З гэтым пытаннем мы звярнуліся да жыхароў і ўраджэнцаў Петрыкаўшчыны

Якія меры засцярогі вы выконваеце ва ўмовах каранавіруса?Ірына Буднік, харэограф:
– Каранавірус сапраўды многіх выкладчыкаў паставіў у тупік. Заняткі дзяцей у калектыве “Экшэн” не праходзяць без кантактаў навучэнцаў адзін з адным, а гэта праца ля станка, у парах. Яшчэ на старце пандэміі я адразу ж адмяніла заняткі ва ўсіх групах, бо лічыла, што здароўе дзяцей важней за ўсё. А патанчыць яшчэ паспеем. У нейкі момант я зразумела, што танцы – гэта таксама загартоўка імунітэту, а ён у наш час ой як патрэбны. Як толькі першая хваля віруса сціхла, гэта было ўжо лета, трэніроўкі мы аднавілі, але са строгім захаваннем усіх мер засцярогі. Як многія паспелі заўважыць, выступалі мы і на значных мерапрыемствах у раёне і вобласці – на “Покліч Палесся”, на педагагічнай канферэнцыі ў Гомелі. Цяпер шчыра веру, што мы пераможам гэтую заразу, трэба захоўваць аптымізм, верачы ў лепшае, і проста ставіцца да свайго здароўя больш адказна.
Асабіста я выконваю ўсе меры засцярогі, не выходжу на вуліцу без маскі, апрацоўваю рукі антысэптыкам.

Якія меры засцярогі вы выконваеце ва ўмовах каранавіруса?Мікалай Літоўкін, магістрант факультэта фізічнай культуры ГДУ імя Ф. Скарыны:
– Я, напэўна, адзін з нямногіх людзей, якія скажуць, што каранавірус мала чым паўплываў на змены ў іх жыцці. Многія з маіх сяброў занепакоеныя хутчэй за ўсё не самой інфекцыяй, а тым, што з-за яе зачынілі многія грамадскія ўстановы, куды можна было б схадзіць адпачыць. Мяне гэты фактар не выбіў з каляіны, бо я і так асабліва нідзе не бываю. Нягледзячы на пандэмію, па міма працы, непахісна працягваю трэніроўкі ў трэнажорнай зале, якая нядоўгі час з-за інфекцыі была малалюднай (як і многія іншыя). Маскі не нашу, бо асаблівай карысці ў іх не бачу. Хіба што нашмат часцей стаў мыць рукі. Працягваю жыць поўным жыццём, умацоўваю імунітэт і захоўваю пазітыўны настрой. Гэтыя тры фактары і лічу асноўнай зброяй супраць інфекцыі.

Якія меры засцярогі вы выконваеце ва ўмовах каранавіруса?Алёна Шаўчук, ураджэнка гарадскога пасёлка Капаткевічы, адміністратар спартыўнага цэнтра:
– Сітуацыя з вірусам вельмі моцна паўплывала на прыватны бізнэс. Я магу пра гэта меркаваць, бо працавала адміністратарам у спартыўнай зале. Тады бізнэсмены перажывалі, мабыць, найгоршыя часы. Ды і цяпер шматлікія ўстановы зачыняюцца. Тыя, хто трымаецца на плаву, эканомяць на ўсім, каб не зачыніць сваю ўстанову. Вельмі шмат спартсменаў перасталі наведваць трэніроўкі, цалкам відавочна, што страх за сваё здароўе перакрэсліў усе іншыя жаданні і патрэбы чалавека ў сферы забаў і фітнэс-заняткаў. Многія перайшлі на анлайн трэніроўкі. Яшчэ тыдзень таму я сядзела за працоўным сталом і маркоцілася ад нуды на працы. А вось мінулы панядзелак не паспявала афармляць чэкі продажу абанементаў у залу. Усё ж такі людзі не могуць доўга сядзець пад замком. Цяпер у нас меры засцярогі як ніколі строгія. Ад кліентаў патрабуем прыходзіць у масках, апрацоўваць рукі антысэптыкам і захоў-ваць дыстанцыю ў зале. Асабіста я дадам да вышэйпералічанага – абавязковы паход у душ адразу ж пасля вяртання ў кватэру або дом з вялікага горада, чай з імбірам і вітаміны.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о