала 100-бальны сертыфікат па грамадазнаўстве.
Што стаіць за прыгожым трохзнакавым лікам – пра гэта і пойдзе наша размова з Анастасіяй.

Ёсць мэта – ёсць матывацыяНавіна пра вынік у сто балаў стала для дзяўчыны прыемнай нечаканасцю. Яно і зразумела, нават калі ёсць упэўненасць у добрым веданні прадмета, ёсць і сумненні, што на ЦТ атрымаецца “выдаць” усё напрацаванае: хваляванне, часовыя межы, няўпэўненасць – не лепшыя дарадцы. Аднак для выпускніцы гімназіі, упершыню ў гісторыі навучальнай установы, усё склалася на 100%, а дакладней – на запаветныя 100 балаў.

– Безумоўна, узрадаваліся ўсе: і я, і мае бацькі, і мая настаўніца, – прызнаецца Анастасія. – Усведамленне прыйшло не адразу, аднак эмоцыі былі вельмі моцныя і проста перапаўнялі мяне.

Рыхтавацца да ЦТ па грамадазнаўстве я пачала яшчэ ў 10 класе – у час наведвання школьнага факультатыва. Мой настаўнік па грамадазнаўстве, па сумяшчальніцтве класны кіраўнік, Галіна Туравец настойліва рэкамендавала пачаць рыхтавацца сур’ёзней як мага раней, каб дамагчыся высокага выніку.
Шчыра кажучы, рыхтавацца да ЦТ было не так ужо і цяжка, бо я прывыкла запамінаць вялікія аб’ёмы інфармацыі – на працягу 4 гадоў удзельнічала ў алімпіядзе па гісторыі.

У час падрыхтоўкі да тэсціравання ў мяне была выразная ўстаноўка: толькі 90+. Я добра разумела: каб паступіць на жаданы факультэт, балы неабходна мець не проста высокія, а прадэманстраваць усё, на што здольная. Таму і працавала шмат. Рэгулярна наведвала факультатывы ў гімназіі ў настаўніка рускай мовы Алены Шафран-скай і ў настаўніка англійскай мовы Ірыны Рагалевіч. Дзякуй вялікі настаўнікам за дапамогу, за тое, што заўсёды гатовыя былі растлумачваць цяжкія моманты.

Ёсць мэта – ёсць матывацыяДа таго ж вельмі важна мець мэту, разумець, для чаго вам патрэбен высокі бал. Ёсць мэта – ёсць матывацыя. Мой агульны выніковы бал – 362. Вельмі спадзяюся, што яго мне хопіць для вучобы на бюджэце, – распавядае Анастасія.
Яшчэ ў 8 класе дзяўчына вызначылася з прафесіяй. Рашэнне Анастасіі пайсці на юрыдычны факультэт засталося нязменным і па завяршэнні вучобы ў гімназіі. Сям’я падтрымала выбар дзяўчыны, бо шчыра верыць: з яе атрымаецца добры спецыяліст, да таго ж, мары па-вінны здзяйсняцца.
У чым упэўнена Анастасія, дык гэта ў тым, што высокіх балаў на ЦТ не атрымаеш без грунтоўнай штодзённай падрыхтоўкі.

– Ніякіх адмысловых сакрэтаў паспяховай здачы тэсціравання ў мяне няма, хіба толькі адказны падыход да вывучэння вучэбнага матэрыялу, яго рэгулярнае паўтарэнне, абавязковая прапрацоўка і ліквідацыя ўласных памылак. А яшчэ неабходна ўсвядоміць, што паспяховая здача тэсціравання залежыць не толькі ад атрыманых ведаў. Складана памятаць кожную дробязь і ведаць увесь матэрыял слова ў слова – трэба ўмець разважаць і рабіць правільныя высновы на аснове наяўных ведаў, што, зрэшты, і дапамагло мне на ЦТ, – дзеліцца сакрэтамі ўласнага поспеху Анастасія.

– Ці хвалявалася ў час ЦТ – хіба толькі да таго моманту, як атрымала заданне, бо пасля ўсе думкі былі толькі пра пошук адказу на тэставыя пытанні. Дапамог пазітыўны настрой і цвёрда засвоеныя парады настаўнікаў: спакойна выконваць заданні, не панікаваць, калі нейкі варыянт адказу выклікае сумненні – вярнуцца да яго пазней і яшчэ раз абдумаць.

Абітурыентам 2021 года хачу пажадаць стараннасці і ўдачы!
Цяпер Анастасію, як і тысячы іншых выпускнікоў 2020 года, чакае адказны жыццёвы этап: паступленне ў абраную навучальную ўстанову. Мая суразмоўца прыглядаецца да сталічных ВУЗаў.
Пажадаем ёй і ўсім абітурыентам 2020 года ўдачы!

Галіна КАЗАК.
Фота з сямейнага архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о