1 кастрычніка ў нашай краіне адначаецца Дзень пажылых людзей. Святкуючы гэтае свята, мы павінны памятаць пра нашых суайчыннікаў сталага ўзросту, падзякаваць ім за шматгадовую працу, уклад у развіццё Петрыкаўшчыны і нават краіны. Днямі мы сустрэліся з жыхарамі нашага рэгіёну, каб запытаць, ці адчуваюць яны свой узрост і як праводзяць вольны час. І вось, што мы пачулі.

Якія магчымасці адкрыла “другая маладосць”?Таццяна Семяніцкая, 60 гадоў.
– Адчуваю сябе на 20 гадоў, ні больш, ні менш. Дзякуючы ўнутранай харызме, кожны дзень захоўваю пазітыўны настрой і ба-дзёрасць. Дапамагаюць мне ў гэтым мае дзеці і ўнукі. Дарэчы, апошніх у мяне 6: 5 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. Год таму пайшла на пенсію, вольны час прысвячаю спевам у ТЦСАН. Двойчы на ты-дзень мы сустракаемся з дзяўчатамі і рэпетыруем. А яшчэ я люблю наведваць лазню – традыцыя пайшла з маленства. У гэтым годзе ажыццявіла сваю мару – пабудавала альтанку, не без дапамогі дзяцей і ўнукаў. Наступная мая мэта – мець лазню асабістую, месца на двары хапае. Зразумела, што летам шмат часу сыходзіць на агарод, трэба агуркоў з памідорамі насадзіць, гарбузоў нарыхтаваць, а пасля запоўніць склеп закаткамі на зіму – такі рытм спрыяе працоўнаму натхненню і нават спакою.

Таццяна Васільеўна скончыла Смятаніцкую сярэднюю школу, некаторы час працавала ў дзіцячым садзе, а пасля завочна паступіла на агранома ў Чырвонабярэжскі тэхнікум. Жыццё мела арыецір на змены, і вось ужо Таццяну з вялікім задавальненнем уладкавалі на пасаду начальніка аддзела па хімізацыі сельскай гаспадаркі.

– У нашым хоры спяваем песню, у якой ёсць наступныя словы “Будзе ўсё ў нас добра”. І, ведаеце, так яно сапраўды будзе. Трэба верыць!

Якія магчымасці адкрыла “другая маладосць”?Анатоль Суботка, 69 гадоў.
– А што гэта за такое свята, дзень пажылога чалавека? Я пра яго не чуў? Хіба ў нас ёсць пажылыя людзі? Я, напрыклад, ведаю толькі людзей, якія сустрэлі сваю “другую маладосць”! Да іх стаўлюся і я. Старасць нас дома не застане.
Рух – гэта жыццё. Рухаешся, значыць, жывеш. Будзеш ляжаць як камень, то і вада пад цябе не пацячэ!
Анатоль Аляксандравіч нарадзіўся ў Калінкавіцкім раёне ў вёсцы Дубнякі. Спецыяльнасць сам не выбіраў. Яна сама яго абрала. Яшчэ ў далёкія 60 гады ён з дзецьмі ставіў маленькія сцэнкі па казках ва ўласным доме.
– Працуючы ў Гомелі на заво-дзе “Гомсельмаш”, я пры Палацы культуры займаўся ў тэатральнай студыі ад Гомельскага драматычнага тэатра. І тут паўстала пытанне: а ці не пайсці мне ў культуру? І вось у 1977 го-дзе я паступіў на завочнае ад-дзяленне Магілёўскага КПУ. Ужо з 1978 года я працую ў Капаткевіцкім ГДК. Праца мне падабаецца. Няма шаблону, а заўсёды нешта новае. Паездкі з канцэртамі, на фестывалі і розныя святы.

Анатоль Аляксандравіч сапраўдны карэспандэнт гарадскога пасёлка Капатке-вічы. Фатаграфуючы падзеі, ён публікуе іх на сваёй старонцы ў сацсетцы “Одноклассники”. Так, фотакартак назбіралася больш за 87 тысяч.
– Пра камеру або добры фотаапарат марыў усё жыццё. На ўласны юбілей, 65- годдзе, купіў сабе камеру “Соні”, якой карыстаюся па гэты дзень. Фатаграфую і здымаю, а ад людзей атрымліваю толькі падзякі. Здаецца, каб не адчуваць узрост, трэба знайсці сабе хобі па душы, тады і жыццё цікавей праходзіць, і настрой адпаведны!

Якія магчымасці адкрыла “другая маладосць”?Зінаіда Савошка, 72 гады.
– Ці адчуваю ўзрост? Здаецца, не. У наступную нядзелю буду адзначаць 73 гады. Адкуль бадзёры настрой і ўсмешка? Па-першае, гэта ў мяне характар такі. А па-другое, здароўе прымусіла. У гадоў 40 пачаліся праблемы з пазваночнікам. Доктар сказаў, што трэба хадзіць. Вось я і хаджу два разы на дзень па аграгарадку Ляскавічы, арганізм павінен рухацца ўвесь дзень. Шпацырую каля 40 хвілін. Прыгожыя ландшафты і свежае паветра робяць сваю справу. Летам заўсёды плаваю. Раніцай – лепш за ўсё. І карысна, і прыгожа вакол.
Зінаіда Уладзіміраўна скончыла завочна педагагічны ўніверсітэт у Мінску і ўсё жыццё працавала настаўніцай біялогіі ў Ляскавіцкай сярэдняй школе. Зараз на пенсіі. Вучні вельмі любілі яе за пазітыў і гучны смех, а яшчэ за актыўны лад жыцця. Жанчына вельмі любіць чытаць, наведвае мясцовую бібліятэку.
– Ці знайшла я сэнс жыцця? Так! Ён у дзецях і ўнуках.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о