На палетках сельгасарганізацый раёна ўборка кукурузы набірае тэмпы. Ад таго, наколькі арганізавана пройдзе гэтая кампанія, наколькі адказна аднясуцца да работы кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, залежаць, як вядома, зімовыя надоі і прывагі статка.

Днямі карэспандэнт раённай газеты пабываў у аддзяленні “Вялаўск” УП “Палессе-Аграінвест”, дзе паназіраў за працэсам уборкі і закладкі кукурузнай масы.
Варта адзначыць, што “царыца палёў” на мясцовых палетках сёлета ўрадзіла няблага і дае ўраджайнасць больш чым 220 цэнтнераў сіласнай масы з гектара. Гэта нядрэнны паказчык у раённай статыстыцы. Усяго на кукурузных палетках аддзялення “Вялаўск” плануецца нарыхтаваць 10 тысяч тон сіласу. Пры нарыхтоўцы ад тысячы да паўтары тысячы тон у дзень, з улікам нестабільнага вераснёўскага надвор’я, з задачай тут плануюць справіцца ў дзесяцідзённы тэрмін. Так, трэці дзень працы пазначаны закладкай 3-й сіласнай ямы, у якую на момант нашага візіту ўжо звезена 870 тон сіласу. Каля 50-80 гектараў у аддзяленні плануюць пакінуць на зерне.

Якасны сілас – крок да вялікага малака
Уборка “царыцы палёў” ідзе на палетках паміж Майсеявічамі і Вялаўскам. Сіласная траншэя ў Майсеявічах ужо запоўнена, таму адвозілі масу ў суседні Вялаўск. Нарыхтоўка зялёнай масы вядзецца з дапамогай двух КВК, на адвозцы задзейнічана 15-ць адзінак тэхнікі. Нядрэнная ўраджайнасць кукурузы дазваляе хутка запаўняць кузаў трактара здрабнёнай зелянінай. Як зазначыў упраўляючы аддзялення “Вялаўск” Васіль Казачэнка, спрыяе высокаму тэмпу работ і невялікая адлегласць ад кукурузнага поля да месца закладкі сіласу. Таму працэс ідзе без збояў, работы вядуцца ўвесь светлавы дзень, а ён у механізатараў доўжыцца з 7-мі гадзін раніцы да 8-мі вечара.
На здрабненні зялёнай масы на адным з кормаўборачных комплексаў “Ягуар” задзейнічаны Аляксей Клімчык. За дзень механізар зжынае да 35 гектараў кукурузы. Аляксей Іванавіч вопытны механізатар з 20-гадовым стажам. Восьмы год працуе мужчына ва УП “Палессе-Аграінвест”. Кіраўніцтва цэніць работніка за адказнасць і працавітасць, таму і тэхніка яму даверана адна з лепшых. Мужчына давер апраўдвае – паказчыкі працы мае стабільна высокія.
– Хоць напачатку лета кукуруза падавала слабыя на-дзеі, да восені ўсё ж узяла сваё. Будзем з кармамі, – са шчырай усмешкай адзначыў механізатар.
Адзін за адным пад’язджаюць трактарныя прычэпы і напаўняюцца кукурузнай масай. Яўген Піскун – самы малады з вадзіцеляў, што задзейнічаны на адвозцы кукурузнай масы да сіласных траншэй. Яўген з дынастыі механізатараў, бацька яго таксама працаваў у гаспадарцы. 15 гадоў тут ужо працуе і наш герой. Яўген Міхайлавіч з мясцовых, з жонкай і трыма дзецьмі жыве ў Вялаўску, мае ўласны дом і трымае вялікую гаспадарку.
– Работа падабаецца. Колькасць рэйсаў залежыць ад таго, куды возім сіласную масу, – зазначае не надта ахвочы да размоў механізатар.
Разумею: не варта доўгімі размовамі перапыняць працаўнікоў – задачу мехатрад мае сур’ёзную, таму тэмп неабходна трымаць. Адказна і зладжана працуюць механізатары і вадзіцелі на адвозцы. Кожны ведае, што прахалоджвацца няма часу. Пажадаем ім спрыяльных умоў надвор’я і годных паказчыкаў па завяршэнні сезону.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о