У Віктара Равуцкага захаваўся толькі адзін чорна-белы фотаздымак за гады службы ў арміі. Сёння, павялічаны і ўвабраны ў рамку, ён стаіць побач са шматлікімі партрэтамі маленькіх унукаў.

Ён быў першымВыразныя вусны першымі прыцягваюць позірк. Уважлівыя цёмныя вочы глядзяць з-пад прыгожых правільных броваў. Прыгажун у цяльняшцы і заліхвацку ссунутым бярэце на левы бок тады яшчэ не ведаў, што праз пару тыдняў ён будзе глядзець не ў аб’ектыў камеры фотаапарата ў атэлье, а ў вочы смерці праз прыцэл аўтамата.
У армію яго забіралі не з бацькоўскага дома ў Колках, а з Бабруйска, дзе на той час працаваў. Праз паўгода службы ў дэсантнай вучэбцы ў Літве трапіў у Віцебскую гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію. Чаму накіравалі ў дэсантныя войскі? Бо яшчэ да службы ў арміі займаўся ў ДТСААФ скачкамі з парашутам.
– Напрыканцы снежня 1979 года нас паднялі па трывозе, – пачаў узгадваць тыя падзеі Віктар Анатольевіч. – Упершыню за час службы мы ўбачылі надпіс на светлавым табло “Баявая трывога” замест “вучэбная”. Выдалі боепрыпасы, і мы зразумелі, што накіроўваемся за мяжу. Меркавалі, што ў Іран, пра Афганістан тады размоў не ішло. Толькі на аэрадроме ў горадзе Энгельс нам сказалі, што ляцім у Кабул.

Ён быў першымЗ нейкім здранцвеннем у твары, нібы перажываючы наноў, мужчына ўзгадвае першую сустрэчу з Афганам. Двое сутак на непазначаную пасадкавую паласу аэрапорта кожныя 7-10 хвілін прызямляліся самалёты. Адзін садзіцца, салдаты дэсантуюцца, і тут жа, не глушыўшы рухавікі, машына ўздымаецца ў паветра, саступіўшы месца наступнай. Ноч, незнаёмая мясцовасць, толькі вый самалётаў. І раптам – успышка за гарой. Потым яны даведаліся, што за скалу пры пасадцы зачапіўся адзін з ІЛ-76, гружаны тэхнікай. 122 нашыя салдаты загінулі, яшчэ не ступіўшы на афганскую зямлю. Але тады і многія гады пасля пра гэта гаварыць забаранялася, як і пра дату іх высадкі ў Афганістане, многае, што адбывалася там.
Урадам СССР меркавалася, што перакінутыя ў гэту краіну гарнізоны забяспечаць ахову важных аб’ектаў, каб самі афганскія войскі змаглі выступіць супраць апазіцыі, якая на той момант налічвала каля 40 тысяч чалавек. Далей 103-я дэсантная дывізія блакіравала асноўныя ўрадавыя ўстановы, ваенныя і іншыя аб’екты ў Кабуле і Баграме.
Віктар Анатольевіч расказаў, што ім абяцалі, ці можа так толькі супакойвалі салдат, што місія савецкіх войскаў у чужой краіне павінна закончыцца праз месяц. З сабою кожны меў толькі боекамплект. Сухпайком харчаваліся два тыдні. Потым на аэрадроме ў Кабуле, дзе і размяшчаліся іх палаткі, выгрузілі палявыя кухні. Няголеныя, з абсіверанымі тварамі, яны хутка сталі падобныя да мясцовых. Бяда, што да адсутнасці вады для санітарыі звыкнуцца нельга было, па-першасці салдат апанавалі вошы.
Віктар стаў механікам БМД, вазіў камандзіра роты Валерыя Гайдукевіча.
– Потым Валерый Уладзіміравіч нейкі час быў намеснікам міністра ўнутраных спраў Беларусі, – перамяжоўвае ўспаміны з сённяшнімі падзеямі былы воін-афганец. – Напярэдадні сёлетняй гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана даваў інтэрв’ю ў праграме “Наша жыццё”. Летась званіў мне, цікавіўся, прапанаваў звяртацца, калі патрэбна будзе дапамога.
Хлопцу з Палесся была ціка-
вая чужая далёкая краіны. Кажа, што горы, прыгожыя і велічныя, так і не палюбіў. З большай ахвотай ён расказвае пра народ і звычаі той краіны, а не пра вайну, якая і цяпер баліць у целе асколкамі.
– Афганцы – гандляры. Усе, здаецца, хадзілі з латкамі і прадавалі ўсё, што магчыма было збыць. Нас, рускіх, паважалі. Але раней непрададзены тавар пакідалі на вуліцы на ноч, прыкрыўшы дзяружкай, а калі прыйшлі савецкія салдаты, не рызыкавалі, сабіралі і хавалі. Ідзе, здаралася, па вуліцы стары мужчына, а за ім 5-6 жанчын – жонкі, нават вельмі маладзенькія, мяркуючы па рухах, бо закрытыя ад чужых вачэй адзеннем поўнасцю. Жартуючы, кажу сваёй жонцы, што вось там вам, жанчынам, добра жывецца – у полі нельга працаваць. Па-за домам працуюць толькі мужчыны. А жанчынам без суправаджэння мужа ці бацькі ўвогуле нельга на вуліцы бываць. Часам здаралася сустракаць такіх, вайна ж, удовы навокал. Дык яна, угледзеўшы нас, садзілася на кукішкі, прыціснуўшыся да сцяны ці сышоўшы з дарогі. Нам нельга было да іх падыходзіць ці што казаць – харам, забарона. Бо мясцовыя мужчыны, нават што размаўлялі па-руску, бо некалі вучыліся ў Расіі, днём табе паціскалі руку – “шураві”, а ноччу бралі ў рукі зброю, каб забіць нас, “няверных”.
Віктар Равуцкі першым з на-
шага раёна трапіў ў Афганістан, у самыя складаныя ўмовы, без казарм, усялякіх умоў і сувязі. Два месяцы родныя не ведалі, дзе ён. Ім толькі прыйшло пісьмо з віцебскай часці, што знаходзіцца на працяглых вучэннях. Потым дазволілі ў лісце да бацькоў знізу зрабіць прыпіску: “г. Кабул”. І ў бацькоўскім доме пачаліся бясконцыя дні і ночы чакання сына з вайны, малітваў за яго.
– Яшчэ напачатку нашага знаходжання там з кожным з нас асобна гутарылі афіцэры спецслужбаў, – узгадвае мужчына. – Мы толькі прыляцелі, а яны пра кожнага з нас ведалі ўсё. Значыць рыхтавалі нашу дывізію для перамяшчэння ў Афган задоўга да таго, як мы пра тое даведаліся. Адтуль, з аэрадрома, выходзілі на аперацыі па знішчэнні баз праціўніка. Наша задача была – утрымліваць Кабул. Адразу пасля захопу палаца Аміна давялося падняцца на тую гару. На кожным завароце серпанціну на пад’ёме да палаца былі мармуровыя басейны. Гэта выглядала па-дзікунску, бачыўшы беднату насельніцтва.
Былі ў тым ваенным жыцці салдата моманты, калі здавалася, што жывым дадому не вернецца. Асабліва, калі ехаў каля медсанбата, а там у стэлажах стаялі труны – чакалі некага з іх. Яны разумелі, што смерць хадзіла за імі крок у крок.
Не было менш ці больш небяспечных аперацый ці дзён. За кожным камнем мог хавацца душман, стрэліць, забіць салдата, схаваць вінтоўку і далей рабіць выгляд, што ён пасвіць сваіх коз.
У адной з аперацый у правінцыі Газні Віктар Анатольевіч быў цяжка паранены. У канцы верасня было ўварванне душманаў. Наша пяхота пайшла ў горы, а аператар, наводчык і ён на БМД прыкрывалі з дарогі. Адзін са снарадаў мінамёта разарваўся ў лічаных кроках ад іх. Юнак адчуў моцны ўдар і цяпло ва ўсім целе. Адзін з асколкаў прайшоў у міліметры ад пазваночніка. З зоны бою іх, параненых, тэрмінова эвакуіравалі ў Кабул, і там у палатцы палявога шпіталя з пабітага ў сіта цела вымалі кавалкі металу. І сёння тры з іх Віктар Анатольевіч носіць у сабе.
Дэмбель. Двое сутак каля
ўзлётнай паласы яны чакалі самалёт, які прывязе маладую змену. Нарэшце дачакаліся. Па трапе спускаліся светласкурыя спалоханыя хлопчыкі. З камянеючым сэрцам “старыя” усведамлялі, што некаторыя з іх не адсвяткуюць свой дэмбель.
– З Ташкента прыляцелі ў Маскву, Шарамецева-2, – у голасе субяседніка адчуваецца крыўда. – Два кіламетры ад самалёта да аэрапорта мы ішлі пешшу праз строй міліцыі. Навошта? Каб мы не разбегліся? Доўга трымалі ў асобнай зале чакання. Так нас сустрэла тая краіна, што паслала на вайну. Быў пералёт у Віцебск, у нашу дывізію, дзе палявую форму замянілі на іншую, новую, па статуту. І сёння яна вісіць у шафе ў бацькоўскай хаце. Маці гаворыць, што перажыла дзве вайны – Вялікую Айчынную і афганскую. Другую ваявала, калі я ўжо вярнуўся, крычаў па начах, а яна, седзячы побач і трымаючы мяне за руку, баялася нават на хвіліну заплюшчыць вочы.
Цяпер ён жартуе, маўляў, усё ў яго жыцці робіцца за адну ноч. У адну ноч трапіў на вайну, у адну ноч ажаніўся.
Калі завідны прыгажун дэсантнік-афганец з медалём з’явіўся ў вёсцы, Святлана толькі скончыла школу. Каханне было раптоўным. Тады яна не разумела, што яе, дзяўчо яшчэ, чакае ў сямейным жыцці з параненым вайною салдатам. Ды і яго бацькі былі катэгарычна супраць выбару сына – маладая зусім, без адукацыі. Вось так, у адну ноч сабраўшы рэчы, зажылі яны ў пакойчыку інтэрната, што дала ім мясцовая гаспадарка, чым моцна пакрыўдзілі бацькоў Віктара. Нават калі нарадзіўся ў яго сын, не прыйшлі.
Потым неяк заехаў яго бацька. Паглядзеў на ўнука, заплакаў. Затым прыйшла сястра Віктара, за ёй – маці. Цяжка было нявестцы тое перажыць, але сёння ў яе голасе, калі расказвала гэту гісторыю, не было ні кроплі крыўды. Усё мінула.
– Больш дваццаці гадоў муж не курыць і не п’е спіртнога, – Святлана Сцяпанаўна далей вядзе размову пра сямейнае жыццё. – Да гэтага піў, і нямала. Потым стала падводзіць здароўе. Кажа, вырашыў, што нікому мяне не хоча аддаваць, бо з яго ранамі доўга так бы не працяг. Пра тую вайну зусім нічога не расказвае, нават сыну і ўнуку. Калі тыя былі малымі, усё спрабавалі прымяраць яго форму дэсантніка.
Некалькі гадоў таму Віктару Анатольевічу паставілі кардыёстымулятар. Смяецца, маўляў, жалеза ў арганізме мала было, дадалі. Ехаў неяк у Калінкавічах на ўласнай машыне, напэўна, адчуваў сябе не вельмі добра. Пра тое мужчыны не гавораць. Апрытомнеў, калі навокал былі ўрачы. Як потым яму сказалі, сэрца спынілася. Толькі медыкі не змаглі растлумачыць, як потым яно само зноў забілася. Напэўна, не ўсе справы ў жыцці закончыў былы воін-афганец. А можа проста не мог сабе дазволіць Сусвет абяднець на такога жыццялюбівага і ўсмешлівага чалавека.
– Ёсць глыбока ў сэрцы крыўда, – на імгненне усмешка сходзіць з вуснаў мужчыны. – Былі да развалу Саюза ў нас, воінаў-афганцаў, льготы. Раз у год можна было падарожнічаць па ўсім Савецкім Саюзе, плацілі палову кошту па камунальных расходах, былі два дадатковыя тыдні да водпуску. Няма краіны, якая нас паслала ў Афганістан, няма і льготаў, як і ўзнагароды маёй – медаля “За баявыя заслугі”. Таварышы па службе, што жывуць у Расіі, такіх прывілей не пазбавіліся. Некалі лічылася, што год службы ў дэсантных войсках залічваецца за тры гады. А сёння гэты тэрмін не ідзе ў страхавы стаж. Таму і працаваць працягваю. Многа гадоў адслужыў у сельэнерга, працуючы ў родным калгасе. Цяпер – на галоўным вадазаборы на Пцічы, структуры ПМС.
Моцнае салдацкае сяброўства. Пра сустрэчы з сябрамі-аднапалчанамі Віктар Анатольевіч расказваў доўга і з задавальненнем, больш з гумарам і ўсмешкай. На гэтых сустрэчах няма месца ўспамінам пра вайну. Былыя салдаты даўно жывуць у міры і спакоі, з радасцю за ўнукаў і гонарам за дзяцей.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара
і з архіва сям’і Равуцкіх.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о