У нашых лясах лесанарыхтоўчыя работы ўсё часцей здзяйсняюцца з прымяненнем шматаперацыйнай тэхнікі. Аднак праца вальшчыкаў леса не страчвае сваёй актуальнасці, а ў асобных выпадках і ўвогуле з’яўляецца незаменнай. Праца вальшчыка цяжкая, яна па сілах толькі сапраўдным прафесіяналам. Высечка дрэў з высокай дакладнасцю, абрэзка сукоў, камбінаваная раскражоўка, замена цэпу…
Як паведаміў інжынер-лесапатолаг ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Дзяніс Макарэцкі, днямі лесарубы Петрыкаўшчыны на базе Залескага лясніцтва прынялі ўдзел у спаборніцтвах, дзе вызначылі лепшых.

Якасць і бяспека – аснова прафесіі Якасць і бяспека – аснова прафесіі
– Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 19 чалавек, – адзначыў Дзяніс Эдуардавіч. – Ад кіраўніцтва лясгаса з прывітальным словам выступіла галоўны ляснічы Юлія Лазарава. Юлія Адамаўна пажадала поспеху і цудоўных стартаў.
Паказчыкі работы лесарубаў былі ўлічаны кампетэнтнай камісіяй. Было зроблена шмат вымярэнняў. Трэба адзначыць, што вынікі ацэньваліся згодна з міжнароднымі патрабаваннямі.
Пераможцам спаборніцтваў і лепшым у агульным заліку стаў Сяргей Сігай – прадстаўнік Пціцкага лясніцтва. На другой прыступцы апынуўся Дзяніс Радзіёнаў – Залескае лясніцтва. Закрыў тройку пераможцаў Сяргей Старавойтаў – Капаткевіцкае лясніцтва.
Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і дастойнымі грашовымі прэміямі.
Варта адзначыць, што многія ўдзельнікі паказалі цудоўныя вынікі ў асобных намінацыях і таксама атрымалі прызы. Пры гэтым не сталі выключэннем і не засталіся без увагі навічкі. Пад пільным вокам вопытных калег удзел у спаборніцтвах прынялі юніёры. У гэтым статусе лепшым стаў Уладзіслаў Цалка з Лучыцкага лясніцтва. Атрыманы ім вопыт будзе карысны ў будучых стартах.
Спаборніцтвы вальшчыкаў лесу – гэта ўжо добрая традыцыя работнікаў лясной гаспадаркі розных краін. Сёлетні год не стаў выключэннем. Як і раней адзначаны высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў, а атрыманыя ў працэсе барацьбы балы сведчаць пра рост майстэрства вальшчыкаў лесу, немалаважнай часткай работы якіх з’яўляюцца веды і захаванне патрабаванняў бяспекі і аховы працы. Гэта і з’яўляецца галоўнай мэтай такіх мерапрыемстваў.

І. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота Дзяніса МАКАРЭЦКАГА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о